1 ліпеня ў горадзе Брно стартуе чарговы — 8‑ы па ліку — фэстываль «Месяц аўтарскага чытаньня», найбуйнейшы літаратурны фэстываль у Чэхіі. Ганаровымі гасьцямі фэстывалю з замежжа сёлета стануць беларускія літаратары. Штодня на працягу ўсяго ліпеня на сцэне славутага тэатра «Husa na provázku» («Гусь на канаце») будуць адбывацца дзьве літаратурныя сустрэчы — з адным беларускім госьцем і з адным чэскім пісьменьнікам, гэта значыць, што агулам за месяц сваю творчасьць аматарам прыгожага пісьменства прадставіць 60 аўтараў, зь іх — 30 беларускіх. Гэта, бадай, першая такая буйная прэзэнтацыя сучаснай беларускай літаратуры ў сьвеце.

Сярод беларускіх удзельнікаў — гранды айчыннай літаратуры (Уладзімер Арлоў, Алесь Разанаў, Уладзімер Някляеў), выбітныя аўтары сярэдняй генэрацыі (Леанід Дранько‑Майсюк, Пятро Васючэнка, Ігар Бабкоў, Барыс Пятровіч), зоркі і зорачкі маладзейшага пакаленьня (Андрэй Хадановіч, Альгерд Бахарэвіч, Андрэй Курэйчык, Ільля Сін, Вольга Гапеева, Вера і Віктар Жыбулі…).

Апроч літаратараў непасрэдна зь Беларусі, удзел бяруць і беларускія аўтары зь Беласточчыны (Надзея Артымовіч, Міра Лукша, Міхал Андрасюк, польскамоўны Ежы Плютовіч), а таксама «праскія беларусы» (Макс Шчур, Аляксандар Лукашук, Ян Максімюк, Сяргей Абламейка). Сьпевамі праграму ўразнастаяць Лявон Вольскі ды Віктар Шалкевіч.

Сярод чэскіх удзельнікаў — такія велічыні, як Яхім Топал, Міхал Вівэг, Віёла Фішарава, Арношт Голдфлам, Павал Когаўт, Марцін Райнэр, Богдан Трояк ды іншыя.

Усе вечарыны будуць трансьлявацца ў рэжыме on‑line на старонцы www.autorskecteni.cz! Тамсама можна знайсьці і ўсю падрабязную інфармацыю пра фэстываль «Месяц аўтарскага чытаньня».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?