Прамова галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» на цырымоніі ўручэньня прэміі імя Ганны Эленбоген

Шаноўныя сябры!

Атрымаць гэтую прэмію — вялікі гонар. Падвойны гонар — атрымаць яе з рук Вацлава Гаўла, чалавека, які быў прыкладам маральных паводзінаў для тых людзей, што аднавілі выхад «Нашай Нівы», і мільёнаў жыхароў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы.

Калі мне прыйшло электроннае паведамленьне, што Вацлаў Гавал, узнагароджаны Міжнароднай грамадзянскай прэміяй імя Ганны Эленбоген за 2003 год, вырашыў перадаць яе «Нашай Ніве», я спачатку не паверыў. У лісьце заманліва прапаноўвалася: «Калі ласка, дайце знаць як найхутчэй, ці Вы згодныя атрымаць гэтую прэмію. Прыехаць у Прагу можна будзе пасьля. Усе падрабязнасьці глядзіце ў далучаным файле».

Я падумаў, што мне прыйшоў чарговы кампутарны вірус, такі сабе пэрсаналізаваны, які можа разбурыць мой кампутар. От халера, падумаў сабе я, да чаго ж асабісты ў іх падыход. І выдаліў гэты ліст, не адкрываючы. Толькі на наступны дзень, атрымаўшы віншаваньні ад маіх чэскіх прыяцеляў, я зразумеў, што ўсё гэта сур’ёзна, вельмі сур’ёзна, і дужа прыемна.

Усё гэта сьмешна, але наколькі ж гэта тыпова для беларускай сытуацыі. Беларусы пачуваюцца забытымі, яны не чакаюць ніякай дапамогі з Эўропы. Старая гісторыя, якую Мілан Кундэра ў свой час назваў трагедыяй Цэнтральнай Эўропы. Змагаючыся за сваю культуру, дэмакратыю і незалежнасьць, мае сябры мяркуюць, што яны змагаюцца за Эўропу, і шмат хто зь іх гатовы аддаць сваё жыцьцё за Беларусь і Эўропу. Між тым Эўропа пазірае на краіну-аўтсайдэра з амаль непрыхаванай абыякавасьцю.

Прэмія перадаецца «Нашай Ніве», але гэтая прэмія — усёй беларускай незалежнай прэсе, існым і зачыненым газэтам і радыё. Яна таксама ёсьць данінай павагі ўсяму беларускаму нацыянальнаму руху, такому спозьненаму і такому высакароднаму, так горача закаханаму ў свабоду і ў Эўропу.

У 1990-я Беларусь устала перад неабходнасьцю пабудовы дзяржавы і нацыі, дэмакратыі і рынкавай эканомікі адначасова. Зашмат выклікаў для такой маладой краіны, пераляканай Чарнобылем. У выніку ў краіне ўсталявалася постсавецкая аўтакратыя.

Я прымаю гэтую прэмію як праяву веры ў Беларусь, веры ў беларускую дэмакратычную апазыцыю. Прэмія ўручаецца ў момант, калі маю веру, веру маіх сяброў, веру іншых людзей у Беларусь і яе свабоду выпрабоўвае і, бывае, ламае цяжар сумневаў, паразаў і паняверкі. Дзякуй вам за Вашу веру, спадару Гавал.

Прага, 17 кастрычніка

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0