Нядаўняму газаваму канфлікту паміж Расеяй і Беларусяй сродкі масавай інфармацыі давалі ўзаемавыключальныя тлумачэньні. Расейцы былі схільныя бачыць корань усіх бедаў у элемэнтарнай непрыстойнасьці беларускага кіраўніцтва, якое не заключыла новага кантракту з «Газпромам», пайшло на крадзеж чужой уласнасьці і вымусіла Крэмль на рашучыя захады. Расейскія аналітыкі падмацоўвалі гэтае тлумачэньне развагамі пра страшную неэфэктыўнасьць беларускай эканамічнай мадэлі, якая заганяе беларускае кіраўніцтва ў тупік. Яны таксама намякалі, што ціск на Лукашэнку выкарыстоўваецца Крамлём напярэдадні расейскіх прэзыдэнцкіх выбараў для таго, каб заваяваць прыхільнасьці лібэральна настроеных расейскіх выбарцаў, якім Лукашэнка агідны, а Пуцін пакуль нямілы, але якія ўсё-такі могуць за Пуціна прагаласаваць, калі правільна паставіць справу.
Беларускія камэнтатары ўспрымалі канфлікт у залежнасьці ад сваіх ідэалягічных прыхільнасьцяў. Некаторыя зь іх папросту напаўнялі расейскія тлумачэньні мясцовым калярытам. Аглядальнік інтэрнэт-рэсурсу «Наше мнение» Андрэй Суздальцаў тлумачыў крызыс ценявой прыватызацыяй беларусамі «Белтрансгазу»: калі на пачатку лютага Міхаіл Касьянаў дазнаўся, што адзін працэнт акцыяў «Белтрансгазу» быў цішком спрыватызаваны працоўным калектывам і невядомымі мінарытарнымі акцыянэрамі, яму нічога не заставалася, як закруціць вэнтыль.
Другія бачылі за ўсім гэтым падкопы антыбеларускіх сілаў і агрэсію супраць нашай маладой незалежнасьці. З выказваньняў дэпутата Касьцяна можна было зрабіць выснову, што гэтыя сілы даўно праніклі ў Крэмль.
Трэція, а такіх была большасьць сярод журналістаў недзяржаўных расейскамоўных выданьняў, тлумачылі крызыс тым, што культурную, цывілізацыйна вышэйшую Маскву не задавальняе грубы і прыцісклівы беларускі лідэр зь сялян. Адсюль крыўды, канфлікты і псыхалягічная неўраўнаважанасьць.
Палітыка і парнаграфія
Як гэта часта бывае зь беларускай ці расейскай палітычнай аналітыкай, яна перш-наперш выяўляе культурныя, палітычныя або эканамічныя ідэалы саміх аналітыкаў, а не рэальныя прычынна-выніковыя сувязі рэальнага жыцьця. Адным з такіх ідэалаў, які старанна назвязваецца расейскімі палітычнымі камэнтатарамі і іх тутэйшымі падпяваламі, зьяўляецца ўяўленьне пра Маскву як пра галоўнага дэмакратызатара на прасторах СНД, што вядзе газавыя і іншыя войны ў імя трыюмфу дэмакратыі.
На жаль, яно мае мала супольнага з рэальнасьцю. На расейскіх штыхах трымаюцца самыя адыёзныя рэжымы на постасавецкай прасторы — прыднястроўскі Ігара Сьмірнова або абхаскі Ўладзіслава Ардзінгбы (нядаўна ў Абхазіі пачаўся голад, і Расея паслала туды эшалён з збожжам). Каб задаволіць свае геапалітычныя інтарэсы, расейцы ішлі на распальваньне грамадзянскіх войнаў у былых рэспубліках СССР і зьвяржэньне дэмакратычна выбраных урадаў (Азэрбайджан, Грузія, Таджыкістан), падтрымлівалі сэпаратысцкія рухі і тэрытарыяльнае расчляненьне новых незалежных дзяржаваў (Малдова, Азэрбайджан, Грузія). Сёньня Крэмль аказвае ўсебаковую інфармацыйную, палітычную й эканамічную падтрымку прагніламу і карумпаванаму рэжыму Леаніда Кучмы. І нарэшце, пра сапраўдную вартасьць гэтага ўяўленьня гаворыць той факт, што, згодна зь міжнароднымі ацэнкамі, на прасторы СНД цяпер не існуе ніводнага рэжыму, які б можна было назваць дэмакратычным з пункту гледжаньня адпаведнасьці заходнім стандартам дэмакратыі.
Чаму Крэмль вітае і нават заахвочвае палітычную і эканамічную стагнацыю ў краінах СНД? Таму, што існаваньне ізаляцыянісцка настроеных рэжымаў на гэтай прасторы, у якіх не выконваюцца мінімальныя дэмакратычныя стандарты, пануе прававое бязьмежжа і экстэнсіўныя падыходы да эканомікі, забясьпечвае расейскай палітыцы і бізнэсу асаблівыя правы і магчымасьці. Здаровы заходні, а не афшорны або спэкуляцыйны капітал у такія дзяржавы не ідзе, таму падмацаваны палітычнымі гарантыямі і вайсковымі базамі расейскі бізнэс аказваецца тут у цяплічных умовах. Бо пра сумленную канкурэнцыю з заходнім капіталам ня можа быць і гаворкі. Расейцы з задавальненьнем купляюць нафтапрацоўчыя комлексы, як ва Ўкраіне, або цеплаэлектрастанцыі, як у Армэніі.
Такім чынам працуе прымітыўны мэханізм канвэртацыі палітычнага ўплыву ў эканамічныя дывідэнды ўва ўмовах штучна стрымліванай канкурэнцыі. Зь цягам часу гэта яшчэ больш прывязвае былую рэспубліку СССР да колішняй мэтраполіі і адрывае ад рэшты сьвету.
Да чаго імкнецца Расея
Калі Расея зацікаўлена ў росквіце ў Беларусі аўтарытарызму, то чаму 18 лютага Пуцін так строга пакараў Лукашэнку?
Вэрсія, што за парушэньне няпісаных правілаў гульні — я табе палітычнае прыкрыцьцё і скрытыя датацыі, ты мне ласыя кавалкі сваёй эканомікі, — не вытлумачвае вастрыні канкрэтнага моманту. Чаму гэта здарылася менавіта цяпер, а не на год раней ці пазьней?
У нас многа сказана пра непадатлівасьць канкрэтных кіраўнікоў «Белтрансгазу» ў перамовах з «Газпромам» і недагавараздольнасьць усяго беларускага кіраўніцтва. Шмат гаворыцца пра спэцыфічнае разуменьне абодвума бакамі паняцьця «нацыянальных інтарэсаў» і груз узаемных прэтэнзіяў. Аднак па-ранейшаму па-за ўвагай застаецца аналіз эвалюцыі расейскай эканамічнай палітыкі апошніх гадоў у дачыненьні да краін СНД.
Неўзабаве пасьля прыходу на прэзыдэнцкую пасаду Ўладзімера Пуціна расейскі ўрад пачынае пры дапамозе яго льготнага падаткаабкладаньня заахвочваць экспарт расейскага капіталу ў краіны СНД, а таксама дамагацца большай адкрытасьці іх рынкаў для расейскіх таваравытворцаў. У якасьці праваднікоў эканамічнай экспансіі ў краіны «блізкага замежжа» ён ужывае буйныя напаўдзяржаўныя фірмы накшталт «Газпрому». Характар ключавых эканамічных рашэньняў і стыль мысьленьня пуцінскіх эканамічных дарадцаў гэтай пары недвухсэнсоўна сьведчыць, што Крэмль вырашыў зарабляць на СНД, а не раздаваць эканамічныя датацыі ўзамен на палітычную ляяльнасьць. У Крамлі нарэшце зразумелі, што й палітычнай ляяльнасьці той ці іншай краіны СНД дабіцца значна прасьцей, калі стратэгічныя пляцдармы ў яе эканоміцы ўжо захоплены.
На гэты час, 2001—2002 г., прыпадаюць першыя беларуска-расейскія скандалы. Яны былі выкліканыя зусім не заклапочанасьцю Расеі захаваньнем у Беларусі правоў чалавека, а тым, што беларускі рынак па-ранейшаму заставаўся слаба пранікальным для расейскага капіталу.
Аналіз цяперашняга вітка напружанасьці ў беларуска-расейскіх дачыненьнях паказвае, што апэтыты расейцаў растуць, тым часам як пазыцыя лукашэнкаўцаў мала зьмянілася. Расейцы цяпер хочуць дыктаваць свае правілы ў галіне фінансавай і фіскальнай палітыкі (увядзеньне адзінай валюты паводле расейскага сцэнару, уніфікацыя падатковых ставак і г.д.), кантраляваць транзыт тавараў празь Беларусь, г.зн. беларускую мытню, асноўныя каналы транспартнай камунікацыі (чыгунку, трубаправоды), энэргетычную сыстэму, высокапрыбытковыя сэктары прамысловасьці. Экстрапалюючы беларускі досьвед на ўсе постсавецкія краіны, можна зрабіць выснову, што на нашых вачах ізноў адбываецца круты паварот расейскай эканамічнай палітыкі ў дачыненьні да краін СНД.
Новая расейская эканамічная палітыка
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў перад Крамлём будзе стаяць адна эканамічная звышзадача — падвоіць расейскі ВУП. У сьвятле апошніх праграмных рашэньняў пуцінскай адміністрацыі вельмі сумнеўна, што яна будзе дасягнута вылучна экстэнсіўнымі мэтадамі, г.зн. павелічэньнем здабычы і экспарту мінэральнай сыравіны, іншых тавараў зь нізкай даданай вартасьцю. Лёгіка гэтых рашэньняў, у тым ліку газавы шантаж Беларусі, паказвае, што стаўка зроблена на стымуляваньне інтэнсіўнага росту расейскай эканомікі, у прыватнасьці прамысловасьці.
Складаньне палітычных ці эканамічных прагнозаў — рэч няўдзячная, таму мы абмяжуемся апісаньнем толькі тых прынцыпаў новага эканамічнага курсу Крамля ў дачыненьні да краін СНД, якія вымалёўваюцца ўжо цяпер. Крэмль будзе рабіць усё, каб эканомікі СНД стымулявалі эканамічны рост у самой Расеі, а менавіта:
— забясьпечваць устойлівы доступ расейскіх вытворцаў тавараў і паслуг на ўнутраныя рынкі краін СНД. Сукупны рынак гэтых краін сваёй ёмістасьцю амаль роўны ўнутранаму расейскаму. І хаця плацежаздольнасьць і структура спажывецкіх прэфэрэнцый іх жыхароў істотна розьніцца, няхітрыя арытмэтычныя падлікі паказваюць, што гэты кірунак эканамічнай экспансіі можа даць расейскаму бізнэсу сур’ёзныя дывідэнды;
— стымуляваць экспарт расейскага капіталу ў краіны «блізкага замежжа». Напаўразбураныя, структурна дэфэктыўныя эканомікі СНД маюць масу нявыкарыстаных і незапатрабаваных інтэлектуальных, працоўных і вытворчых рэсурсаў, якія можна змусіць запрацаваць пры дапамозе інвэстыцый. Зазначым, што эканамічныя аб’екты ў СНД рэдка цікавяць расейскі бізнэс самі па сабе. Найчасьцей ім наканавана ўключыцца ў якасьці структурнага зьвяна ўва ўжо існыя фінансава-прамысловыя групы і працаваць на расейскую эканоміку;
— гарантаваць расейскаму бізнэсу аднолькавыя рамачныя ўмовы для гаспадарчай дзейнасьці на тэрыторыі СНД. Дамагацца жорсткай уніфікацыі фінансавай, падатковай, транспартнай, мытнай, заканадаўчай і г.д. палітыкі краін СНД.
Канцавой мэтай цяперашняй крамлёўскай адміністрацыі зьяўляецца стварэньне зоны эканамічнай інтэграцыі з жорсткім інстытуцыянальным афармленьнем, г.зн. адзінай валютай, юрыдычнай базай і рамачнымі ўмовамі гаспадараньня, накшталт Эўрапейскага Зьвязу. Толькі ад апошняга гэтую зону будзе адрозьніваць эканамічная несувымернасьць яе ўдзельнікаў і, як вынік, прывілеяванае становішча расейскага капіталу. А эканамічны рост якой-небудзь Беларусі або мадэрнізацыя яе эканомікі будзе цікавіць яго ў апошнюю чаргу.
Пабачыць, ці стане эканоміка СНД дэ-факта працягам расейскай эканомікі, мы зможам ужо скора.
Чаму Лукашэнка адказаў так моцна
Скандальны адказ Лукашэнкі на расейскі газавы шантаж 19 лютага быў галоўнай тэмай навінаў у Расеі, Польшчы і Беларусі. Даводзілася чуць галасы, якія тлумачылі гэтую эскападу глыбокім крывадушшам беларускага прэзыдэнта, які сумяшчае паказное халуйства перад Масквой з унутранай нянавісьцю да яе. Маўляў, вось яно і вылезла вонкі.
Я б хацеў прапанаваць пару думак, што тлумачаць беларуска-расейскі крызыс фактарамі, якія выходзяць за межы псыхалягічных комплексаў і абстрактных эканамічных праграм.
Тлумачэньне першае. Самымі дагавараздольнымі з расейскага пункту гледжаньня зьяўляюцца палітычна самыя слабыя прэзыдэнты краін СНД, гатовыя паглыбляць структурную залежнасьць эканомікі сваёй краіны ад Расеі ўзамен за расейскую палітычную падтрымку. Беларускае грамадзтва пакуль не ўвашло ў фазу эканамічнага крызысу, таму беларускі прэзыдэнт кажа расейцам усё, што хоча.
Тлумачэньне другое. Лукашэнка вось ужо дзесяць гадоў гуляе на расейскім палітычным полі. З кім толькі ён ні ўступаў у кантакты за гэты час — і з расейскімі губэрнатарамі, зь сілавікамі, нацыянал-патрыётамі і акадэмікамі. Пры хворым Ельцыну такія кантакты прынамсі талераваліся, пры энэргічным і самаўладным Пуціну яны ўспрымаюцца як выклік расейскай дзяржаве. Адсюль адключэньне газу — апошні сымбалічны акт у справе выгнаньня Лукашэнкі з расейскай сыстэмнай палітыкі, які выклікаў у яго глыбокае ўзрушэньне і нават злосьць.
Тлумачэньне трэцяе, эканамічнае. Беларусь самая палітычна і эканамічна інтэграваная з Расеяй краіна СНД. Зусім натуральна, што менавіта тут, на пярэднім рубяжы інтэграцыі, першымі адчулі, што расейцы кардынальна мяняюць правілы гульні. Таксама зразумела, што Лукашэнку і яго паплечнікам не падабаецца, калі іх краіна выкарыстоўваецца як палігон для апрабацыі новых расейскіх падыходаў да былых братніх краін. Калі гэтае тлумачэньне мае прагнастычную сілу, трэба чакаць, што расейцы захочуць паставіць Беларусь на калені, каб даць пераканаўчы ўрок усім палітычным лідэрам краін СНД: супраціў бессэнсоўны.
Тлумачэньне чацьвертае, папулісцкае. Справядліва заўважана, што Лукашэнка заўсёды чуйна прыслухоўваецца, што гаворыць і чаго хоча беларускі народ. Дзесяць гадоў таму яго эліта, беларускі дырэктарат, хацела толькі аднаго: разбурыць мяжу з Расеяй, аднавіць разарваныя гаспадарчыя сувязі і заваяваць расейскі рынак. За дзесяць гадоў дырэктарат працьверазеў, звыкся зь беларускай незалежнасьцю і цяпер страшна баіцца, каб сюды не прыйшоў расейскі капітал і не павыганяў яго з наседжаных месцаў. Гэтыя страхі ўмела падаграваюць беларускія протаалігархі, якія ўспрымаюць нацыянальную незалежнасьць Беларусі як абавязковую ўмову для стабільнасьці свайго бізнэсу. Такім чынам, Лукашэнка сьмела ідзе на канфлікт з Крамлём, бо адчувае, што за ім народ.
Тлумачэньне пятае. Усе цудоўна ведаюць, што Лукашэнка заклапочаны сваёй палітычнай будучыняй. Ён і ўся яго адміністрацыя толькі і думаюць, як арганізаваць яго элегантнае пераабраньне на трэці тэрмін. Летась яны нарэшце знайшлі былі такі спосаб. Меркавалася, што, калі адобраны беларускім і расейскім прэзыдэнтамі канстытуцыйны акт саюзнай дзяржавы будзе вынесены на рэфэрэндум, у беларускія бюлетэні для галасаваньня будзе дадзена пытаньне пра падаўжэньне тэрміну паўнамоцтваў Лукашэнкі. Але расейцы пачалі торг, апатэозам якога быў газавы спэктакль 18—19 лютага. Раз вы плюнулі на нашы папярэднія дамоўленасьці, падумаў беларускі прэзыдэнт, я плюну на вас саміх. І плюнуў.
На карысьць гэтай вэрсіі гавораць шматлікія адзнакі таго, што Лукашэнка сам ішоў на абвастрэньне канфлікту. Значыць, яго падштурхоўвала нейкая абсалютная матывацыя. Калі Лукашэнкам рухала воля да трэцяга тэрміну, гэта азначае, што пакуль Расея ня дасьць надзейных гарантыяў сваёй нэўтральнасьці на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 г., любы мір зь ёй будзе толькі замірэньнем. У такім выпадку чакаем эскаляцыі канфлікту.
Тлумачэньне шостае. Лукашэнка — унікальны прэзыдэнт, а Беларусь — вынятак з агульнага правіла, што на постсавецкай прасторы выбары існуюць толькі для таго, каб афармляць пераемнасьць улады. У 1994 г. у Беларусі да ўлады прыйшоў палітык, які ня меў намэнклятурнага мінулага і кліенцкіх абавязкаў перад сваімі закуліснымі патронамі. Складнікамі яго посьпеху былі палітычны папулізм, ідэалягічны эклектызм і здольнасьць выказваць свае думкі на даступнай вуліцы мове. На ўзроўні сваёй аратарскай манеры Лукашэнка й цяпер застаецца палітыкам вуліцы, якая й прывяла яго на вяршыню ўлады. Таму няма нічога дзіўнага, што ў сваіх палітычных прамовах ён ня робіць асаблівага адрозьненьня паміж якім-небудзь Пуціным і якім-небудзь Пётухам.
Ці мае Лукашэнка будучыню
Тутэйшыя і маскоўскія аналітыкі асабліва агрэсіўна навязваюць дзьве ідэі. Адна зь іх разглядае нашу эканоміку як надзвычай адсталую, другая пераконвае нас, што Крэмль мае досыць сродкаў у сваім распараджэньні, каб дыктаваць сваю палітычную волю ўсім рэжымам «блізкага замежжа».
Абедзьве яны зьяўляюцца гранямі аднаго вялікага постімпэрскага міту, які нараджаецца на нашых вачах. Гэты міт настойвае на звышпаўнавартасьці Расеі і непаўнавартасьці ўсіх сумежных зь ёй тэрыторый. Для яго папулярызатараў любыя «мясцовыя» эканомікі блякнуць перад веліччу расейскай эканамічнай магутнасьці, а рука Масквы прасьціраецца на сушу, ваду і калязямную прастору.
Аднак, калі меркаваць па ўзроўні аплаты працы, наша эканоміка застаецца адной з самых эфэктыўных у СНД. Сярэдні беларус зарабляе ўдвая больш за сярэдняга ўкраінца. Па велічыні заработнай платы мы прайграём Расеі і Казахстану, але апярэджваем усе іншыя краіны СНД, эканамічны дабрабыт якіх не грунтуецца вылучна на экспарце сыравіны. І што самае важнае, наша эканоміка збалянсаваная для ўнутраных патрэб, а нацыянальная эканамічная палітыка ўнікае нэакаляніяльнага эканамічнага партнэрства.
Нядаўні газавы шантаж — гэта толькі лякальны эпізод буйнамаштабнага канфлікту нацыянальных інтарэсаў Беларусі і Расеі, які тлее ўжо некалькі гадоў. Ён яшчэ раз упэўніў нас, што Беларусь і Расея маюць уласныя і глыбока міжсобку адрозныя шляхі да эканамічнага росту і матэрыяльнага дабрабыту. І пакуль Лукашэнка будзе так адстойваць нашы нацыянальныя інтарэсы хаця б у эканамічнай сфэры, ён будзе мець палітычную будучыню.
За незалежнасьць трэба змагацца. Не бывае незалежнасьці лёгкай.
Валер Булгакаў