Калі расейскі газ скончыцца, у Беларусі застанецца месца, дзе будзе энэргія: вёска Дружная на Мядзельшчыне.

Яна сілкуецца электрычнасьцю зь ветракоў.

У Беларусі ніколі не было свайго атамнага рэактару, а пасьля Чарнобылю сам Бог наказаў заняцца экалягічна чыстымі (чамусьці яны называюцца альтэрнатыўнымі) крыніцамі энэргіі — ветрам і сонцам. Працоўных ветракоў у Беларусі некалькі. Адзін зь іх выкарыстоўваецца лякальна ў Койданаўскім раёне. Яшчэ два працуюць у вёсцы Дружная. Яны ўсталяваныя там грамадзкай арганізацыяй «ЭкаДом» супольна зь нямецкім партнэрам «Дамы замест Чарнобылю».

Два дружнаўскія ветракі разам выпрацоўваюць 1,3 млн кВт/г на год. Прыкладна столькі за год спажываюць 700 сем’яў. Энэргія, атрыманая зь ветракоў, падаецца ў сетку. За яе «ЭкаДом» атрымлівае грошы. Як сродак «нетрадыцыйнай» энэргетыкі, ветраэнэргія аплачваецца па большым тарыфе. Такі вятрак акупляецца за дзесяць гадоў, тэрмін службы — дваццаць гадоў.

Першы вятрак набываўся ў 2000-м і каштаваў каля мільёна нямецкіх марак. Арганізацыя «Дамы замест Чарнобылю» зьбірала на яго грошы ў Нямеччыне, але знайшла толькі палову ад заплянаванае сумы. Таму быў пабудаваны вятрак меншай магутнасьці. А ў наступным годзе нямецкі ўрад выдзеліў грошы для ўсталяваньня яшчэ аднаго.

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Вераніка Дзядок,Дружная—Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0