Калі пяць гадоў таму старшыня калгасу «Касінскі» грузін Атары Лалуа перажыў інфаркт, дактары параілі яму зьмяніць працу. Сёньня сп.Атары — адзін з пачынальнікаў вясковага турызму ў Беларусі. Каля 200 беларусаў ужо заявілі аб сваім жаданьні займацца вясковым турызмам.

Пасьля хваробы Лалуа збудаваў хату ў вёсцы Панізоўе. «Рабілі ўсё для сябе, для сяброў. Першымі гасьцьмі былі сябры і знаёмыя. Пасьля мы з жонкай падумалі: усё адно ж беспрацоўныя, а ад гасьцей няма адбою. Чаму б на гэтым і не зарабіць?» — расказвае гаспадар.

Яго гатэль на некалькі сем’яў пакуль недабудаваны. Ёсьць толькі лазьня і адзін пакой, але да Новага году будзе гатова ўсё. У хаце пахне сьвежым дрэвам, ніякіх лакаў і фарбаў гаспадар не выкарыстоўвае прынцыпова: няхай усё будзе натуральнае. Інтэр’ер аздабляюць ступка, маслабойка, элемэнты ткацкага станка — зьвёз ад цешчы, якая жыве ў Старых Дарогах. Проста перад домам — рэчка, на беразе дзьве крынічкі, клапатлівымі рукамі прыбраныя, расчышчаныя.

Забавы для гасьцей тут простыя: ровар, грыбы, паляваньне, катаньне на байдарках па быстрай Гайне. Узімку — лыжы, конныя шпацыры па лесе (тут дапаможа сусед, бо ў Лалуа коней няма). Для сувязі ў доме плянуюць усталяваць кампутар з выхадам у Інтэрнэт.

Для аматараў паляваньня тут проста рай. Вядуцца дзікі, алені, лісы. Сам сп.Атары не палюе. Пасьля хваробы стаў шкадаваць зьвяроў: «Ну яшчэ дзіка забіць магу. А раней і зайцоў білі. Цяпер шкадую, што раней іх забіваў». І гэта нягледзячы на тое, што ліса рэгулярна прыходзіць да яго на падворак паласавацца курамі альбо пад’есьці за сабакам Робінам. «Ёй таксама жыць трэба», — кажа гаспадар. Перад самым домам на беразе ракі збудавалі хатку бабры. Атары назірае за імі ў бінокль, увечары ці рана раніцай, калі яны паказваюцца. Радуецца, што бабры зьявіліся, бо іх даўно не было ў рацэ: шмат браканьераў.

З цэнамі за паслугі Лалуа пакуль ня вызначыліся. Атары толькі ведае, што 40—60 грыўняў (16—24 тыс. руб.) у суткі з чалавека каштуе сельскі турызм ва Ўкраіне.

Але перш чым вывешваць цэньнік, трэба прайсьці сэртыфікацыю. Ліцэнзіі на экатурызм у нас пакуль не патрабуецца, нават такога панятку няма ў законе. Але да канца году «заканадаўчую базу» пад яго мусяць падвесьці. Папраўкі ў закон аб турызьме ўжо прынятыя. Іх распрацоўнікі грунтаваліся на заканадаўствах Прыбалтыкі і Польшчы. Там экалягічны турызм не абкладаецца падаткам, калі здаеш ня больш за чатыры пакоі. «Гэта не патрабуе ўкладаньняў ад дзяржавы, але будзе прыносіць прыбытак і спрыяць разьвіцьцю рэгіёну. Турысты, прыехаўшы адпачыць у сельскай сядзібе, прынясуць грошы і раёну. Ва ўсім сьвеце гэта найлепшая магчымасьць прыцягваць грошы ў сельскую мясцовасьць, бо сельгасвытворчасьць стратная», — кажа старшынька Аб’яднаньня агра- і экатурызму Валер’я Кліцунова.

Мо для вёскі Панізоўе энэргія і талент Атарыя Лалуа стануць выратавальным шанцам. Ён зусім не шкадуе, што кінуў працу старшыні. «Ужо б, напэўна, другі інфаркт перажыў, каб застаўся. Я вельмі перажываю, калі што ня так, а ў калгасе шмат маразму». Маразм мы назіраем, вяртаючыся ў Лагойск на гаспадаровым джыпе: на калгасных палетках гарыць салома.

Вераніка Дзядок

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0