У суседняй Літве насьпявае імпічмэнт. Раландасу Паксасу не ўтрымацца. Бо ён у гонцы за ўладай трапіў у фінансавую залежнасьць ад крымінальных бізнэсоўцаў. Інфармацыю пра гэта здабыў літоўскі Дэпартамэнт грамадзкае бясьпекі. Ён стаіць на службе дзяржавы, а не дзяржаўнага службоўцы, хай сабе й найвышэйшага рангу. Ці можна сабе ўявіць нешта падобнае ў Беларусі? Не. Пасьля вызваленьня Паўлічэнкі і адстаўкі Мацкевіча напэўна не. Беларускія спэцслужбы ў большай ступені служаць канкрэтным асобам у кіраўніцтве дзяржавы, чым дзяржаве як такой, як мэханізму.

Дэмакратычнай дзяржаве патрэбныя сілавыя структуры. Недэмакратычны рэжым жа на сілавых структурах трымаецца. Грузінскія падзеі чарговы раз прадэманстравалі, што сілавікі, бывае, здаюць сваіх «гаспадароў». За грошы, пасады, а нават і за ідэю. Ведаючы такі расклад, улада мусіць трымаць сваіх абаронцаў пад кантролем, безь відочных прычынаў тасуючы кіраўніцтва, аслабляючы адну спэцслужбу на карысьць другой, сілкуючы канкурэнцыю...

Вось і ўдзел кіраўніка Беларусі ў нарадзе па выніках буйнамаштабнай праверкі КДБ (адбудзецца ў пятніцу) спарадзіў чуткі пра магчымую зьмену кіраўніцтва спэцслужбы №1, узмацненьне спэцслужбы №2... Толькі чуткі, ніякай інфармацыі.

Спэцслужбы застаюцца абсалютна закрытымі і абсалютна кіраванымі структурамі ў грамадзтве, якое яшчэ не абсалютна, але ўжо адкрытае. У гэтым крыніца іх сілы, але таму іх і баяцца дый почасту ненавідзяць. Ня тое што армію, традыцыйна адзіную з народам. Ці міліцыянтаў, якіх хутка будзе дастаткова, каб прыставіць па аднаму да кожнага з нас. Але такой закрытай касьце цяжка будзе прыстасавацца да будучага дэмакратычнага грамадзтва.

Па вялікім рахунку, за Лукашэнкам з усімі сілавымі структурамі адбыліся станоўчыя зьмены. Яны пачалі набываць рысы службаў незалежнай дзяржавы, працуюць на яе бясьпеку і абараназдольнасьць, камплектуюцца мясцовымі кадрамі. Вось толькі пра іх беларускі патрыятызм і павагу да палітычнае апазыцыі гаварыць не даводзіцца. Сілавікі жартуюць — не было каманды...

Да сілавых структураў Беларусі адносяцца Рада бясьпекі, Камітэт дзяржаўнай бясьпекі, Служба бясьпекі прэзыдэнта, Дзяржаўны мытны камітэт, Міністэрства ўнутраных справаў, Міністэрства абароны, Дзяржаўны камітэт памежных войскаў. Да гэтага сьпісу можна дадаць яшчэ Пракуратуру і Камітэт дзяржаўнага кантролю.

Мазгавы цэнтар

Галоўны офіс таямнічай Рады бясьпекі знаходзіцца ў Адміністрацыі прэзыдэнта на вул. Маркса. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, асобныя аддзелы спэцслужбы месьцяцца ў некалькіх раёнах сталіцы. Адзін зь іх, нібыта, маскіруецца пад офіс камэрцыйнай фірмы.

Рада бясьпекі была ўтвораная на самым пачатку прэзыдэнцтва Лукашэнкі — 5 жніўня 1994 г. Да таго пры Саўміне існавала ўпраўленьне па барацьбе са злачыннасьцю і нацыянальнай бясьпецы. Узначальваў яго Генадзь Данілаў. Жартаўнікі называлі «кантору» Данілава ўпраўленьнем «па барацьбе з нацыянальнай бясьпекай»…

Першым дзяржсакратаром Рады бясьпекі быў маёр Віктар Шэйман (ад сьнежня 1999-га — генэрал-маёр). Зьмяніў яго на гэтай пасадзе Ўрал Латыпаў, цяперашні кіраўнік — генэрал-лейтэнант Генадзь Нявыглас. Рада кантралюе дзейнасьць праваахоўных органаў, адсочвае сытуацыю, рыхтуе аналітычныя запіскі. Скандальная публікацыя «Операция «Аист», якая зьявілася ў «СБ» напярэдадні выбараў 2001-га, была «творам» якраз Рады бясьпекі.

Шэйман, сыходзячы ў Пракуратуру пры канцы 2000-га, забраў з сабой нямала кадраў з Рады. У тым ліку і нейкае «спэцпадразьдзяленьне Васільчанкі». Гэтая неканстытуцыйная структура існуе з канца 90-х і, паводле пэўных, не пацьверджаных зьвестак, што пратачыліся ў апазыцыйную прэсу, адсочвае дзейнасьць апазыцыі і яе лідэраў. Паводле апошніх чутак, сёлетнія набыткі Васільчанкавага спэцпадразьдзяленьня — гэта некалькі аўтамабіляў з спэцапаратурай коштам у сотні тысячаў даляраў. У пачатку верасьня 2001-га яго офіс на Талбухіна, 5а быў «засьвечаны» ў незалежных СМІ. «Кантора» зьмяніла месца дысьлякацыі.

Правая рука

У апошнія гады ператварыўся фактычна ў спэцслужбу Камітэт дзяржаўнага кантролю (КДК). Здарылася гэта пасьля чарговага «ператрахваньня» сілавых структураў, якія Лукашэнка ў другой палове 2001 г. — пачатку 2002-га вырашыў сабраць у некалькі моцных «кулакоў». Адным зь іх стала ведамства Анатоля Тозіка, якое падначаліла сабе Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў.

Генэрал КДБ Тозік, аўтар артыкулаў у «Энцыкляпэдыю гісторыі Беларусі», стаў правай рукой прэзыдэнта. КДК нікім не кантралюецца і трымае справаздачу толькі перад кіраўніком дзяржавы. Аналітыкі адзначаюць, што нават Пракуратура на чале з Шэйманам мае цяпер менш трывалы статус, чым КДК.

Пасьля згаданай рэарганізацыі МУС атрымаў у сваё падначаленьне Сьледчы камітэт і Камітэт выкананьня пакараньняў. Але ад гэтага ўмацаваньня вага Міністэрства не ўзрасла. Затое паступова ўзмацняе пазыцыі Міністэрства абароны генэрал-палкоўнік Леанід Мальцаў. Рэфармаваньне войска і рэгулярныя вучэньні даюць надзею на большую ўвагу кіраўніка дзяржавы і павелічэньне фінансаваньня.

У КДБ — скарачэньні і праверкі. У красавіку 2002-га колькасьць чэкістаў была зьменшаная на 10%, звольнілі начальнікаў Управы контрвыведкі, замежнай выведкі і вайсковай контрвыведкі КДБ. Прычына — слабая актыўнасьць у барацьбе з апазыцыяй і «замежнай пагрозай». Ідзе й першая ў гісторыі буйная праверка ўсіх аддзелаў КДБ. Вынікі будуць падведзеныя 5 сьнежня на нарадзе з удзелам А.Лукашэнкі. Тады ж вырашыцца і лёс Леаніда Ерына. Увага прэзыдэнта да КДБ невыпадковая: наперадзе важныя палітычныя кампаніі.

Сярод усіх канстытуцыйных сілавых структураў аўтаномна працуе адна Служба бясьпекі прэзыдэнта, кіраўнік якой трымае справаздачу толькі перад самім А.Лукашэнкам. Офіс гэтай спэцслужбы месьціцца па вул.Бабруйскай, 3, дзе калісьці быў рэспубліканскі штаб грамадзянскай абароны.

Канкурэнцыя і канфрантацыя

Канкурэнцыя паміж спэцслужбамі пачалася ад самага абвяшчэньня незалежнасьці ў 1991 г. Гэтаму спрыяла сытуацыя ў краіне, дзе была неаўтарытэтная выканаўчая ўлада (Савет Міністраў) і палітычна актыўны Вярхоўны Савет. Прэм’ер Вячаслаў Кебіч, у імкненьні аслабіць уплыў КДБ, гэтую барацьбу нават распальваў. У 1993 г. было пастаўленае пытаньне пра частковае расфармаваньне КДБ, скасаваныя яго службы мусілі перадавацца ў МУС і Мінабароны. Было ініцыяванае стварэньне ў структуры памежных войскаў Аддзелу спэцыяльных актыўных мерапрыемстваў. Праект лабіяваў Генадзь Данілаў. Аднак і старшыня КДБ Эдуард Шыркоўскі, і міністар унутраных справаў Уладзімер Ягораў выступілі супраць стварэньня «паралельнай спэцслужбы».

Апошні прыклад сутыкненьня спэцслужбаў — сытуацыя вакол закрыцьця прадстаўніцтва IREX. Гэтая арганізацыя купляла тэхніку ў менскай фірмы «Грынлайн кампутар», да якой нібыта меў непасрэднае дачыненьне сын цяпер ужо былога начальніка Службы бясьпекі прэзыдэнта Яўгена Дзьвярніцкага. Фірмай зацікавіўся Камітэт дзяржкантролю, але ягоныя супрацоўнікі, верагодна, патрапілі ў добра падрыхтаваную пастку: адзін з кантралёраў быў затрыманы падчас атрыманьня 1200 даляраў хабару і асуджаны. СБП атрымала маленькую перамогу, але яна аказалася піравай: Дзьвярніцкага неўзабаве зьнялі з пасады.

Лукашэнка не прыдумляе нічога новага, калі спрыяе канкурэнцыі паміж спэцслужбамі. Гэта правераны нават заходнімі дэмакратыямі сродак наладжваньня ўзаемнага кантролю, які перашкаджае кансалідацыі сілавікоў. Адна такая спроба кансалідацыі ў справе расьсьледаваньня зьнікненьня апазыцыйных палітыкаў ледзь не прывяла ў лістападзе 2000-га да арышту кіраўніцтва дзяржавы.

Алег Тачоны

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0