Нават калі заўтра высьветліцца, што пурытанін Севярынец піша сваю калёнку пад траўкай, а Шушкевіч — сталы падпісчык сайту www.porno.ru, беларускі нацыяналізм усё адно захавае шанец перамагчы.

Як палітычны рух ён будзе прырэчаны, калі згубіць сацыяльны падтэкст і ператворыцца ў гербарый культуралягічных экспанатаў. Гісторыя ня ведае аніводнай мадэлі масавага нацыянал-вызвольнага руху, які б ня меў сацыяльных лёзунгаў. Нават правая «Салідарнасьць» забавязана сваім нараджэньнем росту цэнаў на кракаўскую кілбасу.

У гэтым пляне беларускі нацыяналізм стаіць адной нагой у магіле. Першая заканадаўчая ініцыятыва апазыцыі ў палаце прадстаўнікоў, распрацаваная АГП і фракцыяй «Рэспубліка», — праект бюджэту на 2004 г. — адна з самых рэакцыйных фіскальных ініцыятываў, якія ведаў сьвет. Яго differencia specifiсa — татальнае скарачэньне дапамогі нерэнтабэльным прадпрыемствам, сельскай гаспадарцы і рэгрэсіўная шкала падаткаў.

Чаму сябры АГП трымаюць Лукашэнку за ідыёта? Відавочна, што дзяржаўныя мэдыі данясуць да кожнага працоўнага МАЗу, што апазыцыянэры мараць пакінуць буйныя прадпрыемствы без дапамогі. Няўжо рабацяга, пачуўшы пра тое, што ў яго з заробку вылічаць у адсотках болей, чым у дырэктара, выйдзе на акцыю «Так жыць нельга!»?

А хто ўвогуле пасьля гэтага будзе хадзіць на апазыцыйныя маніфэстацыі? Магчыма, self-made-мэны і вумэны — клеркі, банкіры, дырэктарат, каб нагнаць апэтыт перад візытам у рэстаран сушы, будуць мачыцца з АМОНам і ствараць ланцуг нераўнадушных аўтааматараў апошняй мадэлі «фальксвагену»?..

Добра, скажа чытач. А ў чым альтэрнатыва рынкавым фантасмагорыям АГП? Людзям падавай матэматычна-эканамічную функцыю спажывецкага попыту. Функцыя, якая прайшла іспыт часам, — дыяграма Венечкі Ерафеева. Калі памятаеце, герой раману «Масква—Петушкі» фіксаваў спажывецкі попыт сяброў сваей брыгады, адкладваючы на Х дні месяца, а на Y — колькасьць выпітага алькаголю ў грамах:

Вось яна, графічная квінтэсэнцыя welfare state. Чалавек, не ператвараючыся ў Габсэка або Шэйлака, застаецца самім сабой. Без напругаў можа дазволіць сабе поўбатла на працы, і вечарам пасядзець, і раз на тыдзень, набыўшы дзьве кубанскай, дзьве чацьвяртушкі «Расейскай», па пузыры чырвонага і ружовага ды два бутэрброды, паехаць да каханкі за горад.

Лёлік Ушкін,левы тусоўшчык

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0