Падчас пошуку словаў для абазначэньня новых прадметаў побыту часьцяком узьнікаюць дзьве крайнасьці: або бязбожна калькуюцца расейскія назвы, або выдумляюцца лексэмы, якія кепска прыжываюцца ў мове. Вось і паўстаюць з аднаго боку «вілка» й «разэтка», а зь іншага — «тычка» і «лычка».

Маўленчая практыка вымагае кампраміснага варыянту. Асноўнае значэньне расейскага слова «вілка» — сталовы прыбор. На падставе падабенства гэтак сталі менаваць прыстасаваньне з раздвоеным канцом. Паводле лёгікі, найбліжэйшы беларускі адпаведнік — «відэлец». Але ў нашай мове ёсьць больш зграбнае слова: «вілкі», пры дапамозе якіх вымаюць зь печы чыгункі. Чаму не карыстацца гэтым словам для абазначэньня электрычнай прылады?

Што да «разэткі», то ня будзе вялікай трагедыі, калі мы ня знойдзем дарэчнага адпаведніка. Бо ня кожнае запазычанае слова можна перарабіць на свой капыл. Сёньня наўрад ці каму заманецца перабеларусіць такія запазычаньні, як «ланцуг», «фарба», «дах», бо мы зь імі даўно зжыліся. Ёсьць вэрсія, што нават «сьвятая сьвятых» «бусел» — слова татарскае. Ня варта барацьбу за чысьціню мовы даводзіць да абсурду.

Іншая рэч, калі мы, маючы ўласныя словы, зь нейкіх прычынаў іх ігнаруем. Сп.Заякоць паставіў слушнае пытаньне што да адрозьненьня між «шурупом», «винтом» і «болтом». Акадэмічныя слоўнікі «винт» і «шуруп» перакладаюць адным словам — «шруба». Каб адрозьніваць, прапаную ўвесьці дадатковы прыметнік. Пагатоў, такія спалучэньні існуюць у мове («вярба» і «ніцая вярба»). Такім чынам, «винт» — «шруба», а «шуруп» хай завецца «вострай шрубай». Таксама варта вярнуць да жыцьця слова «ніт» («болт»), якое акадэмічныя слоўнікі сьпісалі былі ў «архіў». Зь яго вынікаюць цалкам натуральныя вытворныя: «зьнітаваць», «зьнітаваньне», «узяць на ніты». «Баранчыкі» можна перайменаваць на «вушкі», формаю дужа падобныя.

Няцяжка знайсьці свае адпаведнікі і для сантэхнікі. «Зьмеепадобную сушылку для ручнікоў» можна назваць паводле галоўнай прыметы: «зьмейка». Немілагучны «зьмешвальнік» досыць лёгка ператвараецца на «зьмяшальнік». Найболей сынонімаў мае, бадай, самае папулярнае сантэхнічнае прыстасаваньне — ад грувастка-паэтычнага «фаянсавага помніка ахвярам рэжыму чалавечага страўніка» (Віктар Жыбуль) да больш простых: «клязэт», «таўчок», «гаршчок», «белы». Варыянтаў безьліч.

Відавочны русізм «кораб» (або «каробка») па-наску гучыць як «пушка».

Слова «дамок», прапанаванае спадаром Касьцюкевічам для абазначэньня «хаткі» для лямпачкі, не пазбаўленае цікавасьці. Але ж ці трэба цурацца слова «патрон»? У мове яно існуе. Апроч таго, «хатка» для лямпачкі сапраўды выдае на патрон. Аднак з патрыятычных меркаваньняў няцяжка прыдумаць паводле формы рэчы адмысловае беларускае мяно. Да прыкладу, «ступка». Ці «кубак». Або «чарка», «кілішак» (дзеля большага калярыту). Каб лямпачка не сумавала, не абмінём і яе. Хай «цокаль» будзе «напарсткам», а «колба» — «шклянкаю». Цалкам дарэчным я ўважаю слова «калодка». Ёсьць жа ў нашай мове «калода». Хай будзе й «калодка» (тая ж калода, толькі маленькая).

Валянцін Бойка, Мазыр

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0