Заехаў у госьці да пляменьніка.

У ягонай жонкі юбілей. Сабралася застольле — сябры, сваякі, суседзі. У другім пакоі сумуе Волька, суседзкая дзяўчынка трох гадоў. Маё зьяўленьне выклікае яе ажыўленьне. Я падсаджваюся да яе на канапу, і мы пачынаем дурэць — кідацца падушачкамі, валікамі. «Зараз я цябе закапаю», — кажа яна, перакульвае мяне на канапу і накідвае наверх усе падушкі і валікі. Я ляжу, не падаючы прыметаў жыцьця. «Ты што?» — зьдзіўлена пытаецца. «Закопваюць жа мёртвых, — тлумачу я. — Раз ты мяне закапала, значыць, я памёр». — «А як цябе ажывіць?» — «Пацалункам». Яна нахіляецца і цалуе ў вусны. І тут прыйшла пара зьдзіўляцца мне: гэта быў не бязгрэшны пацалунак дзіцяці, гэта быў прафэсійны пацалунак гейшы. Яна нават язычком павадзіла па маіх вуснах. Цікаўлюся: «Дзе ты навучылася так цалавацца?» — «Па тэлевізары». — «Ты што, і з татам, з мамай так цалуешся?» — «Не». — «А з кім?» — «Зь Сярожам». — «Гэта хто?» — «Ай, у нас у садзіку». Мяне клічуць за стол, і я пакідаю новую знаёмую.

Празь некаторы час частка мужчын вырашае зрабіць перакур, і на канапе, дзе мы сядзелі за сталом, застаюся толькі я. Волька прабіраецца да мяне цераз маміны і татавы каленкі. «Дзядуля, падымі мяне». Я падымаю яе на выцягнутых руках і кручу ў адзін, другі бок. Ёй гэта падабаецца, яна раскідвае рукі і «лётае» над намі, залівіста сьмеючыся. Апускаю. Яна абдымае мяне за шыю і шэпча: «Дзядуля, а цяпер давай паляжым». Я адхіляюся на сьпінку канапы. «Не, ня так, — абураецца яна маёй нездагадлівасьці. — Давай паляжым па-сапраўднаму». — «Як гэта па-сапраўднаму?» — насьцярожваюся я, помнячы той пацалунак. «Ну, ты кладзіся!» — гаворыць яна тонам, якім выхавальніца размаўляе зь някемлівым хлапчуком. Я кладуся на канапу. «Не, ты і ногі пакладзі!» Яна кладзецца разам са мной, абдымае мяне, я абдымаю яе, яна закідвае сваю нагу на мой жывот і пачынае выгінацца ўсім целам, імітуючы жарсныя жаночыя ласкі. Потым прытуляецца да мяне і зноў цалуе ў вусны пацалункам гейшы. Я запытальна азіраюся на бацькоў гэтай «німфэткі», што сядзяць побач і назіраюць за нашай гульнёй. Маці разгублена тлумачыць: «Наглядзяцца такіх сцэн у тэлевізары, вось і пераймаюць...» — «Яна што, начамі тэлевізар глядзіць?» — «Чаго начамі? Цяпер гэтага і днём хапае. Выхавацелькі ў садзіку глядзяць сэрыялы, вось і яны зь імі...»

Вось так! Мы абмяркоўваем праблему сэксуальнага выхаваньня ў школе, спрачаемся аб эротыцы як зьяве мастацтва. А пакуль мы абмяркоўваем і спрачаемся, праблема паступова «маладзее» і вось — ужо пранікла ў дзіцячы садок! Цяпер для дзяўчынкі ўсё гэта — толькі гульня, імітацыя падгледжанага ёю і яшчэ не ўсьвядомленага дарослага жыцьця. Але — гадоў празь дзесяць (крый Божа!) адзін такі пацалунак зь нейкім Сярожам можа абярнуцца вялікай драмай усяго яе далейшага жыцьця.

Забароны толькі абвастраюць цікавасьць. І ў выніку забароны дзіця будзе рабіць тое ж, толькі тоячыся ад тых, хто забараняе. На мой погляд, словы «кепска, брыдка, агідна» ў такіх выпадках нельга выкарыстоўваць, бо дзіця можа зразумець вялікую і чароўную зьяву каханьня як нешта непрыстойнае, бруднае. І не заўважаць — таксама ня выйсьце. Маўляў, падрасьце — зразумее. Пакуль зразумее, можа аказацца позна. Бо зразумець дапаможа той самы Сярожа, калі крыху сам падрасьце. «Тлумачоў» вакол дзіцяці хапае. Галоўны зь іх — той самы тэлевізар, сёньняшніх гаспадароў якога ня вельмі турбуюць такія праблемы.

Застаецца тлумачыць самім, тлумачыць далікатна, тактоўна і абачліва. Тлумачыць ужо ў такіх гадах. Размова зь дзецьмі на гэтую тэму — вялікае мастацтва, якім мала хто сёньня валодае нават сярод пэдагогаў. Але авалодаць гэтым мастацтвам цяпер становіцца неабходнасьцю для кожнага бацькі і кожнай маці. І ад таго, авалодаем мы гэтым мастацтвам ці не, залежыць лёс многіх Волек і Сярожаў.

Міхась Калясянец, Магілёў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0