Ехаў днямі ў аўтобусе — дзіву даваўся!

Сталыя людзі хорам бэсьцяць Лукашэнку: што шапікі з рыбай прыбраў; што па банан унуку вымушаныя на Камароўку ехаць; за квартплату; за пэнсію... Мала-дзейшыя толькі пасьмейваюцца: гэтыя ж самыя бабці й дзяды раней найперш Лукашэнку і «паддзержывалі» на выбарах ды рэфэрэндумах.

Цяпер упэўнена сказаць, якая сацыяльная група падтрымлівае прэзыдэнта, немагчыма: дзе-нідзе нават калгасьнікі ўжо «пераграюцца». Але ўпэўнена можна сказаць — і Лукашэнку тут ёсьць чым ганарыцца, — што частку патрыятычна настроенага электарату ён прыцягнуў.

Уявіце, шаноўныя чытачы «НН», што Лукашэнка раптам загаварыў па-беларуску. Ці шмат хто з вас тады меў бы да яго якія прэтэнзіі? Тады нават закрыцьцё Ліцэю выглядала б лягічным — банальная нэўтралізацыя Ўладзімера Коласа як палітычнага канкурэнта, больш ніякіх падтэкстаў!

Мая інтуіцыя й цьвярозы цям — самі па сабе, а задавальненьне ад незалежніцкай рыторыкі ў дзяржаўных мэдыях, ад даўно насьпелых разборак з Расеяй, ад перакрыцьця чужой «Культуры» — само па сабе. І зьвесьці гэта ў адну эмоцыю, як ні намагаюся, — марна. Сьмяяцца ці плакаць? Наракаць альбо хваліць? Ня ведаю...

Тое, як нашыя дэмсілы кладуцца пад маскоўскія праекты, як генэралы, экс-міністры ды старшыні партыяў дзяціняцца й скачуць вакол госьця другога гатунку, не захапляе. Пачынаеш шукаць пазытыву. І дзе ён? На ўзроўні дзяржавы! Свая махровая бюракратыя, свае дубовыя сілавікі, свая лжывая інфа-прастора, свой недаразьвіты бізнэс, свая адсталая краіна, свой расейска-моўны правадыр. Дык жа, як той казаў, лепш у сваёй хатцы, ніж у чужым палацы.

Вацлаў Заякоць

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0