Ціск Расеі на Беларусь дасягае рэкордных паказчыкаў. Што будзе, калі Лукашэнка пяройдзе апошнюю мяжу і дапусьціць панаваньне расейскага капіталу ў Беларусі?

Якой будзе рэакцыя грамадзтва, войска і сілавых структураў? Карэспандэнт «НН» гутарыць зь Сяргеем Чыславым, афіцэрам запасу, у мінулым — адным зь лідэраў Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў.

«НН»: Як Вы ацэньваеце цяперашнюю сытуацыю?

Сяргей Чыслаў: Аляксандар Лукашэнка трапіў у сваю ж пастку. Усе праблемы — ад ягонай нявызначанасьці. Калі ты сказаў, што будуеш сваю дзяржаву, дык мусіш гэтым займацца. Пара з гэтым вызначацца. Хаця тут ёсьць адна спакуса. Тая ідэалёгія, якую Лукашэнка спрабуе ўводзіць, будзе грунтавацца на ягонай асобе. Гэта сумна і непрыемна. Ідэалёгія павінна будавацца на каштоўнасьцях дзяржавы, нацыі, на патрыятызьме, а не на адданасьці нейкай асобе. У Іраку ідэалёгія была таксама збудаваная на асобе. Але, як толькі цьвік зь сьценкі выцягнулі, усё абрынулася...

«НН»: Ці можа ўзьнікнуць сур’ёзны канфлікт між беларускім і расейскім кіраўніцтвам?

С.Ч.: Сёньня ідзе шантаж з боку Расеі. Нахабны і адкрыты. Таму трэба было адразу, як яны заявілі пра газ, ставіць пытаньне пра транзыт. Расея адчувае сябе ўпэўнена. Праўда, увесь расейскі «эканамічны цуд» грунтуецца на высокіх сусьветных цэнах на нафту. Але амэрыканцы ж не для гэтага бамбілі Ірак. Зараз яны разьбяруцца з нафтай, кошты папаўзуць уніз — і ўсё, цуд скончыцца. Наагул, Расея моцна зьменіцца. Праз два пакаленьні яна перастане быць славянскай краінай, а там недалёка і новая раздробленасьць...

Лукашэнка мусіць сам закончыць свой гістарычны этап, захаваўшы беларускую дзяржаву. Але без канфліктаў не абыдзецца. Дарэчы, якраз на мінулым тыдні ў Менск прыяжджаў астроляг Павал Глоба. Ягоная лекцыя ў Доме афіцэраў была прысьвечаная супрацьстаяньню Марса і таму, што нас чакае ваяўнічая, канфліктная будучыня.

«НН»: Як Вы ставіцеся да меркаваньня, што расейцы ў любы момант могуць прыбраць Лукашэнку сілавым шляхам?

С.Ч.: У Маскве разглядаліся такія варыянты. Але ж наколькі гэта рэальна... І чаго яны даб’юцца? Правядуць выбары і паспрабуюць паставіць свайго чалавека?.. Нядаўна на ўзроўні спэцслужбаў была запушчаная плётка, што можа адбыцца замах на нейкага ўплывовага беларускага чыноўніка і гэта стане падставай для ўвядзеньня надзвычайнага становішча...

«НН»: Калі б здарыўся «гарачы» канфлікт паміж Беларусяй і Расеяй, ці стала б сёньняшняе войска РБ бараніць незалежнасьць?

С.Ч.: Калі канфлікт выйдзе з плоскасьці палітычнай, для Беларусі гэта стане той грамадзянскай вайной, якую мы не закончылі ў 1945-м. Будзе падзел і раскол.

«НН»: І ніякага адзінства?

С.Ч.: Не. Усё будзе вырашацца індывідуальна.

«НН»: Беларускае войска існуе ўжо больш за дзесяцігодзьдзе. І што — у ім нічога не зьмянілася? Усё такое ж савецкае?

С.Ч.: Ніводная сілавая структура за гэты час, па сутнасьці, не зьмянілася. А калі і зьмянілася, дык у горшы бок. Бо адсутнасьць разьвіцьця — гэта ўжо рэгрэс. А ў нас цяпер развальваюць тыя напрацоўкі, якія засталіся з часоў Савецкага Саюзу. Гэта датычыць і КДБ, і МУС.

Беларусы — унікальна ўладапаслухмяная нацыя. Загад ёсьць, начальнікі сказалі — значыць, так трэба. Парадокс, але для таго, каб сёньня будавалася беларуская дзяржава, патрэбны дазвол начальнікаў. Гэта адзінае, чаго нам не хапае. У тым жа войску толькі адзінкі будуць пратэставаць супраць беларусізацыі і напішуць рапарты на звальненьне.

Запісаў Сяргей Ёрш

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0