Беларусь уступіла ў новы год — год выбараў, якія цяжка назваць парлямэнцкімі, але значэньне якіх немагчыма пераацаніць.

Калі ў 2000 г. дэмакратычная апазыцыя падгадала з байкотам, дык на пачатку новага стагодзьдзя настроі ў грамадзтве зьмяніліся. І 2003 год — год выбараў у мясцовыя органы ўлады — паказаў гэта. Аматары пэрманэнтнага байкоту, якія на прэзыдэнцкіх выбарах ня здолелі сабраць 100 тыс. подпісаў за свайго правадыра, могуць цьвердзіць пра нелегітымнасьць «парлямэнту» і яго бяспраўе, але іншага выбарнага органу нацыянальнага маштабу ў нас няма. Значыць, і альтэрнатывы выбарам няма (ня будзем жа мы сур’ёзна разглядаць магчымасьць рэвалюцыі).

2004 год ёсьць пачаткам палітычнага цыклу, які мае завяршыцца ў верасьні 2006 г. прэзыдэнцкімі выбарамі.

З 1992 г. дэмакратыя ў Беларусі церпіць паразу за паразаю. І віна за гэта кладзецца на «правадыроў», якіх турбавалі і турбуюць у першую чаргу не інтарэсы дэмакратыі, а іх пэрсанальнае месца ў дэмакратычным руху, «крэсла», «партфэль», доступ да рэсурсаў.

У 2003 г. дэмакратычныя партыі дасягнулі маленькага посьпеху на мясцовых выбарах. Ці азначае гэта паварот да лепшага? Аптымісты сьцьвярджаюць — так. Пэсымісты ў гэтым ня ўпэўненыя. Але і тыя, і другія згодныя ў адным: ад таго, як будуць складацца справы ў 2004 г., шмат у чым будзе залежаць вынік выбарчае кампаніі 2006 г.

Калі аптымісты кажуць пра зьмены ў настроях грамадзянаў, дык пэсымісты паказваюць на тое, што на чале дэмруху стаяць асобы, якія ўпэўнена вялі яго ад паразы да паразы, што дэмпартыі хварэюць на невылечныя, як здаецца, хваробы і няздольныя да абнаўленьня.

Для дэмакратычнага руху, як і раней, актуальнымі застаюцца пытаньні: ці будуць унутрыпартыйныя «разборкі» па-ранейшаму першачарговаю справаю? Ці будзе міжпартыйная канкурэнцыя, як і раней, на другім пляне? Ці па-ранейшаму адзінства дзеяньняў дэмакратычных сілаў заставацьмецца трэцярадным клопатам? Вось пытаньні, на якія адкажа год 2004.

Дагэтуль у Беларусі існавала дзіўная практыка: партыя прайграе выбары, а яе старшыня застаецца на пасадзе або расколвае партыю, каб утрымаць «партфэль».

Ня выключана, што 2004 г. пакладзе канец гэтай недэмакратычнай практыцы. Ва ўсякім разе, гэты год будзе выпрабаваньнем для партыяў і на іх дэмакратычнасьць.

Анатоль Сідарэвіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0