У адной менскай газэце былы прэзыдэнт Зьвязу беларускіх габрэйскіх арганізацыяў Леанід Левін зрабіў «адкрыцьцё»: дзяржаўнага антысэмітызму ў Беларусі няма, але «асабісты яшчэ застаўся».

І вызнаюць яго «дэпутаты Касьцян, Навасяд, Фралоў», прычым «спавядаюць яны нелюбоў да габрэяў усюды, дзе б ні знаходзіліся». Пра Касьцяна — размова асобная, але які «антысэмітызм» можна закінуць Навасяду і Фралову, мне незразумела.

Вось вядомыя факты, што тычаць Навасяда: накіраваў запыт у Мінкульт адносна незаконнага разбурэньня сынагогі на Дзімітрава, 3; падпісаў калектыўны ліст у пракуратуру з тае ж нагоды; падпісаў ліст 75 дэпутатаў «палаткі» супраць разбурэньня аб’ектаў беларускай і габрэйскай гісторыка-культурнай спадчыны ў Менску.

Генэрал Фралоў ня толькі падпісаў два згаданыя лісты, але й прыйшоў у суд, каб падтрымаць абаронцаў сынагогі. А ў кастрычніку 2002 г. сп.Фралоў наведаў жалобны мітынг на «Яме», ушанаваўшы памяць габрэяў, якія загінулі ў менскім гета. Ён жа накіраваў, разам зь іншымі дэпутатамі, пратэст супраць юдафобскіх і антымусульманскіх выказваньняў Касьцяна ў сьнежні 2002 г.

Я ня стаў бы марнаваць час на абвяржэньне гэткіх трызьненьняў, аднак для многіх беларусаў Леанід Левін застаецца сымбалем «габрэйскай грамады». Таму — выказваю нязгоду з галаслоўнымі абвінавачаньнямі свайго супляменьніка і пратэст.

Вольф Рубінчык, Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0