Пажаданьні асабістыя і ня толькі, праекты і мары, зьвязаныя з Новым 2004 годам, выказваюць жыхары каралеўскага места над Нёманам і ваколіцаў.

Алесь Краўцэвіч, гісторык, мае як прыватныя, так і грамадзкія мары: «Я хацеў бы дакончыць кнігу пра Вялікае Княства Літоўскае — літаратурна выпісаны падручнік з ілюстрацыямі, мапамі. Каб усім было цікава чытаць — і навукоўцам, і аматарам. Ну, і зьбіраюся працягваць выдаваць «Гістарычны альманах». Яшчэ хочацца, каб пасунулася будаўніцтва дому. Гэта бацькоўская хата, якую я перавёз пад Горадню. Трэба шыбы старыя замяніць і зрабіць падлогу, каб можна было летам там спыняцца. Гэта мая мара — з гораду ўцячы туды, каб жыць там потым настала. І яшчэ такая мара — хацелася б, каб улада цяперашняя ляснулася».

А Цаліна Пагерыла, дырэктарка гарадзенскага заапарку, уся пагружаная ў сваю працу, сваё захапленьне. Яна чакае, што ў наступным годзе працягнецца рэканструкцыя заапарку: «Яго плошча будзе павялічаная на паўтара гектара. Будуць пабудаваныя новыя памяшканьні для капытных зьвяроў і драпежных — ільвоў і тыграў. Заапарк дакупіць «сябровак» для самцоў блакітнай антылёпы і кенгуру, якія вось ужо год сумуюць у адзіноце. Самец антылёпы каштаваў дзьве тысячы эўра, а кенгуру — 700 даляраў».

Ваўкавыск-таксі

Мікалай Аўтуховіч, ваўкавыскі прадпрымальнік-галадоўшчык, чакае ад новага году ўзнаўленьня справядлівасьці. Для сп.Аўтуховіча і яго фірмы наперадзе яшчэ як мінімум два суды. «Мы ня ведаем, што гэты год нам прынясе. Але самае галоўнае — што таксоўкі працуюць, людзі не згубілі працы і зарабляюць грошы».

Тадэвуш Гавін, ганаровы старшыня Саюзу палякаў, застаецца перадусім палітыкам. Ён марыць, «каб нармальныя людзі выйгралі выбары ў парлямэнт і нешта пачалі зьмяняць у нашым жыцьці». У сп.Гавіна ў Польшчы выйшла новая кніга «Zwyciкstwa i porazki». У студзені адбудзецца яе прэзэнтацыя ў Польшчы, а ў наступным месяцы — у Горадні.

Мікола Маркевіч, раней галоўны рэдактар «Пагоні», сёньня адзін з выдаўцоў газэты «День», якую ўлады ўсяляк перашкаджаюць друкаваць. Усе ягоныя спадзяваньні зьвязаныя зь любімай справай: «Каб паўстала газэта, якую будзем рабіць мы зь сябрамі і якая будзе добрай спадкаемцай «Пагоні». Але ёсьць і прыватныя мроі, пра свабоду: «Я мару, каб адразу пасьля заканчэньня тэрміну майго пакараньня было зьнята істотнае для мяне абмежаваньне, зьвязанае з выездам за мяжу. У мяне шмат сяброў на Беласточчыне, я мару, што мы вып’ем зь імі беластоцкага піва «Dojlidy» ў Беластоку дзе-небудзь у добрай кнайпе. І я вельмі хацеў бы дачакацца, калі мае дзеці пасьпяхова здадуць экзамэны. Каб іхнія мары збыліся, бо іхнія мары ёсьць і маімі».

Многія гарадзенцы напісалі або пішуць кнігі. Кніжнасьць, культура друкаванага слова застаецца для беларусаў сэнсам і асновай. Для Юр’я Гуменюка, паэта, — тым больш: «Хачу, каб мая кніга «Вуліца тыгровых архідэяў» раскруцілася ў 2004-м. Каб тая кніга публіцыстычная, якую я задумаў яшчэ пры канцы ХХ ст., зьдзейсьнілася. І каб я ўвабраў у сябе шмат моцы, здароўя, натхненьня і нарэшце дапісаў свой раман «Апосталы нірваны».

Каб адчынілася кавярня

А вось для маладога пакаленьня музыка ў жыцьці значыць больш, чым кнігі. Вікторыя Фінская, сьпявачка рок-гурту «Айша»: «Пажаданьне ад гурту «Айша»: каб адкрылася кавярня, дзе можна было б сустракацца творчай публіцы. Вялікая мара: каб нарэшце выпаў сьнег у нашым горадзе. Пляны: паехаць на тэлепраграму «Кропка» на БТ і паспаборнічаць зь нейкай добрай групай. Шмат хто аддаў туды свае музычныя заявы, але ні адказу, нічога».

Андрэй Кусяльчук, да нядаўняга часу супрацоўнік зачыненай уладамі «Ратушы», з горыччу аглядаецца назад, у год 2003-ці: «Я хачу зрэалізаваць тое, чаго ня здолеў у 2003-м: стварэньне інтэрнэт-парталу і інфармагенцтва. Я хацеў бы, каб у наступным годзе адбыліся сапраўдныя незалежныя дэмакратычныя выбары. І каб мой 2004 год быў лепшым ад усіх папярэдніх у фінансавым і асабістым пляне. Мінулы год ня быў вельмі добры для мяне асабіста і, напрыклад, для бізнэсу. Я хацеў бы, каб штосьці зьмянілася ў адносінах улады да бізнэсу, да незалежных СМІ й да грамадзкіх арганізацыяў. І каб наступны год зьмяніў нашае грамадзтва, каб яно адчула сябе сапраўдным грамадзтвам».

Ліст ад Лукашэнкі

Уладзімер Панцялееў, акадэмік скульптуры Беларускай акадэміі выяўленчага мастацтва, старшыня абласной арганізацыі Саюзу мастакоў, наадварот, з уладамі ладзіў: «Я толькі што атрымаў ліст ад прэзыдэнта Лукашэнкі. Яшчэ нават не чытаў, вось гляджу: пратакол даручэньняў, гэта пасьля ягонай сустрэчы з прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі, я там быў адзіным прадстаўніком ад абласьцей. У нас будзе ў лютым выстава «Сучаснае мастацтва Горадні» — у Менску ў Палацы мастацтва. Гэта будзе выстава прафэсійнага мастацтва ўсёй вобласьці: жывапіс, графіка, скульптура, прыкладное мастацтва. Маіх будзе працаў дванаццаць. Мяне запрасілі на пленэр у Нямеччыну, які адбудзецца ў траўні, я паеду. Мару таксама, што ўсё ж такі я зраблю мэмарыяльную шыльду Васілю Быкаву, якая павінна зьявіцца ў нашым горадзе».

Мытніцкі народны калектыў

Супрацоўнікі Ашмянскай мытні — самі маюць уладу. Яны спадзяюцца на расьсяленьне ў новым годзе. У 2002 г. Ашмянскую мытню аб’ядналі з Пастаўскай і Воранаўскай, колькасьць супрацоўнікаў павялічылася, а месца паменела. У 2004 г. частка супрацоўнікаў пераселіцца ў новы будынак, які цяпер знаходзіцца на рэканструкцыі. Галоўны інспэктар аддзелу кадраў Ашмянскай мытні Алена Калыбіна чакае, што ў 2004 г. зьменшыцца колькасьць фактаў кантрабанды ды мытных правапарушэньняў і людзі ўсьвядомяць, што трэба жыць у правапарадку. Але ня мытам адзіным жывуць мытары. Спн.Калыбіна таксама спадзяецца на посьпехі калектыву народнай самадзейнасьці «Зорныя росы», якім яна кіруе. У 2003 г. ансамбль атрымаў званьне народнага — гэта адзіны ў нашай краіне мытніцкі народны калектыў.

Размова з паловай удзельнікаў апытаньня адбылася ў невялікай кавярні, дзе прыватным чынам трывала навагодняя пагулянка журналістаў, пераважна незалежных ад дзяржаўнай працы. У той самай кавярні, адкрыцьця якой жадае сьпявачка «Айшы». Афіцыйна яна ніяк не адкрыецца зь незалежных ад гаспадароў прычынаў. А месца ўтульнае: кава, гарачыя круасаны і глінтвайн, ніякага дыму, як і «ў цывілізаванай Эўропе» (апошнія паведамленьні з Італіі і Галяндыі пра забарону паліць у рэстарацыях і кавярнях). Урыўкі сьвята чуваць на дыктафоннай стужцы, чутны шлягеры накшталт «Bo dla tango trzeba dwojga» — «Budki suflera». Завітаў яшчэ «дзедушка Мароз», які дакучліва прымушаў паэта Гуменюка прачытаць «сьцішок» — зусім як у сцэнарах «навагодніх ёлак», якія сам паэт калісьці выдумляў для дзетак, калі працаваў у лялечным тэатры. «Дзедушка» выпіў чарку гарэлкі, ад закускі адмовіўся. Дарэчы, а сьнег напраўду насыпаўся на гарадзенскі брук і чарапічныя дахі.

Распытвалі Сяргей Максімовіч, Вераніка Дзядок

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0