29 або 30 студзеня вычэрпваюцца аб’ёмы паставак газу ў Беларусь т.зв. незалежнымі пастаўшчыкамі. Між тым чарговы раўнд перамоваў паміж «Белтрансгазам» і «Газпромам» скончыўся безвынікова. Гэта значыць, што Расея зноў будзе пагражаць поўным адключэньнем газу. 24 студзеня знэрваваны Лукашэнка двойчы тэлефанаваў Пуціну, калі «Ітэра» і «Транснафта» абвесьцілі аб спыненьні паставак. Газ пайшоў, але што засталося за кулісамі?

Як паведаміў кіраўнік «Газпрому» Аляксей Мілер, «пэрыяд рамантызму скончаны». Крыніцы ў «Газпроме» паведамляюць: спрэчка працягваецца аб цане на газ — беларусы настойваюць на 46 далярах за тысячу кубоў, Расея патрабуе 50 — і тарыфах на транзыт: Беларусь хоча ўзьняць іх да $1,09 за пампоўку тысячы кубоў на 100 км, Расея патрабуе кошту $0,73.

Пры гэтым ні для кога не сакрэт, што газавы шантаж выкліканы ня столькі жаданьнем беларускага боку купляць таньней, колькі патрабаваньнем Расеі прадаць «Газпрому» «Белтрансгаз» па прымальнай для яе цане. Беларусь на гэта не ідзе. Яна цалкам аплачвае пастаўкі газу і нават гатовая аплачваць іх па вышэйшых тарыфах коштам павелічэньня бюджэтнага дэфіцыту. Пытаньне, такім чынам, больш палітычнае, чым эканамічнае.

Лукашэнка трапіў у пастку самім жа падпісанага міжурадавага пагадненьня аб інтэграцыі ў энэргетычнай сфэры і, шырэй, пагадненьняў аб саюзе з Расеяй. Парушаючы ўласныя абяцаньні, ён правярае, наколькі ён незалежны ад Пуціна.

Тым часам з апазыцыйнага лягеру гучаць галасы, што ў продажы «Белтрансгазу» няма небясьпекі для краіны, а цана 600 млн даляраў цалкам прымальная. У Рэдакцыі «НН» тэму абмяркоўваюць кандыдат эканамічных навук Уладзь Калупаеў і былы намесьнік начальніка ўпраўленьня інвэстыцыяў Міністэрства энэргетыкі Валянцін Мацкевіч. Што будзе? Што варта рабіць ураду? Якія вывады напрошваюцца?

«НН»: Старшыня Назіральнай рады «Белгазпрамбанку» Валеры Дашкевіч у апошнім нумары «Белорусского рынка» піша, што ў аснове газавага канфлікту — пытаньне ўласнасьці на «Белтрансгаз». На думку Дашкевіча, «Белтрансгаз» не зьяўляецца настолькі важным элемэнтам эканамічнай і энэргетычнай бясьпекі Беларусі, каб дзеля яго парушаць падпісанае міжурадавае пагадненьне з Расеяй. У год ён прыносіць усяго 35—40 млн даляраў прыбытку. Да таго ж, піша ён, з кожным годам «Белтрансгаз» будзе абясцэньвацца. Дашкевіч параўновае яго ролю ў забесьпячэньні Беларусі газам зь якім-небудзь «Запсібтрансгазам», празь які таксама ж ідзе газ у Беларусь. Што Вы думаеце пра гэта?

Валянцін Мацкевіч: «Белтрансгаз» — адзін з ключавых элемэнтаў беларускай эканомікі. Кантроль над ім — гэта кантроль над нашай эканомікай. Дый навошта прадаваць вельмі прыбытковае прадпрыемства?

«НН»: Дашкевіч кажа, што прыбытак будзе зьмяншацца, бо беларускі бок ня мае ўласных сродкаў на мадэрнізацыю...

В.М.: Газаправоды, сапраўды, патрабуюць мадэрнізацыі, але гэта не пытаньне сёньняшняга дня.

«НН»: У часе амаль супалі разрэклямаванае падпісаньне расейскім прэм’ерам Касьянавым рашэньня пра будаўніцтва Паўночнаэўрапейскага газаправоду па дне Балтыйскага мора і шантаж Беларусі. Ці ёсьць нейкая ўзаемасувязь паміж гэтымі падзеямі? Наколькі рэалістычная пабудова газаправоду па дне мора?

В.М.: Будаўніцтва па дне — гэта велізарныя сродкі. Гэты праект здаецца блефам. У любым выпадку транзыт празь Беларусь заўсёды таньнейшы. Калі б Расея транспартавала газ у абыход Беларусі, гэта каштавала б ёй дадатковыя 200 млн даляраў. Наколькі я ведаю, ва ўрадзе аналізуецца гэты расейскі праект, узважваюцца ўсе магчымыя сытуацыі.

Колькі каштуе «Белтрансгаз»

«НН»: Беларусы аргумэнтуюць, што цана газу для Беларусі павінна быць ніжэйшай, чым для Ўкраіны, бо празь Беларусь ідзе карацейшая дарога да Эўропы. Гэта абгрунтаванае патрабаваньне?

В.М.: Беларускія трубаправоды пастаўляюць газ на поўнач Эўропы, а ўкраінскія — на поўдзень... Розныя рынкі…

Уладзь Калупаеў: Непрыгожа паказваць партнэру, як трэба фармаваць сабекошт газу. Гэта тавар расейцаў, яны за яго могуць выстаўляць любую цану, а нашая справа — вырашаць, браць яго ці ня браць. Гэта фактычна пошук дробязяў, якія аддаляюць вырашэньне самой праблемы.

«НН»: Ці былі прэцэдэнты ўзгадненьня тарыфаў між Беларусяй і Ўкраінай?

В.М.: Калі б такое супрацоўніцтва было наладжана і ўзгадняліся пазыцыі, праблемаў не было б. Але ж раней Беларусь падстаўляла Ўкраіну, а сёньня Ўкраіна фактычна не зьвяртае ўвагі на Беларусь.

Імпэрыялізм — напэўна, а лібэралізму ніякага

«НН»: Тым ня менш, ва Ўкраіне сочаць за цяперашняй сытуацыяй. Экспэрт кіеўскага аналітычнага Цэнтру імя Разумкова Ўладзімер Сапрыкін заявіў: «Перамовы ў Кіеве адбываліся якраз у момант, калі Расея выступіла з рэзкім газавым шантажом у дачыненьні да Беларусі, пагражаючы ёй поўным спыненьнем паставак газу, калі Менск не пагодзіцца за капейкі аддаць «Газпрому» кантроль над сваімі газаправодамі. Нас таксама пужалі, таксама шантажавалі, але ніколі не даходзілі да такіх мэтадаў. Гаворыцца, што дзяржаўнай дактрынай у Расеі цяпер зьяўляецца лібэральны імпэрыялізм. Імпэрыялізм — напэўна, а лібэралізму тут няма ніякага».

В.М.: Я перакананы, што мэта «Газпрому» — паставіць нашу эканоміку на калені. А цана газу — другаснае пытаньне. Гэта шантаж. Прымеркаваны, дарэчы, да маразоў...

У.К.: Не называйце сытуацыі шантажом. Тут звычайныя эканамічныя адносіны. Пуцін адстойвае інтарэсы Расеі і ў прыватнасьці «Газпрому». Узьнікаюць пэўныя паралелі паміж тым, што цяпер адбываецца ў саюзных дачыненьнях Беларусі і Расеі, і часамі, якія папярэднічалі падзелу Рэчы Паспалітай. Тады расейскі цар Пётар I дамовіўся з прускім каралём аб кансэрвацыі старых парадкаў і недапушчэньні рэформаў у Рэчы Паспалітай.

Расея захоўвала для Беларусі нізкія цэны на газ, адцягваючы тым самым рынкавыя рэформы, рэструктурызацыю беларускай эканомікі, ліквідуючы канкурэнта на адзіным рэгіянальным рынку. Кансэрвацыя эканомікі прывяла да таго, што мы прайграём расейцам нават у цэнавай канкурэнтаздольнасьці. Цяпер Расея проста выкарыстоўвае слабасьць беларускай эканомікі. Яны разьлічваюць, што рана ці позна нас даціснуць і будуць кантраляваць ня толькі транзыт газу, але і ўсю эканоміку цалкам. Я ня згодны з сп.Мацкевічам, што продаж «Белтрансгазу» стаўся б трагедыяй для Беларусі. Трагедыя — у адсутнасьці рэформаў, якая робіць эканоміку безабароннай.

Тое, што крызыс здарыўся цяпер, зімой, я лічу пралікам нашых уладаў. Калі б мы яшчэ на пачатку 90-х перайшлі на сусьветныя цэны, як краіны Балтыі, або хоць бы на варыянт Украіны, пэўныя рэформы адбыліся б. Краіны Балтыі цяпер маюць «прышчэпку» ад росту цэнаў на газ. Расея ня можа іх паставіць, як нас, у такія ўмовы.

Дзе Сідорскі возьме грошы

«НН»: Уявім, што цана газу ўзьнялася да 50 даляраў, а цана транзыту стала ўкраінскай. Страты Беларусі складуць 200—240 млн даляраў. Дзе ўзяць гэтыя грошы? Вы кажаце, сп.Мацкевіч, што крэдыт расейскі браць непажадана. Міжнародны валютны фонд нам таксама не дае крэдытаў. І што тады? Урад будзе вымушаны пайсьці на гэтыя пераўтварэньні ці будзе адцягваць іх, беручы расейскія пазыкі? А мо нейкі трэці варыянт?

У.К.: Я думаю, гэтыя грошы будуць знойдзеныя за кошт пераразьмеркаваньня. Возьмуць грошы з прыбытковых прадпрыемстваў, напрыклад з апэратараў мабільнай сувязі, і будуць датаваць стратныя прадпрыемствы. Па-другое, магчыма, панізяцца заробкі, зьнізяцца расходы на амартызацыю.

Тварам да Захаду

«НН»: Якія Вашы рэцэпты для ўраду, якое выйсьце з сытуацыі вы бачыце? Што рабіць?

В.М.: Па-першае, важна цалкам адмовіцца ад бартэру і перайсьці на разьлік грашыма: Беларусь — за газ, «Газпром» — за транзыт. Па-другое, яшчэ ня позна ўзяць кірунак на лібэралізацыю эканомікі, замежныя інвэстыцыі. Трэба, каб было адкрытае на Захад акно і каб былі зьнятыя палітычныя перашкоды заходняму капіталу. А для гэтага прынцыпова важна вырашыць нашы ўнутрыпалітычныя пытаньні. Па-трэцяе, прыватызацыя «Белтрансгазу», пакуль не рэфармаваная беларуская эканоміка, супярэчыла б канцэпцыі энэргетычнай і эканамічнай бясьпекі Беларусі, якую распрацавалі Акадэмія навук і Міністэрства эканомікі.

У.К.: Рост цэнаў на газ можна ўспрыняць як станоўчую зьяву, як натуральны штуршок да пэўных рэформаў. Палітычныя і эканамічныя пераўтварэньні падаюцца ідэальным варыянтам. Калі іх ня будзе, урэшце давядзецца аддаць ня самаму лепшаму расейскаму капіталу ўсё тое, што ён хоча...

Што да «Белтрансгазу», дык частку пакету акцыяў, як і плянавалася, можна было б прадаць. Гэта падвысіла б эфэктыўнасьць нашай газатранспартнай сыстэмы. Я тут ня бачу пагрозы нашай незалежнасьці. Самая вялікая пагроза — закансэрваваная структура нашай эканомікі, што прывязвае нас да Расеі.

Неабходная рэструктурызацыя эканомікі, дэвэрсыфікацыя замежнагандлёвых напрамкаў, паварот тварам да Захаду, уступленьне ў асноўныя міжнародныя арганізацыі. Але самае галоўнае — мадэрнізацыя нашай гаспадаркі за кошт прыцягненьня заходніх інвэстыцыяў. Бо расейцы зацікаўленыя толькі ў некаторых галінах, як нафтахімічны комплекс, электраэнэргетыка, камунікацыі, і ў некаторых буйных прадпрыемствах. А большасьць людзей у нас занятыя зусім у іншых сфэрах, якія мала цікавяць расейскі капітал.

А можа, дровамі

«НН»: Якія ёсьць альтэрнатывы паставак газу ў Беларусь, наколькі яны рэалістычныя?

У.К.: Ёсьць газ у Туркмэніі. На яго рэалізацыю патрэбныя выдаткі, ён можа быць выгадны толькі тады, калі Расея прапануе нам цэны, большыя за 90 даляраў за тысячу кубоў.

Не вялікая бяда, што Расея пастаўляе нам 100% газу. Бяда ў тым, што нашыя буйныя прадпрыемствы ня могуць разьлічыцца на 100% за энэрганосьбіты, прычым па сусьветнай цане і ў грашовай форме. Але мы павінны мець альтэрнатыўныя варыянты пастаўкі і тэхнічныя магчымасьці пераходу на іх у тэрміны, якія адпавядалі б энэргетычнай бясьпецы нашай краіны.

В.М.: Што тычыцца туркмэнскага газу, на сёньня ён кантралюецца сыстэмай газаправодаў «Газпрому» і аб’ём яго паставак залежыць менавіта ад апошняга. Асноўныя рэсурсы «Ітэры» — гэта туркмэнскі газ. Адно з эўрапейскіх патрабаваньняў да Расеі — каб расейскі манапалізм на транзыт туркмэнскага газу ў Эўропу быў зьняты. Гэтае пытаньне калісьці будзе вырашана. Гаворачы пра альтэрнатыву, мы павінны ўлічваць таксама і паліўны мазут...

У.К.: Паслухаць некаторых чыноўнікаў, дык «у нас і дроў шмат»…

«НН»: Ці рэальна кампэнсаваць частку нашых дадатковых выдаткаў на закуп энэрганосьбітаў за кошт платы за ўтрыманьне на нашай тэрыторыі расейскіх вайсковых базаў?

В.М.: Кошт утрыманьня такіх базаў павінен быць вельмі вялікі. Гэта ж аб’екты першага этапу зьнішчэньня, і Беларусь празь іх у выпадку глябальнага канфлікту трапляе пад удар.

У.К.: Прэзыдэнтам Беларусі аднойчы ўжо называлася лічба, колькі Расея павінна плаціць за гэтыя базы. Ён параўнаў іх з касмадромам Байканур і назваў лічбу — 200 млн даляраў штогод. Але гэта пытаньне палітычнае, а не эканамічнае...

Масква ім не кіруе

«НН»: Рэцэпты Вашы ясныя. А які б вы далі прагноз?

В.М.: Размова пра продаж акцыяў «Белтрансгазу» ўжо ня будзе ісьці, а будуць весьціся перамовы толькі пра кошт газу і транзыту.

У.К.: Безумоўна, мы будзем спажываць газ па большых цэнах, а расцэнкі за транзыт будуць крыху розьніцца ад украінскіх. У выніку, выйдзе варыянт ня самы горшы, але й ня самы лепшы. Цяпер расейцы, здаецца, хочуць толькі пакараць Беларусь, гаворка аб поўнай перамозе ня йдзе. А далей гэтая тэндэнцыя будзе захоўвацца. Будуць новыя нагоды для прэтэнзіяў. Пакуль што акцыянаваньня «Белтрансгазу» ўдасца пазьбегнуць. Потым пачнецца накопліваньне дзяржаўнай запазычанасьці. І калісьці расейцы скажуць: трэба пагасіць запазычанасьць, давайце нам кантрольны пакет «Белтрансгазу». Гэта справа часу. Я ня ўпэўнены, што «Белтрансгаз» да 2006 году пяройдзе да расейцаў, але ён калісьці ўсё роўна будзе ў іх. Хоць сутнасьць беларускага палітычнага рэжыму такая, што ён будзе да апошняга адстойваць дзяржаўны кантроль над беларускімі прадпрыемствамі…

Калі ня будзе прадавацца пры гэтым прэзыдэнце, Расея забярэ тое, што хоча забраць, як толькі ён зьменіцца. Хто б ні прыйшоў да ўлады, давядзецца аддаць.

В.М.: Ня згодны з Вамі. Сваімі дзеяньнямі Лукашэнка паказаў, што з 2001 году Масква ім не кіруе. Ня мае на яго ўплыву і Захад. І ў «газавай атацы» расейцы не атрымаюць вынікаў. Дарэчы, за мінулы год расейскія пастаўкі газу аплачаныя беларускім бокам на 106%!

Вось праз такія заявы, як Ваша, Беларусь прайграе інфармацыйную вайну… Наадварот, нядаўняя гісторыя з «Крыніцай», «Камунаркай», а цяпер зь «Белтрансгазам» павінна паказаць, што ніхто нічога бяз грошай не аддасьць. І будзе прадавацца за столькі, колькі каштуе. Але інфармацыйную вайну сапраўды Беларусь прайграе. Пройгрышныя настроі ўласьцівыя ня толькі некаторым дзеячам апазыцыі — мяне абурае тое, што заўляюць Чыгір ці Раманчук, — але і чыноўнікам таго ж «Белтрансгазу». «А хто ж будзе купляць беларускую прадукцыю, калі вырастуць цэны на газ?» — панікуюць яны. Хоць сабекошт прадукцыі вырасьце нязначна, дый цэны на сыравіну паралельна растуць і на ўнутрырасейскім рынку, дзе знаходзіць збыт большасьць нашых тавараў.

«НН»: Чым абумоўліваюцца паражэнскія настроі: аб’ектыўнымі ці суб’ектыўнымі фактарамі? Можа, некаторыя людзі пэрсанальна зацікаўленыя, каб «Белтрансгаз» перайшоў у «Газпром», з усімі наступствамі?

В.М.: Мне падаецца, што зацікаўленасьць маюць каля 300 структураў, якія працуюць на бартэр. Раней, у тым жа 2001 годзе, бартэр прыносіў велізарныя прыбыткі. Калі за бартэр цана нашай прадукцыі была ў паўтара разу ніжэйшая за сабекошт!.. Тут ляжаць менавіта асабістыя інтарэсы. І калі прапанаваны расейскі крэдыт, за які прыйдзецца расплачвацца зноў жа бартэрам, будзе прыняты, фактычна гэта пацьвердзіць, што нехта вельмі зацікаўлены ў гэтых фінансава-таварных плынях, якія ідуць праз энэргетыку.

Запісаў Алег Тачоны

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0