Ордэн Мужнасьці даюць «за выключную адвагу і подзьвігі, зьдзейсьненыя ў экстрэмальных абставінах». Хоць ніякага геройства ў сваім фінальным двубоі зь Южным Уладзімер ня бачыць. Наадварот, спадзяецца, што больш такіх сытуацый ня будзе: «З шашкай нагала можна праскачыць раз, на другі ўжо ня ўдасца. Папросту сытуацыя склалася так, што трэба было выходзіць і максымальна добра рабіць сваю працу». На прэс-канфэрэнцыю ў аўторак Ваўчкоў прыйшоў няголены і ледзь стрымліваў пазяханьні. Ня тое сур’ёзны Мірны, новы твар «Вэлкаму», — гладкі і падцягнуты.

Сваіх ордэнаў спартоўцы пакуль ня бачылі, афіцыйнае ўзнагароджваньне адбудзецца пазьней. Ордэнам Айчыны да Мірнага і Цяцерына былі ўзнагароджаныя генпракурор Віктар Шэйман, гімнаст Іван Іванкоў, супрацоўнік Рады Бясьпекі Валянцін Нікіцін, маёр КДБ Саковіч, міліцыянт Міхаіл Дзям’янаў. Апошні — пасьмяротна, за абясшкоджаньне асабліва небясьпечных злачынцаў. Кампанія невялікая... Мірны і Цяцерын сьмяюцца, што цяпер будуць карыстацца льготамі Герояў Савецкага Саюзу.

Ордэн «За асабістую мужнасьць» да Ваўчкова атрымлівалі два палкоўнікі міліцыі — за асаблівыя заслугі, праяўленыя падчас аховы грамадзкага парадку (1998), — і сэржант міліцыі за выратаваньне людзей і маёмасьці падчас ліквідацыі пажару на барысаўскай чыгунцы.

Выйшаў зрабіў

У пятніцу, трапіўшы ў больніцу, Уладзімер прымаў спачувальныя тэлефанаваньні ад знаёмых і нават ня думаў, што хутка давядзецца зноў браць у рукі ракетку. Дактары жартавалі: вось мы зараз пачаруем — і ў нядзелю будзеш бегаць па корце. Дажартаваліся. Супраць Южнага ў нядзелю Ваўчкоў выходзіў з адзінай думкай: прынамсі, выйсьці, а там — як удасца. Само зьяўленьне яго на корце стала перамогай.

Цуд, створаны Пашуком

Траўматоляг Павал Пашук, загадчык аддзяленьня 6-й клінічнай больніцы, які накладаў павязку Ваўчкову перад матчам, спачатку паспрабаваў яе на сабе. Спадар Павал рабіў апэрацыю Ўладзімеру паўгоду таму, і з тае пары яны моцна сябруюць. Ваўчкоў нават запрасіў свайго доктара на Кубак Дэвіса, ня ведаючы яшчэ, што спатрэбіцца дапамога... Пасьля фатальнае пятніцы Пашук не адыходзіў ад Уладзімера. Без Пашука невядома, ці ўдалося б падняць Ваўчкова.

Месца для подзьвігу заўсёды ёсьць там, дзе ня створана належных умоваў для працы. Беларускія тэнісісты ня маюць нармальных кортаў, не падрыхтавана добрай замены для складу зборнай. Хлопцы, якія падавалі надзеі, цяпер жывуць за мяжой і гуляюць у непрафэсійных унівэрсытэцкіх зборных.

Уладзімер лічыць сваім абавязкам працаваць з маладым пакаленьнем, перадаваць ім досьвед, прызнаўся ён на прэсавай канфэрэнцыі ў аўторак. Таго самага чакае і ад Макса Мірнага. Ваўчкоў тым больш разумее патрэбу такога выхаваньня, што сам з шаснаццаці гадоў займаўся бяз трэнэра. Завочна трэніруецца, кансультуючыся найчасьцей праз тэлефон. Сур’ёзную падрыхтоўку ён атрымліваў з 13 да 15 гадоў у Амэрыцы: Цяцерын паехаў туды працаваць і ўзяў Уладзімера з сабой. Але Ваўчкоў лічыць, што беларуская тэнісная база павінна быць у Менску.

Расейцы ня выйшлі на выніковую прэс-канфэрэнцыю і толькі ў панядзелак па тэлефоне павіншавалі беларускую каманду зь перамогай. А некалі, у 2000-м, Ваўчкоў выступаў на Ўімблдоне ў форме Сафіна... І сэнсацыйна добра выступіў. Нават Аляксандар Лукашэнка віншаваў яго праз пасла Вялікай Брытаніі. Прасіў перадаць, што асабіста прыедзе на гульню, калі Ваўчкоў выйдзе ў фінал. Тады Ўладзімер ня даў яму такой магчымасьці. Затое цяпер была магчымасьць засьвяціцца перад фотакамэрамі разам з героямі й нават узнагародзіць іх за перамогу над Расеяй. Тэнісісты напэўна былі б больш удзячныя, калі б якасьць корту была лепшая. Тое, што пабаяліся выказаць беларусы, адкрыта вымавіў Сафін: пакрыцьцё траўманебясьпечнае, занадта сьлізкае. Трыбуны праверылі на моц, а падлогу не дадумаліся...

«З пункту гледжаньня паліттэхналёгіі пад купалам манэжу ўсё рабілася пісьменна», — іранізуюць naviny.by з нагоды тэрміновага прыезду туды Лукашэнкі. Палітоляг Віталь Сіліцкі жартам раіць кіраўнікам апазыцыі, што з Рыгі перамясьціліся ў Вашынгтон, «масава купляць білеты на чвэрцьфінал Кубку Дэвіса». «Частка айчынных апазыцыянэраў пакутуе комплексам савецкага дысыдэнцтва, — наракае ён. — Бачыць сытуацыю выключна ў духу тэзы «спорт — зброя таталітарызму» — значыць бачыць ня ўсю праўду». Сп.Сіліцкаму можна запярэчыць, што рэдка маем у нашай частцы сьвету прыклады (прыгадваецца толькі латвійская баскетбалістка Сямёнава), каб вядомы спартовец далучыўся да дэмакратычнага нацыянальнага руху. Ці таму, што спартоўцы някепска зарабляюць, ці таму, што яны «грамадзяне сьвету», ці праз адсутнасьць палітычнага мысьленьня. Затое спартсмэны — сапраўдныя каталізатары нацыянальнага пачуцьця.

Тэнісіста ў прэзыдэнты

Тэнісісты ўраз сталі надзвычай папулярнымі ў краіне. Форум open.by, у якім удзельнічаў Мірны, не вытрымліваў колькасьці наведнікаў. Макс адказаў на пытаньне, ці пагадзіўся б ён стаць прэзыдэнтам Беларусі: «Не. Надта я люблю тэніс і далёкі ад палітыкі». Затое ён марыць пра сцэнічную кар’еру: «Са мной займаюцца такія прафэсіяналы, як Анатоль Ярмоленка зь «Сяброў», Ілья Пеўзнэр, тэнар Опэры, і Ксеня з татам. Сёе-тое ўжо запісалі, але пакуль усё сырое». А таксама вучыцца міжнароднаму праву ў БДУ: «Мы мусова спаткаемся з усімі студэнтамі-міжнароднікамі і іншымі ды пагаворым за жыцьцё». Пытаньне ад навучэнкі Коласаўскага ліцэю пра лёс установы Мірны праігнараваў. Увогуле, Мірны, які ад 13 гадоў жыў у Амэрыцы, адказваў на пытаньні вельмі па-амэрыканску. Гэты цыбаты дзяціна, які за сваю кар’еру зарабіў ужо 4 мільёны даляраў, бясконца дзякаваў усім-усім — ад мэра Паўлава да прыбіральшчыц — за клопат пра тэніс.

З кожнай такой перамогай Беларусь перажывае ўсплёск нацыяналістычнага basic instinct. О так, «мы» паказалі «ім», што й мы ня зломкі. Падобна чэхі ў 1969-м цешыліся хакейнай перамозе. У гэтым пачуцьці гонару за сваю нацыю няма нічога кепскага. Аднак і складаным яго не назавеш. Стваральным яно робіцца, толькі калі браць з Ваўчкова прыклад па-сапраўднаму — вучыцца пераўзыходзіць сябе. Што цяжэй, чым гукаць: «Як мы іх надралі!»

Вераніка Дзядок

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0