Вечар з «Крамай»
12 сьнежня ў клюбе «Акварыюм» (вул. Кульман, 14) дае сольны канцэрт гурт «Крама». Варашкевіч мае сьпець колькі старых гітоў. Прапускаць такую падзею ня варта: «Крама» выступае ня часта. Перад легендамі айчыннага року зайграе група «Сonsul band» (блюз-рок). Працуе бар зь півам. Пачатак а 19-й. Цана квітка 7000 руб.
«Ляпісы» вяртаюцца
13 сьнежня ўначы ў клюбе «Бліндаж» (вул.Ціміразева, 9) будзе граць «Ляпіс Трубяцкі» — група, якая не давала канцэртаў у менскіх клюбах ажно два гады. Каманда прэзэнтуе праграму «Будзе ўдача», у якую ўвойдуць як песьні з апошняга сынглу — «Чырвоныя кальсоны», так і зусім новыя. Група стала пазіраць у бок рэгі й ска, тэксты пасур’ёзьнелі, але фірмовы «ляпісаўскі» гумар застаўся. Міхалок, у сваю чаргу, падвучыў беларускую мову. На «пасталелых» «Ляпісаў» можна паглядзець за 18 тыс. руб. Пачатак у 23.00.
Дубальтовая прэзэнтацыя
16 сьнежня а 18.30 у памяшканьні Беларускага ПЭН-цэнтру адбудзецца прэзэнтацыя кнігаў Юр’я Гуменюка «Вуліца Тыгровых Архідэяў» ды «Брат Зло» Густава Герлінга-Грудзіньскага ў перакладзе Сьвятланы Курс. Удзел бяруць Кася Камоцкая ды Віктар Корзун. Запрашаем усіх ахвотных да добрай літаратуры і кроплі віна. Кнігу можна замовіць праз электронны адрас [email protected].
Пад гукі дудуку
17 сьнежня ў клюбе «Рэактар» (вул.Харужай, 29) зайграе «Харлі». Пасьля сёлетняй перамогі на «Залатым шлягеры» ў намінацыі «ВІА імя Ўладзімера Мулявіна» гурт набыў прыдомак — цяпер музыкі называюцца «ВІА «Харлі». Каманда мае прэзэнтаваць шоў-праграму «Родныя мясьціны». Дапамагаць ёй будзе запрошаны з Масквы Карэн Арацюнян, майстар ігры на дудуку — армянскім народным інструмэнце. Пачатак а 19-й.
Выстава Цыркунова
Да 27 сьнежня ў сядзібе Партыі БНФ (Менск, вул.Варвашэні, 8) экспануецца выстава твораў Алеся Цыркунова, прысьвечаная 83-й гадавіне Слуцкага збройнага чыну. Сярод 29 палотнаў — партрэты Міколы Ткачова, Зоські Верас, Лявона Луцкевіча й іншых славутых дзяцей Беларусі, архітэктурныя помнікі, пэйзажы, міталягічныя сюжэты. Апрача таго, на выставе ёсьць партрэт кіраўніка Слуцкага паўстаньня Ўладзімера Пракулевіча пэндзля Ўладзімера Сулкоўскага.
СБ, ВД