У хуткім часе пасьля таго, як у Нью-Ёрку зьявілася новая турыстычная адметнасьць — пункт «Зэра», амэрыканцы заснавалі фонд для стварэньня культурных артэфактаў, прысьвечаных 11 верасьня. Адным зь першых заяўку на «finance asistance» прынёс брытанскі рэжысэр Кені Лоач.

Кені Лоач — вядомы ў кінэматаграфічных колах кадзер. Дастаткова прыгадаць яго стужку «Зямля і Свабода» — «Залатая Галіна» Канаў’98. Звычайна Лоач здымае бязвольных ахвяраў капіталізму — беспрацоўных чыгуначнікаў і тарчкоў. Або, наадварот, мужных барацьбітоў з тым самым капіталізмам — трацкістаў і сандыністаў. Нарэшце ён высьпеў для таго, как зрабіць нешта патрыятычнае пра 11 верасьня.

На атрыманы ад янкі грант Лоач зьняў фільм пра падзеі 11 верасьня 1973 г. у Чылі — пераварот, арганізаваны пры ўдзеле адміністрацыі Ніксана.

Ангельскі кіношнік не афэрыст. Без Сант’яга 73-га не было б Нью-Ёрку 2001-га. У Чылі амэрыканцы пахавалі сацыял-лібэральны праект, які ў пэрспэктыве мог стать мадэльлю для залежных краінаў капіталістычнай пэрыфэрыі. Масон Альендэ — кораш Улафа Пальмэ і Франсуа Мітэрана — пра дыктатуру пралетарыяту, новую сэксуальную мараль, забарону буржуазных клясыкаў нават ня марыў. Аб якой «дыктатуры пралетарыяту» можа ісьці мова, калі хаўрусьнікам маеш кампартыю. А тая кіруецца распрацоўкамі брэжнеўскіх ідэолягаў аб «мірным суіснаваньні дзьвюх сыстэмаў».

Чылійскі сoup d’Etat даў штуршок антыамэрыканскаму палітычнаму экстрэмізму ў Трэцім Сьвеце. Нэафітам яго ў хуткім часе стаў сэксуальна заклапочаны студэнт лёнданскага інжынэрна-будаўнічага — Усама бэн Ладэн.

Люстэркавым адбіткам тае антыамэрыканскасьці стаў рынкавы экстрэмізм, які акупаваў беларускую думку пачатку 90-х. Нашы дэмакраты чамусьці лічылі Піначэта ідэальным палітыкам усіх часоў і народаў, бо «ён зьнішчыў камуняк і запусьціў рынкавыя рэформы». Але дзякуючы бацьку, які намагаецца спалучыць рынак і дыктатуру, імідж Піначэта канчаткова пажух. Рынак перастаў быць сынонімам «свабоды» і «дэмакратыі».

Левы дыскурс працягвае рэканкісту — адваёўвае беларускую інтэлектуальную прастору, зь якой яго папрасілі ў 90-я. Сёньня ў правых засталася толькі адна «сакральная карова» — жалезная лэдзі Маргарэт Тэтчэр. Налета прагрэсіўны сьвет будзе сьвяткаваць гадавіну шахцёрскага страйку і катаваньня ірляндзкіх рэспубліканцаў. Паглядзім, што напіша Севярынец.

Лёлік Ушкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0