У Бабруйску адбыўся суд паводле пазову былога старшыні райвыканкаму Віктара Шчэцькі да былога дырэктара Асіповіцкага кансэрвавага заводу М.Ткачэнкі аб абароне гонару і годнасьці.

Прычынай стаўся артыкул «Сьвеціць «вэртыкальная» зорка», надрукаваны ў «БДГ» і перадрукаваны мясцовай незалежнай газэтай «Панарама». Там В.Шчэцьку вінавацілі ў службовых злоўжываньнях. Ёсьць меркаваньне, што інфармацыю для «БДГ» «зьліў» былы дырэктар кансэрвавага заводу М.Ткачэнка, які быў спачатку прызначаны, а потым звольнены В.Шчэцькам. Пасьля публікацыі Шчэцька падаў у суд пазоў аб абароне гонару і годнасьці, якія ацаніў у 20 млн руб. Суд прызнаў М.Ткачэнку вінаватым у распаўсюджваньні непраўдзівых зьвестак і прызначыў выплаціць 500 тыс.

Паводле сьцьверджаньняў сьведкаў, В.Шчэцька быў разьюшаны малым памерам сумы. Да таго ж, абарона зьбіраецца падаваць касацыйную скаргу. Дый пазову да «БДГ» у суд не паступала.

Гэта ўжо другі вялікі «працэс» Шчэцькі, зьвязаны з Асіповічамі. У 2001 г. на ягоную заяву асіповіцкая пракуратура распачала, а потым вымушаная была зачыніць крымінальную справу на рэдактара «Панарамы» М.Тамашова «па факце паклёпу»... праз адсутнасьць факту злачынства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0