100 гадоў Натальлі Арсеньневай
Далёка, нібыта ад сонца, ад маці-краіны,
З Малітвай у сэрцы за родны балотны народ
Глядзела ў чужыя нябёсы яна, і ўспаміны,
Нібыта вугольле, нібы акрываўлены лёд,
Душу праціналі наскрозь і ў былое вярталі,
У голад, у холад, у дым непраглядны вайны,
Дзе словы, як кулі, і кулі, як словы, траплялі
І ў сэрцы людзкія, і ў крылы жаданай вясны.
А неба было, як было па-над ціхаю Вільняй,
Глыбокім і сумным, як тыя азёры, зь якіх
Глядзяць нашы продкі сівыя спакойна і пільна,
Хоць часам у нас і ня бачаць нашчадкаў сваіх.
Ёй сонца з-за хмараў здалёку, як маці-краіна,
Душу асьвяціла на міг, а хапіла — на век,
Каб змрочныя думкі расталі, нібыта ільдзіны,
А сонца застыла ў вачах, нібы крыж на царкве.
Гады праляцелі, як травы сухія згарэлі,
Але засталіся Малітва і родны абсяг,
Зь якімі да зорак ляцім і ляцім, як ляцелі,
І сьлёзы, як зоркі, як вершы, кіпяць у вачах...
ВШ