Ня ў нас

Мастак Лявон Тарасэвіч, што з Валілаў на Беласточчыне, у трэці раз стварае мастацкі аб’ект ня ў сьценах галерэяў. Раней ён выходзіў на адкрытае паветра ў Вэнэцыі і Барсэлёне, цяпер — у Познані, на калёнах тамтэйшае опэры, з нагоды 750-годзьдзя гораду. Артысту прапанавалі для «афармленьня» любы будынак у горадзе, ён выбраў Вялікі тэатар, дзеля ягоных калёнаў.

Тарасэвіч намаляваў жоўта-зялёныя пасы на 54 поліхлёрвінілавых колах. Цяпер некалькі дзясяткаў работнікаў адмысловым чынам мантуюць іх на будынку… Для чаго гэта познанцам? Гэта незвычайна і прыгожа, дый жыхары зьвернуць увагу на тое, да чаго прызвычаіліся, пабачаць свой горад дзівосным і больш яго палюбяць. Гэтак тлумачаць кіраўнікі гораду.

Пакуль нельга сабе ўявіць, каб такі праект беларус Тарасэвіч рэалізаваў у Беларусі, на сталічнай Філярмоніі ці дзесьці на Коласаўскім тэатры ў Віцебску. Як нельга сабе ўявіць, каб Міколу Пінігіну аддалі будынак у Верхнім Горадзе пад тэатар, як было абяцана 10 гадоў таму. Або каб вылучылі грошы на канцэрт і майстар-клясы Марыі Гулегінай. Каб хворага Быкава прывезьлі дамоў прэзыдэнцкім самалётам… Чыноўнікі кажуць: гэта заскладана, гэта задорага, дый вы ж разумееце, што зь іх палітычнай пазыцыяй…

Калі б гэтак разважалі нашы продкі, мы б ня мелі ні «Новай зямлі», ні Александроўскай, ні «Песьняроў». Мы б нічога ня мелі.

Андрэй Дынько

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0