Да пытаньня пра Люксэмбург, або Труба ў руках і радовішчы ў небе.

Сярод сочынскіх выказваньняў Пуціна два падаюцца ключавымі. Адно зь іх адрасавана беларускаму народу, другое — менскаму кіраўніцтву. Народу Пуцін паабяцаў захаваньне беларускага сувэрэнітэту, падмацаваўшы яго магутным прыкладам Вялікага Герцагства Люксэмбурскага. Для лукашэнкаўцаў да сочынскай сустрэчы была падрыхтаваная больш дзелавая прапанова — беларускі ўдзел у распрацоўцы газавых радовішчаў Сібіру.

«Як мы ведаем, Люксэмбург карыстаўся валютай Бэльгіі, і ад гэтага ягоны сувэрэнітэт не цярпеў», — сказаў Пуцін. Па-першае, гэта не зусім так. Нягледзячы на валютны саюз, грашовая адзінка Люксэмбургу называецца люксэмбурскім франкам, і хоць каштуе ён сапраўды столькі, колькі й бэльгійскі, але люксэмбурскі мае свой дызайн, а Люксэмбург — гарантаваныя правы ў саюзе. Між тым Беларусі прапануецца расейскі рубель і Крэмль на ім. Гэта значыць, не «інтэграцыя з», як у выпадку Люксэмбургу, а «інтэграцыя ў». А пры такіх прапановах да горла беларуса падступае камяк трывожнага досьведу. Бэльгія ж ніколі не акупавала Люксэмбургу. Тады як за 200 гадоў расейскага панаваньня Беларусь была бязжальна скарыстаная Масквой як буфэр і разьменная манэта ў крывавых войнах, што тройчы ставіла беларусаў на мяжу фізычнага вынішчэньня. Я ўжо не кажу пра такія імпэрскія дробязі, як векавая забарона беларускай мовы ці 40 тысячаў расстраляных у Курапатах. Калі б краіне прапаноўвалі эўра, а не рубель, напэўна, у Беларусі менш было б насьцярожанасьці, але рубель, ды ў такой форме…

Гэта не эканамічны, а палітычны канфлікт і не эканамічныя, а палітычныя прапановы. Калі адкінуць усе дробязі — асабістыя амбіцыі мясцовага князька і г.д. — клясычная імпэрыялістычная сытуацыя: вялікая дзяржава выкручвае рукі малой, каб узяць пад кантроль яе багацьці.

У абмен за адмову ад манэтарнага сувэрэнітэту і продаж «Белтрансгазу» па зьніжанай цане лукашэнкаўскім бізнэсоўцам абяцаецца ўдзел у распрацоўцы газавых радовішчаў у Сібіры. Маўляў, спадарыня Жураўкова толькі нядаўна зь Цюмені, дык мілості просім назад. Расея — шчодрая душа, толькі ня мае гатоўкі, каб заплаціць за «Белтрансгаз» адразу?

Нядаўна ў Маскву на даверлівую размову запрашалі лідэраў правае апазыцыі, каб бяз прэсы і публічнасьці пачаць адносіны з чыстага ліста. Апазыцыя паверыла, мусіць, дазволіла сабе шчырасьці і чуласьці. І стужка з запісам гэтых шчырасьцяў кладзецца на стол беларускіх спэцслужбаў. Дайце веры, не Аляксандар Дабравольскі запісаў яе пад сталом. У гэтым — уся сёньняшняя Масква. Яна сьлязам ня верыць, як, зрэшты, даўно ўжо ня верыць і любові.

Толькі добры дурань у Халопенічах паверыць, што ў 2008 годзе Расея сапраўды адмовіцца ад «часовага» расейскага рубля і пяройдзе на «сталы» саюзны. Але трэба быць папраўдзе дабрызным дурнем, каб паверыць у казку пра радовішчы, якімі нашых Жураўковых ды Ваганавых Расея адорыць пасьля пераходу на рубель і продажу «Белтрансгазу». І трэба быць поўным Ванькам-славяназнаўцам, каб думаць, што Масква так ставіцца толькі да апазыцыі, а вось з намі, Ванькамі-славяназнаўцамі, яна абыходзіцца чэсна і па-брацку.

Рызыкну патлумачыць псыхалягічныя прычыны такога абыходжаньня. У Расеі — шавіністычны чад. Дастаткова зірнуць на спэктар перадвыбарчых кааліцый, што рвуцца ў Думу. «Радзіма» з Рагозіным у першай тройцы, «Вялікая Расея — Эўразійскі Саюз» з Барадзіным, ЛДПР з Жырыноўскім, камуністы з Кандраценкам, «Русь», Усерасейскі дзяржаўны саюз… Магчыма, гэта вынік чачэнскае траўмы і з часам мінецца. Расейская палітычная эліта складаецца з нацыяналістаў. А для нацыяналіста слова, дадзенае чалавеку зь іншае супольнасьці, значыць столькі ж, колькі для мафіёзі — дадзенае фраеру.

Беларусы для Расеі — «іншае». Так было, і так будзе. Як палякі.

Ярузэльскі, дарэчы, таксама залежаў ад паставак расейскае нафты й вугалю і таксама душыў апазыцыю. Ён да таго ж насіў тоўстыя акуляры. Гэта ня шкодзіла яму бачыць нацыянальныя інтарэсы Польшчы далей за заўтрашні дзень.

* * *

Недзе зараз павінны стаць зразумелымі прычыны камбінацыі з Навіцкім. Пакуль няма кадравых зьменаў, няма ніякіх зьменаў.

Ключавое пытаньне, якім мучацца нашы дыялектыкі ботаў і анучаў (маю на ўвазе палітыкаў і палітолягаў усіх колераў): а што будзе, калі сапраўды Расея газ... ммм… Беларуская палітыка пачнецца з чыстага ліста. У астатнім жа Захад ня выдасьць, Масква ня зьесьць і неба — г.зн. дэмакратыя і манна нябесная — на зямлю не ўпадзе.

Андрэй Дынько

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0