11 сьнежня 2003
І Сірожу тожа
Сашу і Сірожу зьнялі з БТ. Іх праграма «Дастань зорку» пакуль ня будзе выходзіць. Афіцыйнае тлумачэньне — «аптымізацыя сеткі вяшчаньня» і нізкі рэйтынг. Зьняцьце з этэру падазрона супала ізь зьяўленьнем Міхалка і Хацкевіча на расейскім канале РТР у праграме, прысьвечанай беларускай ідэалёгіі.
Правасудзьдзе праз 20 гадоў
Барбара К., супрацоўніца польскіх спэцслужбаў за Ярузэльскім, якая зьдзекавалася на допытах з арыштаваных актывістаў «Салідарнасьці», атрымала два гады ўмоўна. У Польшчы йдзе каля 900 сьледзтваў па справах камуністычных злачынцаў. Нагода задумацца беларускім судзьдзям ды праваахоўнікам.
Кітайцы нас ня цэняць
Вольга Неўдах, «Міс Беларусі’2002», ня трапіла ў першую дваццатку на конкурсе прыгажуняў «Міс сьвету’ 2003» у Кітаі. Перамаглі ж ірляндка, канадка і кітаянка. У Эўропе Вольга дайшла да паўфіналу.
Разьмяняйце 200 даляраў
Невядомы амэрыканскі фальшываманэтчык вырабіў 200-даляравую купюру. На адным баку банкноты быў партрэт Буша-малодшага, на другім — Белы дом, перад фасадам якога стаялі таблічкі: «У ЗША трэба зьменшыць падаткі», «Мы любім марозіва» і інш.
Самы дурны злодзей
Рабаўнік, што залез у адзін з офісаў у нямецкім Брэмэне, доўга выцягваў з кававага аўтамата жэтоны, якія ня дзейнічаюць па-за межамі будынку, прыхапіў бяздротавы тэлефон, які таксама далей ганку не працуе, і электрычную адкрутку без акумулятараў. Паліцыя пакуль не злавіла няздары. Засада ля кававага аўтамата напэўна дала б плён.
СМ