Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб’яднаньне (ВБА) ўсталявала сёлета новую нямецкую лінію для вырабу высакаякаснай пражы з бавоўны. Новая прадукцыя ўжо атрымала высокую адзнаку на выставе тэкстылю ў Франкфурце.

2,5 млн эўра на закупку лініі дала дзяржава, а акупіцца абсталяваньне павінна за пяць гадоў. Калі будзе працаваць на поўную магутнасьць, перапрацоўваючы 800 т бавоўны за месяц. Аднак летась фабрыка перапрацавала за год толькі 8 тыс. тон — гэта 60% магчымасьці прадпрыемства. Дый 80% перапрацаванае прадукцыі склала давальніцкая — калі замоўца прывозіць сыравіну на перапрацоўку, а пасьля забірае.

Пража зараз будзе каштаваць таньней за расейскую, таму 300 т штомесяц згодная набываць Баранавіцкая тэкстыльная фабрыка, зацікавіліся і замежнікі. Аднак кіраўніцтва ВБА ламае галаву, за якія грошы купіць бавоўны: адзін вагон каштуе каля 70 млн рублёў. А аб’яднаньне мае вялізныя пазыкі.

Мадэрнізацыя цэху прынесла і яшчэ адну праблему. Лінія цалкам аўтаматызаваная. Пытаньне аб звальненьні паўстае перад амаль тысячай чалавек. Гэтага кіраўніцтва найбуйнейшай баранавіцкай фабрыкі пакуль не афішуе. Сярэдні заробак на аб’яднаньні адзін з найменшых у горадзе — 180 тыс. руб.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0