З кожным днём дзяржава робіцца занадта вялікай для мясцовых праблемаў і занадта малой для транснацыянальных карпарацый.

Межы краінаў праточваюцца міграцыямі, расьцярушваюцца інфармацыйнымі плынямі, дзяржавы злучаюцца павуціньнем сусьветнага гандлю.

Вялікія карпарацыі хоць і зьвязаныя шчэ зь месцамі свайго паходжаньня, але дэманструюць ананімна-ветлівую адстутнасьць твару.

У такіх умовах чым можа стацца маленькая й слабая краіна?

Краіна ў будучыні — гэта прылада для экспансіі культурных формаў, прыдатная прастора для вырошчваньня напрамкаў і стыляў, інкубатар своеасаблівых і адзінкавых мясцовых традыцый. (Запрашаем турыстаў у Полацак, Нясьвіж і Горадню!)

Гандлёвыя брэнды — таксама культурныя формы й пэўныя стылі, нат калі стыль часова й абезасоблены. Краіна можа выступаць матрыцай, закваскай і захавальніцай гандлёвых формаў і стыляў.

Культурныя формы спалучаюць адначасова манапалізм і множнасьць. Множнасьць — таму што творчасьць людзкая разнастайная й рознамясцовая. Манапалізм — таму што вялікія стылі ўсёахопныя: барока, клясыцызм, рамантызм былі напрамкамі сусьветнымі, хаця й мелі нацыянальныя асаблівасьці.

Але стыль эпохі заўжды меў паходжаньне й месца свайго гадаваньня: клясыцызм гадаваўся ў Францыі, рамантызм — у Нямеччыне. І нат невялічкая краіна можа стацца заканадаўцаю сусьветных формаў (і мець ад гэтага неблагі эканамічны прыбытак!).

Старыя муры на межах сточваюцца, але краіны набываюць новыя межы — гэта хісткія межы вобразаў. І гэтыя межы паўсюдныя.

Сувэрэнітэт заўтра — гэта здольнасьць забясьпечыць экспансію сваіх культурных формаў у любым пункце зямной кулі.

Для гэтага дастаткова быць Беларусяй.

Андрэй Расінскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0