Лявон. Піт. Юрась. Алезіс. Культура «NRM». Дыскаграфія «NRM». Палітыка «NRM».

Лявон

Спраўляе дзень народзінаў 14 верасьня (Панна). Шырокай публіцы вядомы як Вольскі, але, згодна з пашпартнымі дадзенымі, ён Зэйдэль. Лявонавы продкі — магілёўскія немцы-лютэране. Нават яго дзядуля быў ніякі не Віталь Вольскі, а Вітальд Фрыдрых Карлавіч Зэйдэль. Во як. Мо адсюль і нямецкія цытаты ў песьнях? Лявон быў у войску. Служыў у вайскова-паветраных сілах у Слуцку. Але на самалёце лётаць яму не дазвалялі.

Мае стабільную сям’ю, гадуе дачку Адэлю (увесну ёй будзе шэсьць гадоў). Жонка Ганна дапамагае ў музычных справах — была прадусаркай «Крамбамбулі». Сям’я жыве ў Фрунзэнскім раёне ў інтэрнацкай двухпакаёўцы. Лявон кажа, што «вузка, цесна, мала», але зважае, што бывае й горш. Як кожны вэтэран ВПС, марыць пра «запасны аэрадром»: прасторную хату дзе-небудзь у вёсцы, каб побач — лес, возера. Езьдзіць Лявон на «Mazda-323».

Дрэнных звычак амаль ня мае. Паліць зрэдчас — на розных застольлях, калі лягчэй паліць, чым не паліць. Апошні месяц алькаголю не спажывае наагул, пачаў нават на трэнажорах займацца. Горла любіць прамачыць добрай францускай мінэральнай вадой. Хоць у маразы ня супраць выпіць глінтвайну ды гарэліцы грамаў сто пад чырвоную рыбу (бр-р, толькі ня піва ўзімку!). Добра гатуе, але пра канкрэтныя ўпадабаньні не гаворыць. Маўляў, пры наяўнасьці часу можа згатаваць усё што заўгодна. Паводле адукацыі мастак, але малюе цяпер толькі «з нагоды» — калі трэба зрабіць камусьці падарунак. На жыцьцё асабліва не наракае.

Піт

Нарадзіўся 7 лістапада (Скарпіён). А зваць яго насамрэч Пятром. Асноўны занятак — гітара, акром іграньня ў шэрагу гуртоў дае прыватныя ўрокі. Спачатку вучыў бясплатна, але вучні прапускалі заняткі. Як прызначыў плату — дык чэргі стаялі. Жыцьцёвы прынцып: быць максымальна шчырым. Паводле ўласнага прызнаньня, занадта бурклівы, невыносны ў побыце ды яшчэ й выхваляка. Пры гэтым з жонкай, мастачкай Зояй Луцэвіч, жыве ўжо дзесяць гадоў. Праўда, шлюб грамадзянскі, бо ня хоча Піт падначальвацца «грамадзкім абрадам». Сыну Яну-Вінцэнту сем гадоў. Сям’я здымае двухпакаёку на вул.Захарава. Ядуць у залі, бо ў кухні — хатняя музычная студыя. Затое маюць ажно дзьве машыны — «Ford Sierra» і «Audi». Правоў у Піта няма («лянота!»), таму машынай кіруе жонка. Піт ня п’е, ня паліць, займаецца спортам (плаваньнем, у прыватнасьці). Любіць мяса, перадусім сьвініну, засмажаную вялікімі кавалкамі. Антыалькаголік («Фу! Якая брыдота!»), аматар журавінавага напою. Служыў у паветрана-дэсантных войсках.

Юрась

Віншаваць з народзінамі 23 чэрвеня (Рак). Працуе старшым тэхнікам Інстытуту праблемаў ядравай фізыкі БДУ. Адзіны з «энэрэмаўцаў», хто не служыў у войску: «адкасіў» у свой час. Абсалютна шчасьлівы ў шлюбе, з жонкай Дзінай разам пяць гадоў, дачцэ Яні — таксама пяць гадоў. Жывуць у трохпакаёўцы і таксама мараць пра «домік у дзярэўні» на паверхі два. Езьдзіць Юрась на звычайнай «сямёрцы». Упэўнена трымае ў рукох і інструмэнты немузычныя. Любіць заняцца «хатнімі мужчынскімі справамі»: што-небудзь падправіць, зрабіць мэблю з нуля, пакласьці паркет, скруціць рэактар... Ніколі ня супраць спажыць дранікі са сьмятанай. З напояў перавагу аддае каве, калі-нікалі гарэліцы. Мае сарамлівы характар, як і большасьць басістаў.

Алезіс

Дзень нараджэньня 7 лютага. Увогуле Вадаліў, але кажа, што няма яму адпаведнага знаку Задыяку. Жыве згодна з прынцыпам: як паставішся да іншых, так і яны паставяцца да цябе. Увесь час займаюць бубны й сям’я. Шмат сілаў ідзе на гадаваньне двухгадовае дачкі Паўліны. З жонкай Інгай жыве тры гады. Сям’я туліцца ў цеснай «хрушчоўцы» з дакладна не акрэсьленай колькасьцю пакояў. Як і Лявон, Алег скончыў мастацкую вучэльню. Пасьля былі танкавыя войскі. Алег з радасьцю «пажывіцца» сьвінінай і курацінай. З моцных напояў можа дазволіць сабе хіба разбаўленае віно, бо гадоў шэсьць таму з алькаголем завязаў. «І без аніякага кадзіраваньня, на ўласнай сіле волі», — хваліцца.

Культура «NRM»

Збольшага «энэрэмаўцы» бавяцца лёгкім чытвом. Алезіс і Юрась любяць францускія дэтэктывы 50-х (П’ер Буалё, Наэль Калеф), Лявон адно толькі пасьпявае праглядаць газэты ды калі-нікалі пакорпацца ў Інтэрнэце («спакойнае існаваньне трэба мець, каб чытаць нешта сур’ёзнае»). Адзін Піт чытае ажно дзесяць кніг адразу: на палічцы ў яго ляжаць апошнія творы Пялевіна, Эка, Тацяны Талстой ды томік Караткевіча.

Што да візуальнага мастацтва, дык Алезіс разам з сваёй Паўлінкай цалкам занураны ў «саюзмультфільмаўскія» творы, Піт глядзіць усё: і кіно не для ўсіх, і расейскія «баевічухі». Юрась аддае перавагу лёгкаму кіно — клясычным вэстэрнам ды фільмам фармату тэлеканалу «ТВ-1000». Лявон упадабаў «Піратаў Карыбскага мора» — надта спадабалася гэтая атмасфэра, што вярнула яго ў дзіцячыя гады. «Мы з табой піраты беларускіх рэк», некалі сьпявала «Мроя». Ад «Настасьсі Слуцкай» уражаньні ў Лявона дваістыя.

Цікава, што найлепшыя айчынныя музыкі ня надта цікавяцца ўласна музыкай. Апошняе, што слухаў Юрась, быў трыб’ют «Viza NRM». Лявон асаблівых адкрыцьцяў за апошні час не зрабіў. Хіба што новы альбом «ZZ TOP» і гурт «Queens of the Stone Age». Піт любіць пераслухоўваць альбомы «Red Hot Chili Peppers», Стынга, Брэгавіча. Алезіс паважае цяжкую музыку, кшталту «System of Down» ды «Linkin Park».

Дыскаграфія «NRM»

Група мае пяць студыйных альбомаў ды адзін канцэртны. Музыкі бралі ўдзел ва ўсіх супольных праектах (ад «Народнага альбому» да «Скрыпкі дрыгвы») і трыб’ютах («Песьнярок» і «Personal Depeche»). Першы альбом гурту зваўся «Lalala» (паводле загалоўнай песьні на вершы Міхала Анемпадыстава). Туды ўвайшлі песьні, напісаныя яшчэ за часамі «Мроі», але гэткая «грамадзянская лірыка» не пасавала новай эстэтыцы. «Одзірыдзідзіна», запісаная ўсьлед за «Lalala», прынесла гурту сапраўды масавую папулярнасьць: «Партызанская», «Мы самі па сабе», «Лепей ня будзе» прыйшліся вельмі дарэчы ў тыя «смутныя» часы. З «Одзірыдзідзінай» разьвілася ідэалёгія «NRM» як віртуальнай дзяржавы: музыкі падзялілі міжсобку «міністэрскія» паўнамоцтвы. Далейшымі альбомамі папулярнасьць «NRM» толькі замацоўвалася — «Пашпарт грамадзяніна NRM» прынёс адну з самых адметных айчынных рок-кампазыцыяў «Паветраны шар». Згаданыя альбомы запісваў Слава Корань. Менавіта ён знайшоў той фірмовы «энэрэмаўскі» гук. З «Трыма чарапахамі» гурт аб’ехаў усю Беларусь. Выхаду альбому папярэднічаў сынгл, ці, як назвалі «энэрэмаўцы», — «самотнік». Апошняя пакуль што праца гурту — «Дом культуры». Альбом быў выдадзены пры канцы 2002 г., разышоўся накладам каля 6000 асобнікаў і працягвае прадавацца.

Палітыка «NRM»

Незалежная Рэспубліка Мроя была заснаваная ў 1994 г. на аснове супольнай «Мроі» бацькоў-заснавальнікаў. Ва ўрад рэспублікі ўвайшлі: Лявон Вольскі (гітара, вакал), Піт Паўлаў (сола-гітара, бэк-вакал), Юрась Ляўкоў (бас-гітара, бэк-вакал) і Алезіс Дземідовіч (бубны). Лявон зьяўляецца міністрам працы й адпачынку, Піт займаецца пытаньнямі прапаганды, Юрась асвойтаўся на пасадзе міністра па барацьбе з карупцыяй і хабарніцтвам, Алезіс — адмысловец у сфэры турызму. Адразу ж па прыходзе на свае пасады кіраўніцтва «NRM» абвесьціла, што формай дзяржаўнага кіраваньня будзе ваяўнічая дэмакратыя, дзяржаўныя сымбалі — Герб і Сьцяг. У краіне пануе дзьвюхмоўе — беларуская-кiрылiца i беларуская-лацiнка. Кожны, хто хоча стацца грамадзянінам «NRM», мусіць запоўніць адпаведную заяву (можна знайсьці яе на сайце гурту www. nrm.by.com). Сярод асноўных дакумэнтаў гэтага ўтварэньня — Пашпарт грамадзяніна «NRM» (гл. аднайменны альбом) і Віза «NRM» (гл. аднайменны трыб’ют).

Сяргей Будкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0