30 кастрычніка 2003 г.

Менскі абутак патаньнее

Менскі гарсавет адмяніў 5%-ны падатак з продажу абутку, вырабленага ў сталіцы. Зьніжэньне цаны ў сярэднім складзе 5 тыс. рублёў на пару. А імпартны абутак падаражэе на 15% за кошт павелічэньня падатку на яго рэалізацыю. Апошнім часам на складах вытворчасьцяў, што ўзьніклі на базе былое фабрыкі «Прамень», назапасілася больш за 1,5 млн пар нерэалізаванага абутку.

Барысаў ліквідуе шапікі

Барысаўскія ўлады абавязалі прадпрымальнікаў зьнесьці шапікі да 1 лістапада. Гарвыканкам зьбіраецца, як і ў Менску, замяніць шапікі на павільёны з гандлёвымі залямі. Павільён каштуе 5 тыс. даляраў.

1000-ы нумар «Витебского курьера»

28 кастрычніка ў Віцебску выйшаў тысячны нумар недзяржаўнага «Витебского курьера», аднаго з найбуйнейшых рэгіянальных выданьняў.

«Google» ідзе на біржу

Адзіны сусьветны інтэрнэт-пошукавік, які мае беларусізаваную вэрсію, «Google», зьбіраецца выйсьці на нью-ёрскую біржу ў пачатку наступнага году. Публічны дэбют фірмы можа мець форму інтэрнэт-аўкцыёну. Штогадовы прыбытак фірмы складае 500 млн даляраў (зь іх 150 млн — чыстага). Вартасьць фірмы пасьля ўваходу на біржу складзе 15—25 млрд даляраў. Столькі ж каштуе найбольшы канкурэнт «Google» — пошукавік «Yahoo».

«Google» зарабляе на банэрах зь сеткавымі адрасамі, якія зьяўляюцца на экранах кампутараў поруч з вынікамі пошуку. Доля гэтай формы рэклямы хутка расьце: летась фірмы ва ўсім сьвеце выдаткавалі на набыцьцё банэраў 2 млрд даляраў, а да 2007 г. гэтая сума вырасьце да 7 млрд даляраў. Іншай крыніцай даходаў «Google» зьяўляецца гандаль ліцэнзіямі на свае праграмныя прадукты, якія выкарыстоўваюцца іншымі пошукавымі сэрвісамі.

СП; БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0