У абарону беларускамоўных грамадзянаў Беларусі выступіў Канстытуцыйны суд.

Ён накіраваў у палату прадстаўнікоў зварот аб неабходнасьці раўнапраўя беларускай і расейскай моваў «у сфэры абслугоўваньня, абарачэньня банкаўскіх плястыкавых картак і ў сыстэме дзяржаўнага сацыяльнага страхаваньня». У звароце гаворыцца пра фактычную няроўнасьць моваў у згаданых сфэрах. Канстытуцыйны суд прапануе зьмяніць законы так, каб роўнасьць моваў стала не дэкляраванай, а фактычнай. Нагадаем, што ўлетку суд ужо прыняў рашэньне пра абавязковасьць беларускамоўнага стандарту для этыкетак.

Ці ў Беларусі існуе дыскрымінацыя паводле моўнае прыкметы? Палітоляг Алесь Лагвінец кажа, што так. І штодзень: «Ніводнай беларускамоўнай FM-станцыі, ніводнага беларускамоўнага тэлеканалу. Няма для школаў ні картаў, ні схемаў, ні табліцаў па-беларуску. У войску, міліцыі беларускамоўных прымушаюць адказваць па-расейску. Судзьдзі ня ўмеюць весьці па-беларуску працэс і наагул справаводзтва». Суды (справы Ўладзімера Лабковіча, Вольфа Рубінчыка летась) нават не дазваляюць карыстацца перакладчыкам на судзе.

А.Лагвінец мяркуе, што гэтыя пастановы найвышэйшага суду краіны юрыдычна здаровыя: «У кожнай полілінгвістычнай краіне гэта было б нармальна. Грамадзянін не павінен нават даказваць, што ён ня ведае іншай мовы, ён проста мае права, каб яго абслугоўвалі на пажаданай яму дзяржаўнай мове».

Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0