Даўно тое было, а здаецца, як учора. У 1988-м. Апазыцыя рыхтавалася адзначыць забытыя Дзяды. Гэта насьцярожыла ўладу. Сьвяткаваньне не ўваходзіла ў яе пляны, у яе паняцьці. Тым ня менш, падзея насьпявала.Дзесьці гадзін у дзевяць-дзесяць зазваніў тэлефон. Я ўзяў слухаўку. На дроце быў Зянон Пазьняк. Папытаўся, што робіцца за маім акном. Я не зусім зразумеў пытаньне — што павінна рабіцца за маімі вокнамі? А яны якраз глядзелі на пляц з садам перад Усходнімі могілкамі. Я зірнуў, але нічога асаблівага не заўважыў.

— А што павінна быць?

— Ды мо танкі нагналі? Міліцыі?

Танкі? Чаго танкі? Такога ў нашай краіне ня можа быць. Я тады, дый ня толькі я, а шмат хто, быў наіўны. У нашай краіне, у Беларусі, ня можа такога быць!..

Пасьля гаворкі па тэлефоне Зянон завітаў да мяне на кватэру, трошкі пасядзеў і сказаў: «Сёньня тут пачнецца вялікая канфрантацыя. Яе трэба зьняць на стужку. Але здымаць будзе забаронена. А зьняць край трэба. Трэба, каб ты прытуліў апэратараў — маскоўскіх, замежных, дазволіў ім здымаць праз вокны сваёй кватэры».

Сказаў гэтак і сам пайшоў у вір падзеяў, якія неўзабаве разгорнуцца імкліва, нязвыкла і нечакана. Хвілін праз колькі пасьля Пазьняка ў маю кватэру завіталі ці то два, ці то тры тэлеапэратары з камэрамі, пачалі прыкідваць, зь якіх кропак ім будзе лацьвей здымаць. А тым часам да Ўсходніх могілак пачаў зьбірацца люд. Я затрывожыўся, захваляваўся. Падзея пачала разрастацца ў сапраўдны канфлікт. Я, працаўнік дзяржаўнага тэлебачаньня, сам таго не жадаючы, уцягваўся ў гэты канфлікт. Няцяжка было вылічыць, адкуль вяліся здымкі, і мне было б бяды. Я, засьцерагаючы сваю сям’ю і кватэру ад непажаданых наступстваў, прапанаваў апэратарам перайсьці на аглядную пляцоўку на шаснаццатым паверсе. З гэтай пляцоўкі і напраўду было зручна весьці здымкі агляднай панарамай — ня тое што адно па вэртыкалі зь лёджыі. Але пра гэтую пляцоўку падумала і ўлада. Яна паставіла там сваіх службоўцаў, якія сказалі нам: «Сюда нельзя!» Мы мусілі вярнуцца ў маю кватэру. Але што кватэра! На пляцоўках перад Усходнімі могілкамі разгортвалася адна падзея за другой: некага ўжо хапалі, цягнулі ў машыны, аўтобусы. То я з сваімі дзецьмі і ўнукамі з хаты падаўся ў вір тых падзеяў. Вось ужо нейкія гіцалі чэпяцца да Зянона, спрабуюць валачы яго кудысь, але людзі бароняць. Запомнілася: Зянона бараніла колішняя настаўніца роднай мовы, цяжка хворая Еўдакія Мацюш. Яна якогась гвалтаўніка міліцэйскага адцягвала ад Зянона за валасы.

Усе былі ўзрушаныя, хадзілі і шукалі падтрымкі адзін у аднаго: «Хіба так можна? Людзі прыйшлі на могілкі, сёньня ж Дзяды…»

Не пасьпелі Зянона вырваць ад хапуна, як ужо мастака Аляксея Марачкіна павалаклі-пацягнулі ў аўтобус… Майму абурэньню не было мяжы! Я штось казаў, заклікаў валачэнцаў да розуму, да одуму, але нічога не дапамагала. Назаўтра ўсюды толькі і было гаворкі пра гэтыя Дзяды. Я расказаў пра ўсё, што рабілася перад маім домам, свайму галоўнаму рэдактару Паўлу Шаўчуку. Той неўзабаве напісаў дасьціпную задзірыстую паэму «Нарабілася бяды ў нядзельку на Дзяды». У ёй былі і такія радкі:

Круцяць Марачкіну рукі,

Мартыненку б’юць пад дых.

Плачуць Содалевы ўнукі —

Пашкадуйце хоць малых…

Я і напраўду ў той дзень быў неразлучны зь пяцігадовым унучкам Кастусём. Пасьля мне перадавалі: на якімсь партактыве абмяркоўвалі падзеі Дзядоў, дык згадвалі там і мяне, усур’ёз казалі: «А Содаль, каб ня быць арыштаваным, прыкрыўся малымі дзецьмі!» Прыкра гэта было тады чуць, прыкра ўспамінаць гэта і цяпер: за што мяне было арыштоўваць? Я ж быў на сваім падворку.

На тых Дзядах шмат хто быў затрыманы. Ня памятаю ўжо, як — ці позваю, ці сам — хадзіў у пракуратуру бараніць Марачкіна. Пратакол з маіх паказаньняў аформілі па-расейску. Я з гэтым не пагадзіўся, і калі мне прапанавалі падпісаць той пратакол, узяў і напісаў на ім: «Паказаньні даваў на беларускай мове, а гэта толькі іх пераказ». І расьпісаўся. Сьледчы нічога не сказаў, толькі паглядзеў на мяне неяк зьдзіўлена: бач, сам просіцца на ражон! Пачакай, пакажам мы табе яшчэ тваю беларускую мову! Ну а пакуль ідзі!

На тыя Дзяды мая гаспадыня вярталася з адпачынку з поўдня. І ніяк не магла дабрацца дадому — усё навакольле было ачэплена міліцыяй. З вакзалу дабіралася паўдня. Нідзе не прапускалі. А калі дабралася, зьдзіўлена спыталася: «Што тут у вас было?» І давялося ёй распавесьці, як круцілі Марачкіну рукі і Мартыненку білі пад дых. Мая нявестка, якая ў той дзень была разам з мною, сказала: «Каб ня ўбачыла ўсё гэта сама, ніколі б не паверыла. Падумала б, перабольшваеце!»

З восені 1988 г. Дзяды ў Беларусі сталіся днём памяці найперш тых, хто без аглядкі паклаў сваё жыцьцё на алтар Незалежнасьці. А іх у нас не адна тысяча. Гэта і Каліноўскі, і Багушэвіч, Насовіч, Уласаў, Ластоўскі, Луцкевічы, Жылуновіч, Чарвякоў… І, вядома ж, усе нашы паэты і літаратары. Зь імі мы сіла і моц. Яна нашы карані.

Да іх мы найперш ішлі і ходзім на свае Дзяды. То які ж трэба мець дрымотна закарэлы розум, каб у гэты дзень выстаўляць вайсковую і міліцэйную раць. Казалі людзі, што лясок цераз шашу насупраць могілак аж кішэў ад вайскоўцаў і міліцыянтаў на Дзяды 1988 году.

Навошта? Дзеля чаго?

Гэтыя пытаньні і да сёньня для нас надзённыя. Пра гэта гавораць і Курапаты, і ліквідацыя Коласавага ліцэю, і закрыцьцё беларускіх газэт, і падмена нашай мовы на так званым Беларускім тэлебачаньні… І пералік гэты можна доўжыць і доўжыць.

От мы з гэтым і ходзім да сваіх дзядоў, распавядаем ім пра наша жыцьцё, просім падтрымкі. На іхніх могілках прысягаем, што будзем трымацца і надалей іхніх традыцыяў, ні на цалю ня здрадзім, не адступімся ад іхніх здабыткаў, набыткаў, ідэяў…

У гэтым і моц нашых Дзядоў. Гэта павінны зразумець і ўладныя структуры, не супрацьстаяць актывістам, а разам зь імі, разам з усім народам ісьці да сваіх продкаў і каяцца перад імі за свае грахі, за сваё невуцтва.

Уладзімер Содаль

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0