Расшыфроўка цялесных мэсыджаў

Тэнісісты за пару дзён ператварыліся ў агульнанацыянальны кіч.

Калі заўтра такі непрэстыжны занятак, як збор кардону, атрымае статус спартовай дысцыпліны і наш бомж зробіцца прызёрам сусьветнага турніру, ягоныя густы, хламіды і нават пах стануць прадметам жорсткай спрэчкі паміж аматарамі дзьвюх дактрынаў беларускага спорту. Афіцыйная прапануе разглядаць дасягненьні спартоўцаў як эманацыю посьпехаў лукашэнкаўскага курсу. Апазыцыйная — як бум нацыянальных сантымэнтаў.

У нядзелю БТ угледзела ў пераможнай позе Ваўчкова падзяку кіраўніку дзяржавы і акт «расейска-беларускага» пхай-пхай, радыё «Свабода» — прарыў нацыяналістычнага лібіда праз «звыш-Яно» каляніяльнай сьвядомасьці. Naviny.by пішуць, што дэмакраты пакінулі палітычны корт, аднак асабіста я не сустракаў ніводнага, хто б казаў: «Чуў, чувак, як нашы слаўна сябравалі з расейскімі тэнісістамі на былы ўік-энд?» Увесь сьвет непаліткарэктна кажа: «Нашы апусьцілі мас…лёў».

Магчымай рэакцыяй уладаў можа быць выпуск спэцыяльнага мэтадычнага даведніка «Як перамагаць расейскіх спартоўцаў». Футбалістам будзе прадпісана, забіўшы гол братам па славянскай расе, ня бухацца ад шчасьця на зямлю, равучы: «Ну што, адс...аў?!» Наадварот, усёй камандай складаць зь целаў надпіс на полі: «Няхай жыве расейска-беларускі саюз і газ па цэнах пятага ўнутранага поясу!»

Нацыяналісты ж могуць і далей шукаць у паводзінах Мірнага й Ваўчкова мікраманіфэстацыі апазыцыйнасьці. Можна скласьці зборнік для расшыфроўкі цялесных мэсыджаў Мірнага. Напрыклад, плявок можа значыць «Пляваць хачу на Луку», а адкрытая пяцярня — заклік: «Галасуй за кандыдатаў Народнай кааліцыі 5+».

Чыстымі пераможцамі ў барацьбе за сымбалічны капітал перамогі аказаліся не палітыкі, а панкі. Яны даўно пакутавалі на дэфіцыт аб’ектаў для эпатажу. Тэнісісты за пару дзён ператварыліся ў агульнанацыянальны кіч. Скандальныя імправізацыі на тэму зробяць нашу багему абсалютнымі парыямі. Чакаю ад Жыбуля паэму «Я люблю глядзець, як кульгае Ваўчкоў», а ад Вішнёва — палатно «Максім Мірны даведваецца, што ён падхапіў ВІЧ».

За справу.

Лёлік Ушкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0