Паразытарныя хваробы ў большай ступені ўласьцівыя высокаарганізаваным і буйным істотам. То бок зубр пакутуе ад розных паразытаў куды болей, чым жаба. Беларусь сёньня даймае безьліч паразытаў: адныя паразытуюць на савецкім мінулым, другія — на традыцыйных стасунках з суседзямі, трэція — на вобразе змагарнага пакутніцтва. Паразытная вэртыкаль працяла і ўсю беларускую культуру. Сьвінячую валтузьню паразыты ўсчалі вакол спадчыны Мулявіна. Другія без усялякіх ваганьняў круцяць на сваіх хвалях неліцэнзаваныя запісы. Трэція навучыліся «сядаць на хвост» расейскім тэлеканалам. Натуральна. Якую ж канкурэнцыю мог скласьці наш бязладны «Лад» той жа расейскай «Культуры»?

Паразытызм у беларускай архітэктуры — старадаўняя традыцыя. Пры канцы XVIII ст. мянялі абрысы тутэйшага барока на расейскі клясыцызм. У ХІХ—ХХ масава перабудоўвалі розныя сьвятыні на цэрквы «в русском вкусе». У 1930-я менскі архіярэйскі палац з царквою перарабілі на Дом афіцэраў (архітэктар І.Лангбард), амаль дакладна скапіяваўшы фасад нямецкай амбасады ў Пецярбургу. А па вайне каталіцкую катэдру Найсьвяцейшае Панны Марыі перарабілі ў духу савецкага манумэнталізму на спартовую залю «Спартак» (архітэктар М.Драздоў). Для беларускага архітэктара паразытызм — амаль натуральны стан. Як іначай «засьвяціцца», калі не прыляпіўшыся да вядомых помнікаў, знакавых месцаў, гістарычных аб’ектаў? Хто паедзе ва Ўручча ці ў Шабаны глядзець твой «шэдэўр»? Там і згубіцца можна. Пагатоў, нічога таленавітага ўсё адно ня створыцца. А вось упоперак Нямігі заслупавацца, як архітэктар Мусінскі, — гэта ўжо салідна. Ну хоць бы якіх дамоў старасьвецкіх паразбурыць у Ракаўскім дзеля свайго «шэдэўру» (архітэктар Грэчын). Чым цынічнейшы і пахабнейшы ўчынак, тым большы розгалас. Паразыт атрымлівае новыя магчымасьці для спажывы. І дзяруць паразыты адзін у аднаго з горла.

Цікавая рэч дыялектыка. Нашчадкі дойлідаў-паразытаў, што даядалі спадчыну «дакастрычніцкага пэрыяду», сёньня дружна, бы шашалі сухое дрэва, точаць савецкую спадчыну. Вось ужо ўзарваныя найстарэйшыя карпусы БДУ пачатку 1930-х. Вось ужо безнадзейна зьнявечылі даваенны гатэль «Беларусь», чые нумары маглі б распавесьці нам не адзін раман. Вось ужо прыляпілі люстраную саплю кавярні да самавітага й строгага гмаху Інстытуту фізкультуры. Налятай, братва! Кусай хто што зможа. Можна захінуць сваёй скрынкай з шкла й плястыку пэрспэктыву на царкву Марыі Магдалены. Можна закласьці імпазантны атвор манумэнтальнай аркі 50-х, каб прыткнуць туды якую фірмачку. Можна сьпілаваць стары бульвар, каб панаставіць сваіх падзелак. Можна ліхтары выгнаць у пяць паверхаў вышынёй, каб у іхным цені згубілася ўсё збудаванае раней. Ну хоць бы піўную паставіць перад помнікам Купалу. Дробязь, а ўсё ж капейка.

Цяпер жменя паразытаў пакрысе асвойвае ўжо нават вантробы Менску. Капаюць пад плошчай Незалежнасьці, ушыркі растуць норныя хады пад праспэктам, не за гарамі асваеньне нутра Кастрычніцкай плошчы. Дабраліся й да плошчы Перамогі. «Чаго там яшчэ не хапае?» — запытаецца паспаліты мінак. Нібыта ўжо ёсьць выдатны ансамбль, над якім працавалі пакаленьні дойлідаў і мастакоў яшчэ з даваенных часоў. Ёсьць дамок РСДРП, у якім пасьпеў быў пажыць і Купала; ёсьць «дом Паўлава», у сьценах якога замураваныя цагліны са Сталінграду й «гарадоў-герояў»; памяць пра нямецкіх палонных і пра энкавэдыстаў, пра артыстку Галіну Макараву й пра Лі Харві Освальда, якія жылі тут, пра ўсіх кіраўнікоў СССР і Біла Клінтана ды пра шмат-шмат чаго яшчэ. І тут наіўны мінак памыліцца. Не хапала тут твору архітэктара Занковіча «Магіла невядомага салдата»!

Праект ужо ўхвалены Камітэтам па архітэктуры Менгарвыканкаму. Службоўцы тамака пераважна не тутэйшыя, слаба абазнаныя ў гісторыі Менску. А вось жа мянчук Валянцін Занковіч, як адмысловец, пэўна ведае, што да яго над ансамблем плошчы Перамогі працавалі ад 1932 году выбітныя папярэднікі: архітэктары І.Лангбард, Ю.Кілаватаў, Р.Столер, М.Андросаў, Н.Трахтэнбэрг, Л. і Г.Аранаўскасы, М.Баршч, Г.Заборскі, У.Кароль, М.Парусьнікаў, Г.Баданаў, Л.Мацкевіч, клясыкі беларускага мастацтва З.Азгур, С.Адашкевіч, А.Бембель, А.Глебаў, С.Селіханаў... Усіх і пералічыць няпроста. Праца над гэтым унікальным ансамблем была завершаная падчас будаўніцтва мэтро, у 1984 г. Тады ж плошча была нязначна пераплянаваная (ператварыўшыся з Круглай у авальную) паводле праекту архітэктараў Ларчанкі, Школьнікава й Вязгіна. Але прынцыповай навіною стаў яе падземны ўзровень з мэмарыяльнай заляй памяці савецкіх герояў, палеглых у баях за Беларусь. Іх імёны ў бронзе зьмешчаныя ўздоўж сьценаў залі, пасярэдзіне якое зіхціць з каляровага шкла вянок, створаны выдатным майстрам Вячаславам Пазьняком. (Сярод яго твораў — вітражы ў Галоўпаштамце й у тэатры імя Горкага.) З залі да Вечнага агню вядуць масіўныя лесьвічныя маршы, флянкіраваныя вялікімі гранітнымі блёкамі з бронзавымі рэльефамі працы скульптара М.Рыжанкова.

Занковіч прапануе зьнішчыць тую мэмарыяльную залю. Выкінуць сымбалічны вянок са шкла, замяніць аздобу, прабіцца наверх, да «вечнага агню», замест калёнаў паставіць шэсьць скульптураў.

Відавочна, ляўры папярэднікаў вярэдзяць душу Занковіча. Стаць у адзін шэраг з Азгурам, Бембелем, Глебавым... Дзіўна гучыць і тое, што ў новай шыкоўнай залі разьмесьціцца «рэлігійная сымболіка, што лучыць канфэсіі ўсіх загінулых у Беларусі людзей». Няўжо ж зорка Давіда й мусульманскі паўмесяц зьявяцца пад «вечным агнём»? Сумнеўны сымбалізм выходзіць.

Пры тым у паведамленьні БелаПАН заўважаецца, што ў «залі спатрэбіцца правесьці рамонт з прымяненьнем дарагіх матэрыялаў — золата, мармуру, граніту»... Ну ніяк ня йнакш, а толькі з золатам, пра якое папярэднікі ў ХХ ст. і ня марылі. Выглядае, што ў Менгарвыканкаме грошы ня ведаюць куды падзець. Ну сапраўды, не парадкаваць жа ўсе тыя мэмарыялы ахвярам войнаў, што ёсьць у сталіцы й ваколіцах. Не даваць жа гэтыя грошы на дамы для старых, у якіх яны ўбога сканчаюць свае пакуты зямныя. А спытаць бы тых вэтэранаў, што дажывуць да 2005 г., куды лепей патраціць іхныя ж грошы? Ці проста аддаць Занковічу й не пытацца, куды ён іх дзене?

Сам В.Занковіч у інтэрвію агенцтву БелаПАН адзначыў, што «да гэтае пары няма вартага мэмарыялу невядомым героям». Тут трэба нагадаць, што гэты архітэктар ёсьць суаўтарам і аўтарам безьлічы мэмарыялаў, прысьвечаных падзеям апошняй вайны: Брэсцкай крэпасьці, «Кацюшы», помнікаў М.Гастэлу, падпольшчыкам, партызанам, кулямётчыкам. Вяршыняю творчасьці Валянціна Занковіча стаў мэмарыял «Менск — горад-герой», што на праспэкце Машэрава! Варта аддаць належнае самакрытыцы архітэктара — нічога «...няма вартага». Адкуль жа бярэцца ў яго ўпэўненасьць, што гэтым разам, зьнішчыўшы твор папярэднікаў, ён створыць што лепшае?

Зрэшты, апэляваць да этыкі тут не выпадае. Якая можа быць мараль у паразытызьме? Сілкуйся сабе з большых арганізмаў, ды ўсё. Калі-небудзь нашую эпоху мяжы ХХ і ХХІ ст. гэтак і будуць вызначаць культуролягі — час паразытаў.

Гары Куманецкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0