Ціха стала навокал. Падазрона ціха. Так бывае толькі тады, калі беларусы зноў сыходзяць у партызаны.

Партызаніць улада: на перамовах з Расеяй спачатку паціскае рукі дарагім гасьцям, а потым крадком падкладае ўсякія гадасьці. Партызаніць апазыцыя: засела ў падпольлі і рыхтуе дывэрсантаў, якія пойдуць ад вясковых акругаў у палатку. Народ дык той увогуле хаваецца ў лес па поўнай праграме: чым мацнейшы эканамічны крызыс і палітычны прэс, тым цішэйшыя шолахі.

Урэшце, надыходзіць глыбокая магільная ціша, якая ў Беларусі мае асабліва злавеснае значэньне.

Куды падзеліся дэманстранты канца 80-х? Рабочыя 1991-га? Мітынгоўцы вясны-96? Усе ў Бэльгію зьехаць не маглі. Большасьць — у бытавой партызанцы.

Сустракаеш знаёмага, які калісьці праломваў міліцэйскія кардоны, ужо з абывацельскай авоськай ці зь дзіцячым вазком, распытваеш, як жыцьцё, — і бачыш гэтыя вочы, затоеныя й дрымучыя, быццам рулі з гушчару. «Дастала ўсё... Нічога ня будзе...» — абыякава кажа беларус і адводзіць погляд убок, каб ты не пасьпеў заўважыць стрэльбы. А ў паветры павісае ясны працяг: «...Але ж хай толькі сунуцца ў лес!»

Беларусаў, якія заселі ў партызанах, вельмі цяжка вывесьці на плошчу або, скажам, кандыдатамі на выбары. Беларус у партызанскім стане маўклівы, нейкі неахайны, нават сонны на першы пагляд. Здранцьвеньне сканчаецца толькі тады, калі пачынаецца сур’ёзная заваруха.

Беларуская ціша мае шмат абліччаў. Беларус хаваецца ў хаце, у кухні, на працы й нават часам у выбарчай скрыні. Узброеныя да зубоў беларусы могуць вельмі ўтульна ўладкавацца ў самых цьмяных, парослых мохам куточках сваёй душы, так што ўсе навокал будуць зьдзіўлена разглядацца: а дзе ж тут хоць бы адзін?!

І цішыня...

Беларуса-партызана за ўсю гісторыю яшчэ не перамагаў ніхто. Пытаньне ў іншым: акупацыя пры беларускай партызанцы здольная трываць бясконца доўга.

Праўда, можа атрымацца і як у тым анэкдоце. Выходзіш зь лесу: «Мужыкі, немцы ўжо сышлі?». А вайна ўжо гадоў пяць як скончылася.

Павал Севярынец, лідэр незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0