Урад плянуе падвысіць заробкі ў бюджэтнай сфэры да 175, а ў рэальным сэктары — да 195 даляраў да канца 2004 г.

Для параўнаньня: летась сярэдні заробак не дасягнуў і 120 даляраў. Рэальныя заробкі расьлі далёка ня так хутка, як ВУП, экспарт і імпарт ды інш. А наперадзе, у 2005-м, — справаздача перад народам за абяцаныя да таго часу 250 USD кожнаму працоўнаму.

Вось і пачалі ўлады варушыцца. Ужо 12 студзеня тарыфная стаўка першага разраду была павялічаная да 35 тыс. руб. Плян падвышэньня заробкаў будзе даведзены кожнай вобласьці ў выглядзе дакладнага графіку (!). Дырэктар кожнага прадпрыемства будзе несьці адказнасьць за выкананьне паказчыкаў пляну. Калі дагэтуль прадпрыемствы здавалі справаздачы мясцовым уладам у выкананьні пляну выпуску прадукцыі/паслугі, дык цяпер яны мусяць рабіць тое самае і адносна пляну павелічэньня заробкаў.

Беларускую эканоміку нельга назваць эфэктыўнай. У краіну не ідуць інвэстыцыі, новыя тэхналёгіі. Не рэфармуюцца састарэлыя прадпрыемствы, не скарачаецца неэфэктыўная занятасьць. Не разьвіваецца прадпрымальніцкі сэктар. У такіх умовах казаць пра падвышэньне прадукцыйнасьці працы і, адпаведна, павелічэньне заробкаў папросту немагчыма. На што ж спадзяюцца ўлады, калі робяць такія прагнозы?

Па-першае, «падвысіць» рэальны заробак можна з дапамогай разнастайных статыстычных маніпуляцый. Мо яшчэ раз будзе зьмененая мэтодыка разьліку заробку. Альбо кіраўніцтва заводаў зоймецца элемэнтарнымі прыпіскамі.

Па-другое, будзе адбывацца далейшая ліквідацыя перакрыжаванага субсыдыяваньня паслугаў ЖКГ. Бюджэт папоўніцца новымі паступленьнямі ад грамадзянаў і здолее плаціць большыя заробкі. Але ж і яны будуць плаціць болей за жытло.

Па-трэцяе, улада спадзяецца на далейшае падзеньне курсу даляра. У 2003 г. індэкс росту спажывецкіх цэнаў у краіне ў два разы перавысіў рост курсу даляра. Паводле ацэнак экспэртаў, за апошнія гады пакупніцкая здольнасьць даляра зьменшылася недзе на 40%. Але на гэты фактар беларускі ўрад уплыву ня мае. Амэрыканская эканоміка, якая цяпер добра разьвіваецца і мае выдатныя пэрспэктывы, можа лёгка парушыць пляны ўладаў нашай краіны.

І найважнейшае: такое падвышэньне заробкаў прывядзе да перанапружаньня ў рэальным і фінансавым сэктарах эканомікі, бо яно будзе штучным, не абумоўленым адпаведным падвышэньнем прадукцыйнасьці працы. Гэта можа выклікаць інфляцыю і хранічную нявыплату альбо нясвоечасовую выплату заробкаў. Зусім як у жахлівых казках пра Расею, што паказваюць па тэлевізіі.

Дамінік Міхайловіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0