У Беларусі апублікаваная 560‑я кніга Мэтрыкі Вялікага княства Літоўскага, падрыхтаваная да друку супрацоўнікам Інстытуту гісторыі НАН Алегам Дзярновічам.

Кніга ўтрымлівае апісаньне межаў ВКЛ зь Лівоніяй, складзенае ў 1542 г. чыноўнікамі ВКЛ Іванам Глебавічам Корсакам і Янам Кміцічам Сакаловічам. Усе дакумэнты кнігі напісаныя па‑старабеларуску.

Выданьне падрыхтаванае па экзэмпляры кнігі, які захоўваецца ў Расейскім дзяржаўным архіве старажытных актаў у Маскве. Кніга мае падрабязны археаграфічнае і палеаграфічнае апісаньне, навукова‑даведачны апарат. Кнігі Мэтрыкі ВКЛ выдаюцца, акрамя Беларусі, таксама ў Літве, Польшчы, Расеі і Украіне. Пры гэтым правілы выданьня і транслітэрацыі старажытных тэкстаў не уніфікаваныя. Беларускі гісторык вырашыў падчас падрыхтоўкі кнігі да друку захаваць у тэксьце ўсе старажытныя кірылічныя літары, што ўжо выйшлі з ужытку.

У Беларусі вывучэньне кніг Мэтрыкі ВКЛ ажывілася ў 90‑я, калі Нацыянальны гістарычны архіў атрымаў калекцыю мікрафільмаў больш чым 580 кніг. Усаго да 560‑й кнігі беларускія навукоўцы выдалі 16‑ю (яшчэ ў 1928 г.), 28‑ю, 43‑ю, 44‑ю, 46‑ю і 523‑ю кнігі Мэтрыкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?