Лодочки.Безь Білета, 2003

Менскі гурт «Безь Білета» выдаў відэа-максы-сынгл «Лодочки» — першы такога кшталту прадукт у гісторыі беларускага шоў-бізу. У дыск увайшлі два самыя новыя кліпы каманды — «Нарисована» і «Лодочки», плюс два відэашэрагі да песьні «Stop Business» — анімацыйны і «рэміксавы». Да ўсяго, можна пабачыць тры жывыя выступы «ББ» розных часоў. Апошняе — для шалёных прыхільнікаў, бо гук і карцінка жудасныя (акром кінахронікі з «Рок-каранацыі»).

Разынка дыску — дзівацкі кліп на песьню «Лодочки», зьняты малымі сіламі, без спэцэфэктаў, дэкарацыяў, масоўкі і г.д. Толькі Ён, Яна ды горад з фантанамі, крамамі, плошчамі й паркамі... Густоўна. А вось відэапраца на песьню «Нарисована» пэўна трапіць у архіў. Тры хвіліны апэратар мітусіцца з камэрай на заднім сядзеньні таксоўкі, здымаючы вячэрні праспэкт Скарыны...

Лідэр групы Віталік «Артыст» асабіста запісаў увесь наклад сынглу ды пранумараваў кожны дыск. Усяго атрымалася 77. Некалькі дыскаў будуць зь сюрпрызамі: так, у №13 укладзены запрашальнік на найбліжэйшы канцэрт «Безь Білета». Замовіць сынгл можна праз сайт групы www.bezbileta.com.

Рыхтуецца й выданьне паўнавартаснага альбому каманды — «Нарисована». З часоў плыткі «На неба» стылістыка ды склад гурту зьмяняліся. Беларускамоўныя песьні зусім зьніклі з рэпэртуару «Безь Білета», а Віталік просіць журналістаў пісаць назву групы бязь мяккага знаку…

Сяргей Будкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0