Навучэнцы і выкладчыкі Ліцэю сьвяткавалі ў двары, не занялі будынку.14 студзеня навучэнцы й выкладчыкі Беларускафга ліцэю сабраліся пад мурамі сваёй alma mater па вул. Кірава. Яны ў чарговы раз адзначылі Дзень Ліцэю. У гэты дзень 12 гадоў таму будынак быў перададзены навучальнай установе пастановай Саўміну. Агулам жа Ліцэй адзначыў свой 14-ы дзень нараджэньня.

Намесьнік дырэктара Лявон Баршчэўскі згадваў першыя гады існаваньня Ліцэю. Як прэм’ер Кебіч не хацеў ставіць апошні подпіс для перадачы Ліцэю будынку на вул.Кірава і пагадзіўся на гэта, калі бацькі й вучні ўжо самі занялі будынак. Кіраўнік Ліцэю Ўладзімер Колас зазначыў, што ліцэісты з выкладчыкамі маглі б заняць будынак, як зрабілі гэта ў 92-м: «Але мы будзем трымацца ў рамках закону».

Будынак, зь якога ліцэістаў выкінулі на падставе рамонту, дагэтуль стаіць пусты. Ніякія рамонтныя работы тут не вядуцца. Намесьніца дырэктара Ірына Сідарэнка, якой удалося прайсьці ў былы свой кабінэт, кажа, што ўнутры ўсё засталося некранутым: «На сьценах зь лета вісяць нашыя віншаваньні выпускнікам, у маім кабінэце ляжаць сшыткі з творчымі працамі».

Сёньняшняе сьвяткаваньне Дня Ліцэю прыпала на апошні дзень вакацыяў, якія ў ліцэістаў пачаліся й скончыліся пазьней, чым у іншых школах, бо месяц дзеці вучыліся ў Вільні. У нармальных умовах рабілі лябараторныя працы па хіміі, фізыцы, займаліся фізкультурай у спартзалі. Урэшце пабылі ўсе разам і зноў адчулі сябе калектывам. Вярнуліся ў Менск толькі 3 студзеня.

Але скончыўся і гэты кароткі адпачынак. Л.Баршчэўскі нагадаў, што для вучняў 2-га й 4-га курсаў наступнае паўгодзьдзе будзе надзвычай складаным: трэба рыхтавацца да здачы дзяржаўных іспытаў.

Сьвята Ліцэю мае працягвацца. 15 студзеня ліцэісты зьбяруцца ў ліцэйскім дворыку, каб запусьціць у неба сьвяточныя балёнікі, а потым правядуць чарговую сьпеўную акцыю на праспэкце Скарыны. 16 студзеня ўвечары ў менскім клюбе «Тунэль» адбудзецца сьвяточная вечарына з паказам ліцэйскай кінахронікі й дыскатэкай.

«НН» далучаецца да віншаваньняў.

Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0