Што адчуваеш, калі Беларусь пакідае сапраўдны патрыёт сваёй-тваёй любай Бацькаўшчыны? Якія пачуцці ўзнікаюць, калі гэта твой родны брат, твой знаёмы ці сябра, а можа проста невядомы табе аднадумца?

Адчуваеш пустэчу і страту, нібы Ён ад’язджае назаўсёды. Яшчэ адна жывая душа пакідае першую калону, якая насуперак усяму кожны момант рушыць наперад да праўды і волі.

Адчуваеш безвыходнасць, бо ты застаешся адзін на адзін са сваімі праблемамі, адзін на адзін са сваёй Беларуссю. Можа потым твой розум усвядоміць, што вакол цябе ўсё так жа змагаюцца з існуючым становішчам твае сябры і блізкія, але зараз ты, замкнёны на сабе, адчуваеш нават здраду. Я ўпэўнены, табе будзе потым сорамна за гэтае пачуццё, і ўсё ж ткі адно пытанне засела ў тваёй галаве: “Чаму Ён вымушаны быў з’ехаць з Беларусі?”

Гэта неразуменне хутка пройдзе, бо ты разумееш, што жыццё па-за межамі Беларусі толькі наблізіць Яго да Радзімы, навучыць Яго сапраўднай любові да родных мясцін. Надзея на тое, што Ён атрымае больш грунтоўныя веды і прыедзе прыстасоўваць іх тут ніколі не пакіне цябе.

Адчуваеш амаль фізічны боль, і хочацца плакаць, але ты мужны і не можаш сабе дазволіць гэту слабіну; тым больш вакол людзі, якіх хвалюе толькі, дзе і як пажраць ды паспаць – іх не турбуе твой уласны стан. Гэта не віна кожнага з іх – гэта хвароба ўсяго грамадства.

За табою па слядах ідзе страх: “А што калі ўсе свядомыя беларусы пакінуць цябе?” Але ты з лёгкасцю можаш адкінуць гэтую боязь, бо дух БЕЛАРУШЧЫНЫ не пакіне цябе ніколі: дух Вітаўта, дух Каліноўскага, дух Купалы – непераможны дух беларускай зямлі, нашай зямлі!

Нарэшце, ты пачуеш падвоеную адказнасць. Ён перадаў табе паўнамоцтвы на тое, каб ты зараз за дваіх змог абараняць свой край ад няпраўды, дурасці ды ганьбы. Нясі гэты крыж годна, дружа, і ведай: я заўсёды з табою!

Юрась Бусел

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0