Менская прэм’ера

Пачатак 60-х, «другая хваля фэмінізму»… Маладая пісьменьніца Барбара Новак прыяжджае з правінцыі ў Нью-Ёрк, каб выдаць кніжку «К чорту каханьне!» — дапаможнік для кабет, якія жадаюць зрабіцца незалежнымі ад мужчынаў ва ўсіх сфэрах жыцьця. Кніга набывае шалёны посьпех (яе ўпотайкі набываюць нават у камуністычным Кітаі і СССР), а міс Новак узносіцца на вяршыні славы. Тады вядомы журналіст і «прафэсійны плэйбой» Кетчэр Блок ставіць сабе за мэту выкрыць ганарлівую фэміністку і давесьці ўсім, што яна — звычайная жанчына, якой таксама патрэбна каханьне…

Прыемна глядзець фільмы ёмістыя, шматслаёвыя, якія сумяшчаюць адзнакі некалькіх жанраў. Якраз такая стужка «К чорту каханьне!», завязка якой пададзена вышэй: гэта і рамантычная камэдыя, і пародыя на яе, і дасканалае практыкаваньне ў стылізацыі «пад шасьцідзясятыя». Фільм напоўнены шматлікімі «знакамі» тае эпохі: першыя касманаўты, Карыбскі крызыс, новыя павевы ў модзе, пачатак «бітламаніі». У пляне жартаў стужка робіць упор на дыялёгі — дасьціпныя, багатыя на гульню словаў. Выдатна глядзяцца ў сваіх ролях галоўных герояў і акторы — Рэнэ Зэльвэгер і Эван Макгрэгар. Можа, таму, што абое ўжо напрактыкаваныя здымацца ў рэтра-фільмах, — у першай было «Чыкага», у другога — «Мулен Руж».

Іван Пятроў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0