Мястэчку Зебiн (афiцыйна пiшуць «Зембiн»), што на скрыжаваньнi шляхоў з Барысава на Плешчанiцы i з Лагойску на Бегам’е, больш за 400 гадоў. У Зебiне ёсьць царква i касьцёл.
Абодва храмы як яшчэ ў вайну былi спаленыя, так i стаялi амаль паўвеку. Абшарпаныя, але велiчныя муры нагадваюць параненага i зьбiтага, але нязломнага духам i моцнай веры хрысьцiянiна апостальскiх часоў. На франтоне касьцёлу захавалася постаць Мацi Божай. З сумам Яна пазiрае ўнiз, на местачкоўцаў, якiя за 12 гадоў так i не аднавiлi анi царквы, анi касьцёлу (хоць спробы i былi).
Сёньня ў касьцёле гараць дымавыя шашкi, чуваць стралянiна: рэжысэр Вячаслаў Нiкiфараў здымае стужку «На безыменнай вышыні». На маю думку, ператварыць храм у такую здымачную пляцоўку — абраза Бога. Гэты выпадак — ня першы. У 1960-я ў Зебiне ўжо здымалi фільм пра вайну — тады танкам пабурылi цэлую сьцяну ў царкве. Ня думаю, што рэжысэр меў рацыю, як і барысаўскiя ўлады, якiя выдавалі дазвол на здымкi.
Арцём Шчэцька, Менск