Пагаджуся з аўтарам артыкулу «Ня наш бізнэс» («НН», №45).

Раздробны гандаль, маючы вышэйшую ў параўнаньні з стацыянарным цэнаёмістасьць тавараў, здымае вяршкі. Што дамінуе ў асартымэнце шапікаў і на рынках? Цыгарэты, піва, шакаляд, жуйкі, касмэтыка, дробная электроніка... Колькі ў сярэднім каштуе кіляграм тавару ў іх? Даляраў дзесяць. І стацыянарны гандаль: хлеб, малако, цукар, мяса, трыкатаж, будматэрыялы, мэбля... Да паловы тавараў — беларускай вытворчасьці: 2—3 даляры за кг.

Пры гэтым індывідуальныя прадпрымальнікі з гандлёвай плошчай да 15 м2, гандляры на рынках плацяць толькі фіксаваны падатак (200—300 эўра за месяц) незалежна ад памеру выручкі. Выручыў з трохмэтровага шапіку ў Менску 10 тыс. даляраў, а падаткаў заплаціў 2%, яшчэ 2% — арэнда, 2% — прадавачкам на заробак, 2% — чыноўніку й мянту. Астатняе — у новы тавар і сабе. Нарэгістраваў 20 ІП-шнікаў, раскінуў па горадзе з каробкамі — і праз год-другі мільянэр. Дык чаму ня жыць тут?

У стацыянарным гандлі карціна іншая: 20 падаткаў, штат з «сацыялкай», камунальныя плацяжы, амартызацыя, рамонт памяшканьня, санстанцыя, пажарныя... Яно й нічога, усім бы хапіла (гадавы аб’ём розьніцы па краіне — 5—6 млрд даляраў), каб вяршкоў не здымалі госьці зь цёплых краінаў. Ніжэйшы таваразварот — вышэйшую надбаўку даводзіцца ставіць. У шапіку й на рынку таваразварот 800—1000 даляраў з квадратнага мэтра за месяц, у гандлі па краіне — у сярэднім 50 даляраў. Таму ў 1995 г. адносіны арганізаванага гандлю да неарганізаванага складалі 87% да 13%, а ў 2002-м — ужо 65 да 35. Інтарэсы мясцовых гандляроў, фіскальныя дзяржаўныя інтарэсы былі парушаныя, і пакідаць сытуацыю як ёсьць — тое самае, што пахаваць культурны айчынны гандаль... А цэны ў краме ўпарадкуюцца з павелічэньнем патоку пакупнікоў, якія не патрацяць грошы ў шапіках.

Падмурак бізнэсу — традыцыя. Яна вызначае стыль працы — фактар посьпеху на рынку. Можна прыгадаць японскі бізнэс-стыль, амэрыканскі, заходнеэўрапейскі. Якія традыцыі фармуюцца ў беларускім дробным гандлі сёньня? Абважыць пакупніка? Прадаць цыгарэты дзіцяці? Сапхнуць пратэрмінаваны тавар? Даць хабар чыноўніку? Прадавачкі, маладыя жанчыны, трымцяць у жалезных каробках зімой, смажацца на сонцы ўлетку. Гэта бізнэс цаною здароўя іншых. Гэта ня наш бізнэс.

Мне патрэбныя цёплыя крамы з прадавачкамі ў блакітных халатах.

Віктар Іваноў, асьпірант, Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0