Карэспандэнтка «НН» пабыла ў скуры беспрацоўнае
«Ужо ўзялі»
Панядзелак. Сьвежыя сьпісы вакансіяў толькі зьявіліся на дошцы аб’яваў. Вакол натоўп, ня ўбіцца. Азнаёміўшыся, пераконваешся — мала што зь мінулага тыдня зьмянілася.
Вартаўнік (даглядчык жывёлы) — заробак 77000 руб.
Прыгарадныя білеты падаражэлі, грошы ў калгасе плацяць рэдка. Нават на праезд да той фэрмы наўрад ці заробіш.
Інжынэр, досьвед працы, веданьне замежных моваў, ПЭВМ. Заробак — 79000 руб.
Сьмех і гора! Хоць на турэцкага султана вучыся! Хочаце атрымаць зьвесткі пра самыя непэрспэктыўныя прадпрыемствы і пасады — угледзьцеся ў сьпісы. Калі абвестка завісае тут месяцамі ці зьяўляецца некалькі разоў на працягу году, ведай — альбо малы і нерэгулярны заробак, альбо аддаленасьць ад гораду, цяжкія ўмовы працы. Найчасьцей гэта ўсё спалучаецца разам. Вясковыя ФАПы, ДК, крамы, калгасы і саўгасы раёну, зьверафэрма, фабрыка мастацкіх вырабаў. Апошнім часам тут жа, у будынку РЦЗ, спрабуюць вэрбаваць беспрацоўных прадстаўнікі сеткавага маркетынгу. Але вялікага посьпеху ня маюць нават сярод такой аўдыторыі.
Пабачыўшы вакансію з заробкам, вышэйшым за 120000 руб., ды яшчэ ў сфэры культуры або адукацыі, асабліва ня радуйцеся. Хутчэй за ўсё, патэлефанаваўшы, пачуеце: «Ужо ўзялі».
І гэта ўсяго праз гадзіну-дзьве пасьля таго, як абнавілі інфармацыю. Кожная ўстанова мусіць падаваць зьвесткі ў РЦЗ. Інакш юрысты цэнтру могуць аштрафаваць кіраўніцтва. Вось і падаюць, а на працу бяруць усё роўна сваіх знаёмых. Шанец хоць неяк уладкавацца з дапамогаю службы занятасьці маюць хіба мужчыны з будаўнічымі спэцыяльнасьцямі.
Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".
Тацяна Барысік, Магілёў