Паўтара стагодзьдзя таму Ігнат Дамейка адкрыў сьвету Чылі. З тае пары Беларусь мае пэўную долю адказнасьці за ўсё, што там адбываецца.
У верасьні 1973 г. Піначэт зьявіўся на палітычнай сцэне як герой: эканамічная катастрофа, справакаваная сацыялістычным урадам, пагражала разваліць краіну. Несумненны і факт «чылійскага цуду» 1976—81 г. з 6% росту ВУП штогод і ператварэньнем Чылі ў перадавую гаспадарку рэгіёну. Але якім коштам?
Пра левых мы не гаворым. Яны давялі краіну да эканамічнага каляпсу й стану грамадзянскае вайны. Ідзецца якраз пра кансэрватараў, войска і Аўгуста Піначэта. Ці мелі правыя права на ўсталяваньне аўтарытарнае дыктатуры? На расстрэлы? Канцлягеры на стадыёнах? Караваны сьмерці?..
Суд вырашыў, што Піначэт ня можа адказваць за злачынствы. Цяпер 70% чылійцаў лічаць час кіраваньня хунты трагедыяй, 20% — дабром для дзяржавы.
Супраць Піначэта сьведчыць сама кансэрватыўная й хрысьціянска-дэмакратычная ідэя. Калі палітычны лідэр пачынае зьнішчаць бяззбройных апанэнтаў, ён губляе маральнае права называцца правым і робіцца проста дыктатарам. Правыя бяз права — гэта ня справа. Фашызм Мусаліні, нацызм Гітлера й хунта Піначэта — правалы правага руху, якім няма апраўданьня.
Кажуць, Піначэт быў пабожным. Не ўяўляю. Палітычная інквізыцыя, загады забіваць ды катаваць несумяшчальныя з шчырай верай у Ісуса Хрыста.
Беларусі не патрэбны Піначэт.
Дамейка згадзіўся б са мной.
Павал Севярынец