Васіль Якавенка. Надлом. — Менск, Беларускі кнігазбор, 2003.

Падзеі, апісаныя ў кнізе, адносяцца да 20—40-х. На думку аўтара, тады адбыўся «надлом» — незваротны працэс у жыцьці нацыі.

Героі чытаюць адзін аднаму газэты, а таксама «Пратаколы сіёнскіх мудрацоў» і «Майн Кампф». Часам, калі ідзе дыялёг паміж беларусамі і габрэямі, для ажыўленьня карціны распавядаюцца старыя показкі. Найбольшая мастацкая ўдача аўтара — эпізод, дзе нямецкі салдат частуе беларускую дзяўчынку шакалядкай. Дзяўчынка плача ад шчасьця. Ах! Гэты малюнак з гісторыі другой сусьветнай даўно чакаў свайго Вучэціча.

Зьяўляецца і «добры пан» Скірмунт, падобны да пэрсанажа з спаленага Гогалем другога тому «Мёртвых душаў». Гаспадарлівы і нацыянальна сьвядомы пан пераказвае ў скарочанай вэрсіі гісторыю ўтварэньня БНР паводле падручніка Вацлава Ластоўскага. А пасьля апошняга прадстаўніка буржуазнай Беларусі расстрэльваюць бальшавіцкія каты. Часам проза Якавенкі стварае ўражаньне дакумэнтальнага фільму, дзе кардонныя героі гавораць урыўкамі з патрыятычнай публіцыстыкі.

Лёсы местачковых габрэяў, беларусаў, палякаў перапляліся ў суцэльны клубок, які цяжка разблытаць. Бесстароньняя аўтарская пазыцыя магла б тут быць зразумелай, калі б гаворка ішла толькі пра асабістыя лёсы людзей, якіх вайна раскідала па розныя бакі франтоў. Але дзіўна выглядаюць заявы аднаго з герояў — габрэя Мендэля: Талмуд і «Майн Кампф» — «творы, вартыя адзін аднаго». Абедзьве навалы, якія абрынуліся на Беларусь у ХХ ст., — бальшавізм і фашызм — паводле аўтара, маюць адну і тую ж прычыну і крыніцу: змову вонкавых носьбітаў звышчалавечага ліха, трацкістаў, нацыстаў, увогуле «талмудыстаў».

Пярэстая чарада нацыяналістаў, камуністаў, фашыстаў і сіяністаў наводзіць на думку, што аўтар і сам ня ведае, для каго піша. Можна лічыць агульную лінію «Надлому» працягам традыцыі савецкага гістарычнага раману, такога, як «Петраград—Брэст» Івана Шамякіна. Аднак такога адчувальнага недахопу мастацкасьці і прыправы з публіцыстыкі белаэмігрантаў-чарнасоценцаў у савецкі час не дазвалялі.

Зьміцер Серабракоў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0