Тым гамяльчанам, якім абрыдлі чырвоныя транспаранты ўпоперак вуліц ды шыльды кшталту «Ремонт часовЪ», варта завітаць у сквэрык насупраць мэдінстытуту.

Адзін з будынкаў, што ля сквэру, дагэтуль упрыгожаны вялізнай «Пагоняй». Яна завяршае пано на сьцяне дому №5а па вуліцы Ланге. Глухі мур пяціпавярховага будынку быў размаляваны ў 1992 г. да юбілею Гомелю. Пано адлюстроўвае гісторыю гораду. Бадай, зашмат месца займаюць відарысы польскага ды расейскага арлоў, аднак з кампазыцыі зразумела, што гэта — пройдзены этап. «Пагоня» добра відаць з суседніх вуліц: Савецкай, Білецкага, Камунараў. За некалькі крокаў — раённая адміністрацыя, але ў гэтым выпадку ўлады ня блытаюць мастацтва з палітыкай. Наадварот, апошнім часам у сквэры пабольшала нацыянальнага калярыту: усталяваны слуп з бусьлянкай, а ў ёй — умела зробленая пара птахаў варушыць крыламі ад павеваў ветру.

Да «Пагоні» папрывыкалі нават пэнсіянэры — асноўныя насельнікі гэтага кутка гораду. Велічыня кватэрнай платы турбуе іх больш за пано. А адвячоркам, калі канчаюцца заняткі ў мэдінстытуце і моладзь запаўняе сквэрык, над якім высіцца «Пагоня», узьнікае адчуваньне, быццам ты апынуўся ў пачатку дзевяностых. Але таму, хто захоча наведаць гэтае места, ня раю надта расчульвацца, бо за паваротам, на вул.Білецкага, як халодны душ, яго чакае шыльда «Русский трактирЪ».

Сяргей Баранаў, Гомель

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0