26 чэрвеня ў Дзяржаўным лiтаратурным музеi Янкi Купалы адкрываюцца VIII Мiжнародныя Купалаўскiя чытаннi «Мастацкi свет Янкi Купалы: класiчна‑анталагiчнае i непаўторна‑iндывiдуальнае».

Купалаўскiя чытаннi маюць даўнюю традыцыю. Яны былi распачаты жонкай Купалы, Уладзiславай Францаўнай, у Вязынцы яшчэ ў 1950‑х гадах.

БДУ мог насiць iмя Янкi Купалы — з 1942 года

— Апошнiм часам сустрэчы ў Вязынцы ператварылiся ў студэнцкiя злёты, — расказвае вучоны сакратар музея Алена Бурбоўская. — Выдатная традыцыя! Юнакi i дзяўчаты з’язджаюцца не толькi сустрэцца з Купалавай радзiмай, адчуць глыбiнны подых яго творчасцi, але i «сябе паказаць», а таксама аказаць дапамогу: у нас вялiкая запаведная тэрыторыя, амаль 22 га.

Сёлета ўвогуле злёт быў унiкальны. Выехалi ўсе факультэты Белдзяржунiверсiтэта на чале з рэктарам Васiлём Стражавым. Кожны факультэт прадставiў сваё бачанне Купалавай творчасцi: i паэзii, i драматургii, i песнi на творы паэта. Нават студэнты‑замежнiкi, якiя навучаюцца ў нас, чыталi Купалавы вершы спачатку па‑беларуску, а потым у перакладзе на сваю родную мову.

…Прадставiўшы Купалу, студэнты пайшлi на «гару Парнас». Чыталi свае вершы. Там iх частавалi рэктарскай кашай.

Праз пяць дзён пасля смерцi паэта, 2 лiпеня 1942 года, была прынята пастанова аб прысваеннi Белдзяржунiверсiтэту iмя Янкi Купалы. Гэта пастанова не адмянялася.

Вялiкi падзвiжнiк у гэтай справе — Вячаслаў Пятровiч Рагойша, доктар фiлалагiчных навук, загадчык кафедры тэорыi лiтаратуры БДУ. Упершыню ён выступiў на Купалаўскiх чытаннях у Вязынцы ў 15‑гадовым узросце — i з таго часу заўсёды бывае там. Апошнiм часам — разам са сваiмi студэнтамi.

Дырэктар музея Алена Мацевасян падаравала Васiлю Стражаву вельмi цiкавы дакумент. Мы ведаем, што Янка Купала стаяў ля вытокаў стварэння Iнстытута беларускай культуры (якi потым быў рэарганiзаваны ў Акадэмiю навук), а таксама БДУ, многiх iншых устаноў… Дык вось, праз пяць дзён пасля смерцi паэта, 2 лiпеня 1942 года, была прынята пастанова аб прысваеннi Белдзяржунiверсiтэту iмя Янкi Купалы. Гэта пастанова не адмянялася. Мы перадалi ксеракопiю дакумента рэктару.

Пошукi i адкрыццi

— З цягам часу Купалаўскiя чытаннi пашырылiся, набылi статус мiжнародных навуковых канферэнцый, якiя праводзяцца ў Музеi Янкi Купалы раз на два гады. Да нас прыязджаюць купалазнаўцы з усiх куткоў Беларусi, а таксама з Расii, Украiны, Польшчы, Германii, Англii, ЗША. Матэрыялы канферэнцый выдаюцца асобнымi зборнiкамi.

Шмат новага адкрываецца на гэтых сустрэчах. Напрыклад, традыцыйна лiчыцца, што першы верш Купалы «Мужык» надрукаваны ў 1905 годзе. А гэта не зусiм так. У 1903 годзе ў польскамоўным часопiсе была апублiкавана на польскай мове вялiкая падборка — 6 вершаў адразу. А ў 1904‑м i Купала, i Колас (ён пачынаў пiсаць па‑руску) перайшлi на беларускую мову. Гэта звязана з пастановай цара Мiкалая II, у якой указвалася: «Все национальные меншинства Российской империи могут пользоваться своими наречиями». Быў дазвол на нацыянальную мову. Эканамiчны крызiс, перадрэвалюцыйная сiтуацыя — каб зняць гэтае напружанне, цар рабiў адпаведныя крокi… Менавiта ў 1904 годзе з’яўляецца беларускамоўны верш Янкi Купалы «Мая доля», напiсаны лацiнкай. У 2004 годзе Купалаўскiя чытаннi былi прысвечаны 100‑годдзю пачатку беларускамоўнай творчасцi Янкi Купалы. Дарэчы, царская пастанова 1904 г. набыла сiлу закона 5 мая 1905 г. Таму 15 мая з’яўляецца магчымасць змясцiць верш Купалы «Мужык» у рускамоўнай газеце «Северо‑Западный край».

Ўсё спаганяць людзi,
покi ноч шалее.
Вырвуць веру ў шчасце, веру i надзею,
Ды таго не вырвуць, што напела мацi
Ночкай над калыскай роднаму дзiцяцi.
Ой, не вырвуць з сэрца цябе, наша слова!
Ой, не ўзяць нiякiм сховам ды аковам,
Як бяруць матулю у малой дзяцiны.
Як бяруць у бацькi апошняга сына!
(…)
I радзiмым словам рукой мазалiстай
Беларус упiша на старонцы чыстай
Кнiгi ўсiх народаў важна, ў непрымусе
Сумную аповесць роднай Беларусi.

(З верша «Роднае слова», 1910 год).

На адных з Купалаўскiх чытанняў паэт Янка Запруднiк, якi жыве ў ЗША, прывёз у дар музею знойдзены аўтограф Янкi Купалы — верш «О так, я пралетар!».

Лёс архiва Купалы драматычны. У 1921 г. паэт здаў свой архiў у Нацыянальную бiблiятэку («Ленiнку»), але ў час акупацыi Мiнска архiў бiблiятэкi быў вывезены. Значная частка Купалавых твораў аказалася ў Днепрапятроўску, на Украiне, яны вярнулiся на радзiму. Астатняе — Прыбалтыка, Польшча… Нават у Лондане захоўваюцца некаторыя рукапiсы паэта, у тым лiку паэма «Курган».

Мiхась Мушынскi прадставiў грунтоўны параўнаўчы аналiз збору твораў Купалы розных гадоў i апошняга Поўнага збору твораў Купалы ў 9 тамах (10 кнiг). Каштоўнасць апошняга выдання ў тым, што апублiкаваны нават пратаколы допытаў Купалы ў ДПУ. Да гонару паэта, ён нiкога не агаварыў: нi сябе, нi iншых. I гэта вельмi важна. Гэта ўзнiмае Купалу як асобу, як грамадзянiна, найсумленнейшага чалавека.

З лiста Янкi Купалы да старшынi ЦВК СССР i БССР А. Чарвякова ад 22.11.1930 г.:

«Яшчэ раз перад смерцю заяўляю, што я ў нiякай контррэвалюцыйнай арганiзацыi не быў i не збiраўся быць. Нiколi не быў контррэвалюцыянерам i да контррэвалюцыi не iмкнуўся. Быў толькi паэтам, якi думаў аб шчасцi Беларусi. Я ўмiраю за Савецкую Беларусь, а не за якую iншую.

(…)

Яшчэ адна просьба да Вас. Заапякуйцеся маймi сем’ямi, што тут у Менску i ў Барысаве. Я ўмiраю з цвёрдай верай у вечнае iснаванне Беларускай Савецкай Сацыялiстычнай Рэспублiкi. Папрасiце ГПУ, каб не цягалi маёй жонкi. Яна таксама, як i я, нi ў чым не павiнна.

Бiблiятэку сваю перадаю Бел(арускай) Дзяржаўнай бiблiятэцы.

Шчыра дзякую за ўсё тое добрае, што для мяне зрабiлi.

Умiраю, прымаючы тое, што лепей смерць фiзiчная, чымся незаслужаная смерць палiтычная.

Вiдаць, такая доля паэтаў. Павесiўся Ясенiн, застрэлiўся Маякоўскi, ну, i мне туды за iмi дарога».

(Том 8, стар. 113).

У гэтым годзе двухдзённая праграма чытанняў надзвычай насычаная. Уладзiмiр Сакалоўскi, колiшнi прафесар Бонскага ўнiверсiтэта (ён беларус, многiя гады працаваў там), прааналiзаваў прысутнасць творчасцi Янкi Купалы ў нямецкамоўным свеце. Дарэчы, нямецкi прафесар Рудольф Абiхт настолькi захапiўся Купалавай творчасцю, што вывучыў беларускую мову, а потым выкладаў яе ў нас у Беларусi. Во якiя бываюць парадоксы!..

Маргарыта Пярова з Пецярбурга знайшла новыя матэрыялы з тых часоў, калi Купала вучыўся на падрыхтоўчых курсах у Пецярбургскiм унiверсiтэце. Яна выступiць з дакладам «Вучоба Янкi Купалы на Чарняеўскiх курсах».

— Шчыра зычым Купалаўскiм чытанням плённай працы!

Таццяна Падаляк, «Звязда»

Глядзі яшчэ:
У Гданьску адкрыты памятны знак Янку Купалу

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0