29.01.2004

Заробак у эўра ня вырас

У 2003 г. сярэдні заробак у Беларусі вырас на 21,9% у далярах і на 0,5% у эўра. Такія падлікі зрабіла агенцтва БелаПАН. Сярэдні заробак (да выліку падаткаў) склаў у сьнежні 299.859 руб.

ЦЭЦ на польскім вугалі

Чарговы праект, накіраваны на зьмяншэньне энэргазалежнасьці ад Расеі: у Берасьці збудуюць цеплаэлектрастанцыю, якая будзе працаваць на вугалі, здабываным у Люблінскім ваяводзтве Польшчы, за 120 км ад Берасьця. Праект коштам 150 млн даляраў крэдытуюць «эўрапейскія банкі». Найбліжэйшы шлях падвозу сыравіны — чыгункай праз Уладаву, што цяпер зусім не выкарыстоўваецца для грузавых і міжнародных перавозак.

У Мазыры згорнуць бровар

ААТ «Мазырпіва» падшукала новага інвэстара — ізраільскую фірму «Агралэксвэл», якая набыла 30% акцый прадпрыемства. Але ратаўнік крызыснага прадпрыемства зьбіраецца адмовіцца ад піваварства і перавесьці завод на выпуск ліманадаў і квасу. Маўляў, ні абсталяваньне бровару, ні мазырская жорсткая вада не дазваляюць выпускаць канкурэнцыйнае піва.

Дарэчы, сярэдні чэх выпівае 159 літраў піва ў год (абсалютны рэкорд), немец — 122, паляк — 68, а беларус — толькі 28—30 літраў.

Фэрмэры Берасьцейшчыны

Летась 65 фэрмэраў на Берасьцейшчыне згарнулі дзейнасьць. Аднак утварылася 171 новая гаспадарка, прычым аж 101 зь іх — у Лунінецкім раёне. Усяго ж у вобласьці 528 фэрмэрскіх палеткаў. Улады спакушаюць фэрмэраў браць у арэнду калгасы-банкруты. Сёлета такіх плянуецца рэфармаваць 100. Прыватны сэктар Берасьцейшчыны ў 2003 г. даў 48% валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі рэгіёну.

Рэкорд экспарту крывавага тавару

Галоўны расейскі экспарцёр зброі, дзяржаўная кампанія «Росабаронэкспарт», прадаў у 2003 г. узбраеньняў на рэкордную суму 5,1 млрд даляраў. Галоўныя пакупнікі расейскай зброі — даўнія супернікі Індыя ды Кітай. Найбольшыя кантракты — пастаўка Пэкіну 24 зьнішчальнікаў «Su-30MKK» больш чым на мільярд даляраў і набыцьцё Дэлі авіяносца «Адмірал Гаршкоў» з 12 зьнішчальнікамі МіГ-29K на борце за 1,6 млрд.

Новая крыніца газу для Эўропы

Газаправод з Эгіпту можа быць падоўжаны да Турцыі. Дамову пра гэта падпісалі прэм’еры Эгіпту, Ярданіі, Сырыі й Лібану. Першы кавалак «арабскага» газаправоду ўжо эксплюатуецца зь ліпеня 2003 г. Гэта рура даўжынёй 270 км з Сынаю ў Ярданію, што пралегла ў тым ліку на 16 км між партамі Таба й Акаба па дне Чырвонага мора.

МБ; БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0