11 верасьня 2003г.

Плянаваны дэфіцыт бюджэту — 0,5% ад ВУП

Як стала вядома агенцтву БелаПАН з кулюараў парлямэнту, урад плянуе скласьці бюджэт наступнага году з дэфіцытам 0,5% ад валавога ўнутранага прадукту краіны пры зьніжэньні сярэдняе падатковае нагрузкі на 2%. Сёлета дэфіцыт бюджэту складае 1,5%. Магчымы рост цэнаў на газ распрацоўшчыкі ў разьлік ня бралі. Экспэрты лічаць такі малы дэфіцыт нерэалістычным.

Абыходныя шляхі «Газпрому»

«Газпром» можа выкарыстаць канфлікт зь Беларусяй як дадатковую нагоду для будаўніцтва газаправоду па дне Балтыйскага мора ў Нямеччыну. А другую чаргу газаправоду «Ямал — Эўропа», што ідзе празь Беларусь, — адкласьці. Зрабіць гэта дазваляюць і пляны будаўніцтва новага газаправоду з Казахстану праз Украіну да мяжы з Вугоршчынай, па якім патрэбны аб’ём газу будзе трапляць на Захад. Спрыяе і новае расейска-польскае газавае пагадненьне. Раней «Газпром» абавязваўся пракласьці другую галіну газаправоду «Ямал — Эўропа» ў Польшчу да канца 2001 г., а потым абавязацельствы ануляваў. Дэкляруецца толькі, што справа тае інвэстыцыі будзе вырашаная да канца 2004 г. А заплянаваны аб’ём газу пойдзе ў Польшчу іншымі шляхамі.

26016 куфляў

Магілёўскі АБЭЗ затрымаў жыхара Пінску, які перавозіў на аўтамабілі МАЗ 13008 літраў піва расейскай вытворчасьці без суправаджальных дакумэнтаў. Кантрабанда ацэненая ў 33 млн рублёў.

Навінкі Франкфурцкага аўтасалёну

На 60-м міжнародным Франкфурцкім аўтасалёне прэзэнтавана 125 навінак. Барацьба за першае месца ў гольф-клясе разгорнецца між «Фальксвагенам Гольфам V», «Опэлем Астрай» и «Маздай-3». Новы «Гольф» большы за папярэднія мадэлі. Даўжыня павялічылася на 57 мм, шырыня — на 24, а вышыня — на 39. Пасажыры на задніх сядзеньнях маюць 6,5 лішніх сантымэтраў прасторы для ног. «Гольф» мае 6 падушак бясьпекі, 5 падгалоўнікаў, траўмабясьпечныя рулявую калёнку і пэдальны вузел. Трываласьць кузава вырасла на 80%. «Опэль Астра» прапануе пакупнікам прынцыпова новы дызайн і шырокую гаму рухавікоў (ад 80 да 200 к.с.). Козыры «Астры» — шматлікія электронныя «памочнікі кіроўцы».

«Мазда» зрабіла акцэнт на спартовасьці. Пакупнікам прапануюць магутныя высокаабаротныя маторы ў яскравай і стылёвай абалонцы.

Прыхільнікаў «БМВ» важданіна ў гольф-клясе не чапляе: зьявіліся найноўшая «шасьцёрка» і пазадарожнік X3! «Шасьцёрка» «БМВ» будзе каштаваць 110 тыс. даляраў, X3 — 60 тыс.

Кансэрватыўны «Ягуар» прывёз на выставу першы ў гісторыі фірмы сэрыйны «ўнівэрсал» «X-Type Estate». Зьмяніліся лінія даху, дзьверы, бакавыя дэкаратыўныя панэлі, задні бампэр. «Вольва», калега «Ягуару» па фордаўскім цэху, зь вялікай помпай прэзэнтавала новае пакаленьне S40.

Нямеччыне трэба дактары

Дзяжурства ў больніцы — гэта праца, а не адпачынак, абвясьціў у аўторак Эўрапейскі трыбунал, адказваючы на зварот нямецкага лекара. Дагэтуль у Нямеччыне лічылася, што працоўны час мэдыка — гэта хвіліны, патрачаныя на працэдуры, а не на чаканьне ў дзяжурцы. Але доктар падчас дзяжурства ня можа вольна распараджацца сваім часам. Цяпер нямецкім больніцам давядзецца набраць ад 15 да 27 тыс. дактароў, некалькі соцень тысяч мэдсёстраў і санітараў. Невядома, адкуль ва ўмовах пустых фондаў і рэформы нямецкай сыстэмы аховы здароўя ўзяць сродкі, дзе знайсьці патрэбных дактароў. У Нямеччыне толькі сем тысяч беспрацоўных мэдыкаў.

Золата ў цане

Золата наблізілася да 7-гадовага цэнавага максымуму — 382,8 даляра за унцыю. Гэтаму паспрыяла падзеньне амэрыканскай валюты. З пачатку году даляр патаньнеў у параўнаньні з эўра на 6,6%. Цэны на золата, адпаведна, павялічыліся на 9,9%.

СП

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0