Шушкевіч і Кароль шукаюць згоды, Палевікова стварае Дэмакратычную партыю.Зьезд Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады, заплянаваны на 14 верасьня, перанесены на пазьнейшы тэрмін. Старшыня партыі Станіслаў Шушкевіч вырашыў да яго лепш падрыхтавацца — на зьезьдзе мусіла быць перавыбранае кіраўніцтва.

Эпапея з аб’яднаньнем БСДГ і незарэгістраванай Аб’яднанай сацыял-дэмакратычнай партыі цягнулася больш за год. Апошняя так і ня здолела зарэгістравацца. У выніку пра аб’яднаньне ўжо няма гаворкі — прыхільнікі А.Караля мусяць уліцца ў шэрагі Грамады. Менавіта такі варыянт яшчэ летась прапаноўваў Шушкевіч.

Паводле словаў Аляксея Караля, сёлета разам зь ім у БСДГ уступілі больш за 500 чалавек, рыхтуюць заявы яшчэ 50. Зь іх ліку ў Цэнтральную Раду партыі былі кааптаваныя 5 чалавек, зь якіх тры ўвайшлі ў выканкам (Кароль, Знавец і Грыб). Такім чынам, БСДГ павялічылася на чвэрць. Гэта выклікала насьцярогу ў некаторых партыйных старажылаў. Актыўныя каралёўцы, якія засумавалі па легальнай палітыцы, могуць паступова захапіць ключавыя пасады (гэта пацьвердзілі выбары ў мясцовыя саветы, куды прабілася група каралёўцаў). Нават С.Шушкевіч у размове з карэспандэнтам «НН» нэрваваўся: «Што да Караля, дык мне падаецца, што ў чалавека амбіцый крыху больш, чым магчымасьцяў. Ён езьдзіць па ўсім сьвеце і прадстаўляецца як кіраўнік аб’яднанай партыі».

Гарачыя баталіі разгарнуліся ў ідэалягічнай сфэры. «Мы перш за ўсё грамадоўцы, а пасьля ўжо сацыял-дэмакраты», — кажа Станіслаў Шушкевіч. «Грамаду з сацыялізмам зьвязвае толькі назва. Тут больш гістарычнай пераемнасьці, а яе трактуюць як клясычную сацыял-дэмакратычную партыю», — падтрымлівае яго Віктар Сазонаў, старшыня Гарадзенскай абласной арганізацыі. Прыход у партыю новых сяброў, якія маюць іншы погляд на сацыял-дэмакратыю, можа выклікаць палявеньне БСДГ. Гэтага не жадаюць цяперашнія грамадоўцы, многія зь якіх трымаюцца даволі правых поглядаў. Тэарэтык «каралёўцаў» Анатоль Сідарэвіч прапануе ўнесьці зьмены ў статут Грамады, шэраг палажэньняў якога супярэчыць самім прынцыпам сацыял-дэмакратыі. Шушкевіч жа лічыць, што сёньня «ўносіць зьмены ў статут вельмі небясьпечна», ды прыводзіць прыклад Эўропы, дзе «адрозьненьне паміж правымі і левымі вельмі і вельмі малое». Выходзіць — тупік, і пакуль няясна, як апанэнты зь яго выберуцца.

Партыйны зьезд мусіў абмеркаваць палітычны момант і тактыку дзеяньняў у сёньняшняй сытуацыі, пытаньні стаўленьня да выбараў. Мусілі адбыцца й перавыбары кіраўніцтва. Аднак зьезд быў адкладзены. С.Шушкевіч кажа, што зрабіць гэта прапанавалі сябры партыі з Гарадзеншчыны і Гомельшчыны. Магчыма, Шушкевіч проста вырашыў узяць перадышку, каб прыняць правільнае рашэньне ў няпростай сытуацыі.

Тым часам адна з былых лідэрак незарэгістраванай АСДП Валянціна Палевікова разбудоўвае структуры сваёй новай партыі. У чэрвені 2003 г. была заснаваная Беларуская дэмакратычная партыя (БДП), у якую ўлілося жаночае крыло былой АСДП. «У беларускім грамадзтве існуе нэгатыўнае стаўленьне да сацыял-дэмакратыі, — гаворыць Палевікова. — Таму ў назьве нашай партыі «сацыял» зьнікла, засталася адна «дэмакратыя»... Гэта ня чыста жаночы праект: каля траціны сяброў БДП — мужчыны. У размове з карэспандэнтам «НН» В.Палевікова прызналася, што пераканалася ў слушнасьці гэтага кроку. З «двухполай» партыяй працаваць прасьцей. У Палевіковай чатыры намесьнікі: прадпрымальніца Ірына Палядава, альпіністка Ірына Вялянкова, бізнэс-вумэн Алёна Жулега і прафсаюзны дзяяч Станіслаў Каласоўскі. Аднак Мінюст маўчыць і рэгістраваць новую партыю не сьпяшаецца.

Сяргей Ёрш

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0