Пасьля прэзэнтацыі Алесем Пушкіным карціны яму не дазволілі працягваць сплыў па Віліі ў складзе экспэдыцыі «Шляхамі графа Канстанціна Тышкевіча», якая зь Вялейкі накіроўваецца ў Коўна.

Пасьля прыпынку ў Вільні капітан беларускай каманды загадаў мастаку забраць свае рэчы й сысьці на бераг. Прычынай здарэньня стаў абраз, які Алесь Пушкін запрэзэнтаваў у Віленскай ратушы. Беларускія дыпляматы, якія бралі ўдзел у імпрэзе, былі шакаваныя зьместам мастацкага твору, а іх літоўскія калегі заявілі, што Пушкін пасварыў Беларусь і Летуву.

Алесь Пушкін далучыўся да беларускай каманды ў Вілейскім раёне. Разам з пяцю іншымі ўдзельнікамі экспэдыцыі ён сплываў па рацэ на плыце па маршруце Камена — Міхалішкі — Быстрыца да летувіскага Буйвіджаю, і далей празь Вільню ў Коўна.

Падчас прыпынку ў Вільні ўдзельнікі экспэдыцыі былі запрошаныя на ўрачысты прыём у ратушу, дзе гасьцей асабіста прыняў мэр Вільні Ёзас Імбрасас. У мерапрыемстве бралі ўдзел прадстаўнікі беларускага пасольства ў Вільні й дэпутаты палаты прадстаўнікоў.

У Вільню Алесь Пушкін прывёз адну са сваіх апошніх працаў, якая яшчэ нідзе не выстаўлялася. Мастак меў намер падараваць яе Віленскаму музэю Івана Луцкевіча. Падчас прамовы ў ратушы Алесь Пушкін запрэзэнтаваў сваю карціну перад публікай, што выклікала скандал.

А. Пушкін: Яшчэ ў Беларусі я запакаваў абраз, баючыся, што вада можа яго зьнішчыць, таму яго ніхто ня бачыў. Падчас прыёму ў ратушы я яго адкрыў і падараваў Музэю Луцкевіча. Там была намалявана праўда. Узьняўшы абраз угару, я сказаў: «Вось Беларусь, яна цяпер у чаканьні. Яна несвабодная. У гэтай краіне шануюцца помнікі Леніна й Суворава, там нельга размаўляць па‑беларуску, там судзяць маладафронтаўцаў». Пасьля гэтых словаў я ўручыў абраз мясцовым беларусам, і тады ўсе разьбегліся. Пазьней мяне не пусьцілі на плот. Старшыня нашай каманды Міхаіл Пётух загадаў капітану плыта, на якім я плыў, выгнаць мяне. Усе паплылі далей, а я застаўся адзін на беразе.

На абразе былі намаляваныя чырвона‑зялёныя рукі аголенай цяжарнай жанчыны, заплеценыя калючым дротам — гавораць сьведкі здарэньня.

А. Пушкін: Гэта выява несвабоднай Беларусі, якая некага нам хоча нарадзіць. Каго? Гэта залежыць ад нас. Можа нарадзіць злога й заздроснага чалавека, які на танку пойдзе на суседа, альбо новага графа Канстанціна Тышкевіча, які будзе нас аб’ядноўваць, закладаць музэі, апісваць берагі нашых культур.

Пасьля сустрэчы ў ратушы карціна Пушкіна зьнікла, так і не патрапіўшы ў Беларускі музэй.

Супрацоўніца Музэю Івана Луцкевіча ў Вільні Людвіка Вітушка пяць дзён намагалася знайсьці карціну. Сёньня абраз знайшоўся ў тым самым месцы, дзе яго й пакінуў мастак — у ратушы. Карціна аднак аказалася пашкоджанай, і яе мусяць перадаць на рэстаўрацыю.

Л. Вітушка: У той вечар было шмат жадаючых сфатаграфаваць карціну, а я вымушаная была тэрмінова зьбегчы на працу, таму карціна там і засталася. Цяпер абраз будзе захоўвацца ў беларусаў Вільні, так як і хацеў спадар Пушкін.

Выпадак з карцінай Пушкіна — гэта не адзінае непрыемнае здарэньне, якое здарылася падчас экспэдыцыі. Яшчэ адзін інцыдэнт адбыўся праз тое, што віленскія беларусы прывіталі экспэдыцыю бел‑чырвона‑белымі сьцягамі. Мясцовая паліцыя нават перапісала пашпартныя дадзеныя асобаў, якія трымалі беларускую нацыянальную сымболіку.

Л. Вітушка: У першы дзень нейкі летувіс вырваў сьцяг, камэнтуючы гэта тым, што сярод сустракаючых знаходзяцца два чыноўнікі. Як пазьней высьветлілася, ён сам аказаўся летувіскім чыноўнікам. Пазьней хтосьці нават выклікаў паліцыю, якая сьпісала дадзеныя асобаў са сьцягамі. Паліцыя патлумачыла гэта тым, што нельга доўга стаяць са сьцягамі.

У 90‑ыя гады, калі Літва змагалася за незалежнасьць, менавіта зь бел‑чырвона‑белымі сьцягамі мы былі ў самых гарачых месцах. Мы стаялі са сьцягамі на ўсіх мітынгах, нават 13 студзеня. На вышэйшым узроўні прымаюцца дэклярацыі, Лукашэнку не дазваляюць уехаць у Літву, а на такім ніжэйшым узроўні ўсё інакш. Дык пра якое паразуменьне можна гаварыць?

Дарэчы, згаданая сытуацыя ўзьнікла ўжо не ўпершыню — нездарма афіцыйнай сымболікай экспэдыцыі зьяўляюцца не нацыянальныя сьцягі абедзьвух краінаў, а сіняе палотнішча з напісам «Вілія‑Нярыс».

Міжнародная экспэдыцыя «Шляхамі графа Канстанціна Тышкевіча» распачалася на пачатку чэрвеня ад вёскі Камена Вялейскага раёну. Маршрут сплыву па Вяльлі цалкам адпавядае экспэдыцыі, якую 150 гадоў таму ажыцьцявіў гісторык, этнограф і архэоляг Канстанцін Тышкевіч. 3 ліпеня яна мае завершыцца ў Коўне.

Дзьмітры Гурневіч, Польскае радыё для замежжа

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0