Выбітная навіна на мінулыя выходныя напаткала аматараў канапнага паляваньня ў тэлеэтэры.

Каб даць спажыву бясконцым размовам на ўвесь працоўны тыдзень. Князь цемры, сатрап Бабілёну, Садам Хусэйн трапіў у палон.

Але аматары жанру экшэн мелі права быць расчараванымі. Ніякіх каўбойскіх пагоняў, ніякіх гарачых перастрэлак, ніякіх драматычных дыялёгаў. Не было нават галоўнага героя гэтае шматсэрыйнае драмы, за лёсам якога сачылі гадамі. Была няясная карцінка, на якой калматага чалавека мацалі лекары ў бялюткіх гумовых пальчатках. Сюжэт хутчэй з каналу «Animal planet». Як там з Жэнэўскай канвэнцыяй? Яна яшчэ забараняе паказваць палонных на экране? Ці яна толькі для белых?

Няўцямнымі былі й камэнтары да тае няўцямнае карцінкі на экране. То казалі, што нікога пры Садаму не было, усе, маўляў, паўцякалі. Пасьля высьветлілася, што злапалі двух ягоных памагатых. Але чаму яны не давалі свайму правадыру есьці? То казалі, што пры Хусэйну знайшлі аўтамат Калашнікава, то толькі пісталет. То нібы пры ім быў чамадан баксаў, то не пры ім, а ў нейкай таксоўцы (!?) побач (?!).

І галоўнае: Садама злавілі самі амэрыканцы, без дапамогі курдаў ды ірацкіх паліцыянтаў, як пра тое паведамлялася раней. А вось гэтая акалічнасьць прымушае засумнявацца ва ўсёй інфармацыйнай нагодзе. Паколькі сьведкаў, апроч амэрыканскіх спэцназаўцаў, няма, то й уся інфармацыя зь іхных вуснаў можа быць недакладнай. Хто пераканаўча давядзе, што Садама злавілі менавіта ў тую суботу, а не, напрыклад, зь месяц таму? Апэратыўных кадраў затрыманьня багдадзкага дыктатара не паказвалі. А лезьці яму пальцамі ў рот і чухаць патлы маглі і ў Гуантанама. Дый чамадан з амэрыканскімі грашыма, за які Садам нібы трымаўся да апошняга моманту, мог узяцца адкуль заўгодна. Таму, хто цікавіўся забойствам Кенэдзі альбо проста знаёмы з тэлевізійнымі тэхналёгіямі, усё, што падаецца ў дазаваным варыянце з вуснаў зацікаўленых асобаў, можа падацца непераканаўчым.

Зрэшты, ня так гэта істотна. У суботу злавілі Садама ці не, з далярамі ці з залатым пяском, ці быў пры ім «калашнікаў» або «макараў». Факт — амэрыканцы прапануюць нам яшчэ адзін хэпі-энд яшчэ адной чыста амэрыканскай гісторыі. А ў амэрыканскіх гісторыях заўсёды перамагаюць зухі-амэрыканцы. Пажадана на выходныя і пажадана перад Калядамі. Каб усе калядныя вакацыі можна было цешыцца зь перамогі амэрыканскага дабра й справядлівасьці над сіламі цемры. Ну, і хваліць сваё, амэрыканскае начальства.

Зрэшты, і гэта неістотна. Істотна тое, што ў сьвеце засталося толькі некалькі рэжымаў, зь якімі могуць быць сур’ёзныя праблемы. Па адным на кожным кантынэнце. У Амэрыцы — Куба, у Афрыцы — Зымбабвэ, у Азіі — Карэя, у Эўропе... І гэтак далей. Калі б такіх краінаў не было (а досьвед Іраку паказвае, што можна перавярнуць любы рэжым даволі лёгка), не было б і драматычнай гульні, што завецца барацьбой за дэмакратыю. Сьвет стаў бы аднолькавым і нецікавым. Барацьба дабра і зла зьвялася б да біржавых навінаў.

Зрэшты, і гэта для нас неістотна. Істотна, што беларускі лідэр чарговы раз памыліўся з сваімі геапалітычнымі прагнозамі што да Іраку — як і да Грузіі, і да Югаславіі, і г.д. Выдаючы жаданае за сапраўднае, дэманструючы глябальнасьць свайго мысьленьня, ён чарговы раз трапляе не туды.

Пакрысе таюць ілюзіі адносна інвэстыцыяў ад сумнеўных рэжымаў на Ўсходзе. Помнікам той пары, калі яны былі, можа застацца вялікі будынак недабудаванай амбасады Іраку на менскай вуліцы Шпалернай. З будаўнічага плоту, што акаляе гэты гмах у маўрытанскім стылі, ціхамоць прыбралі й шыльду з ганарлівым назовам аб’екту будоўлі.

Куды больш істотна для нас тое, што мы ведаем амаль усё пра Садама Хусэйна. Хто ягоны бацька, хто дзядзька. Дзе вучыўся, з кім ажаніўся. Ведаем, што ягоны ўлюбёны гістарычны пэрсанаж — Сталін, любімы кінафільм — «Хросны бацька» Марціна Скарсэзэ, любімая кніга — «Стары і мора» Хэмінгуэя. Пра былога ірацкага сатрапа мы ведаем амаль усё, а пра Лукашэнку амаль нічога... Пакуль што.

Гары Куманецкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0